
“Страцім вёску – страцім дзяржаву. Яе проста не стане”.
Аляксандр Лукашэнка
Родны кут, зямля бацькоў, зямля, дзе чалавек зрабіў першыя крокі. Яна заўсёды мае сваю асаблівую прывабнасць, чароўную сілу…
У сённяшнім нумары мы распачынаем новы праект пад назвай “Зямля і людзі”, у якім будзем падрабязна знаёміць вас, шаноўныя чытачы, з нашымі прыгожымі сельскімі мясцінамі, з нашымі таленавітымі, душэўнымі людзьмі, будзем распавядаць, якім чынам вырашаюцца праблемы людзей сяла, як свой давер сярод іх апраўдваюць дэпутаты ўсіх узроўняў, якімі клопатамі жывуць дэлегаты Усебеларускага народнага сходу.
У цэнтры ўвагі – Ліпнішкаўскі сельсавет.

Агульная справа яднае
Хварэе душой за справу – менавіта так можна сказаць пра старшыню Ліпнішкаўскага сельвыканкама Яніну Бузар. Крыху больш за 13 гадоў назад яна ўзваліла на свае жаночыя плечы клопаты аб самым вялікім сельсавеце раёна. Аб паспяховасці яе дзейнасці сведчыць тая абставіна, што Ліпнішкаўскі сельсавет не аднойчы прызнаваўся пераможцам абласнога спаборніцтва сярод сельсаветаў Гродзеншчыны.

Што б я магла без людзей?! – некалькі разоў падчас гутаркі падкрэслівае Яніна Бузар. – Пашчасціла, што разам са мной працуюць і жывуць добрасумленныя, працавітыя людзі, якія стараюцца зрабіць свой край, сваю малую радзіму прывабнай, здатнай для жыцця. Насамрэч, дзякуючы іх старанням і актыўнай грамадскай пазіцыі, мясцовая ўлада мае добрую падтрымку. І ў такім цесным узаемадзеянні нам удаецца рэалізоўваць шматлікія ініцыятывы, карысныя справы.
Яніна Уладзіміраўна ў якасці прыкладу прыводзіць месца адпачынку ў аг. Ліпнішкі, якое ўжо другі год запар добраўпарадкуецца сіламі мясцовых жыхароў. На месцы былой пустэчы было вырашана спачатку высадзіць Алею герояў. Да ўдзелу ў прыгожай патрыятычнай акцыі прыцягнулі дэпутатаў мясцовых Саветаў, навучэнскую моладзь, кіраўніцтва раёна. Пазней да добраўпарадкавання сталі падключацца мясцовыя жыхары, якія дзяліліся саджанцамі кустарнікаў і дрэўцаў, дапамагалі з пасадкай і доглядам.
Вельмі кранальна прайшло яшчэ адно мерапрыемства ў будучым новым скверы. Сюды прыйшлі маладыя сем’і разам са сваімі дзецьмі і таксама ўнеслі свой уклад у азеляненне мясцовасці. На кожнае сямейнае дрэўца павесілі таблічку з фаміліяй, а затым даглядалі, каб саджанцы раслі і дужэлі. Вясной бягучага года да добраўпарадкавання сквера прыклалі руку дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі раённай улады, лідары грамадскіх арганізацый. Яніна Уладзіміраўна запэўнівае, што на гэтым справа не закончана. Яшчэ шмат планаў, шмат задумак.

– Хочацца, каб гэта месца палюбілася ліпнішкаўцам, каб сюды прыходзілі сем’ямі, адпачывалі, любаваліся прыгажосцю, – разважае старшыня мясцовага сельвыканкама. – Важна яшчэ і тое, што агульная справа аб’ядноўвае. Ведаеце, мне было вельмі прыемна бачыць, як сям’я дырэктара мясцовай школы прыйшла ў поўным сваім складзе і займалася пабелкай маладых дрэўцаў. Душа радуецца і за тое, як жыхары вуліцы Дружбы аг. Ліпнішкі па ўласнай ініцыятыве высадзілі дрэўцы на вуліцы, стараюцца ўтрымліваць яе ў належным стане. Так яно павінны быць. Дзяржава бярэ на сябе вялікую нагрузку ў такіх пытаннях, аднак без удзелу кожнага з нас дабіцца добрых вынікаў вельмі цяжка.

Яніна Уладзіміраўна з задавальненнем называе фаміліі актывістаў мясцовага грамадскага жыцця: сем’і Марыі і Генадзя Борка, Таццяны Зянюк і Наталлі Мікулка і іншых.
Старшыня мясцовага сельвыканкама не без гонару зазначае, што да брэндавага свята “Ліпнішкаўскія сенакосы” папрыгажэў яшчэ адзін парк у аграгарадку. Ён знаходзіцца ў раёне сельгастэхнікі. Была адноўлена сцэна, з’явіліся новыя лаўкі для гледачоў. Усё гэта намаганнямі дэпутата мясцовага Савета, дырэктара ААТ “Іўеўская сельгастэхніка” Генрыка Кантара.

І зіма будзе салодкай…
Адным з вялікіх плюсаў у арганізацыі работы сацыяльнай службы Яніна Бузар лічыць знаходжанне ў Ліпнішках стацыянарнага сацыяльнага пункта, які працуе тут ужо дванаццаць гадоў. Яго ўзначальвае інспектар па асноўнай дзейнасці ТЦСАН Таццяна Зянюк. Дваццаць адзін сацыяльны работнік абслугоўвае 177 пажылых, адзінокіх людзей і інвалідаў, якія пражываюць у 19 населеных пунктах.


– Дзякуючы рабоце гэтай службы, ёсць вялікая ўпэўненасць у тым, што ні адзін чалавек, які апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, не застанецца сам насам са сваімі праблемамі, – разважае старшыня мясцовага сельвыканкама. – Такім чынам выратавана не адно чалавечае жыццё. Таму працуем у цеснай счэпцы.
Сацыяльныя работнікі па роду сваёй дзейнасці маюць цесныя стасункі з людзьмі, ведаюць іх праблемы і пажаданні. Дзесьці патрэбна замяніць вулічны ліхтар, ці дарога не расчышчана ад снега або маюцца праблемы з гандлёвым абслугоўваннем – сацработнікі аб усіх праблемах раскажуць старшыні. І вырашэнне іх не заставіць сябе чакаць.
На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца дзве сацыяльныя ўстановы – аддзяленне для кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту у в. Некрашы і дом самастойнага сумеснага пражывання ў аг. Цэнтральная, які размяшчаецца ў будынку былога дзіцячага садка. Зрэшты, сюды мы і накіраваліся, каб сваімі вачыма ўбачыць, як цячэ жыццё-быццё ў пастаяльцаў установы.
Нагадаем, што дом самастойнага сумеснага пражывання — не інтэрнатная ўстанова, дзе людзі знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. У добраўпарадкаванай кватэры ці доме жыхары самастойна распараджаюцца сваімі грашыма, вядуць хатнюю гаспадарку. За знаходжанне ў доме самастойнага сумеснага пражывання жыхары нясуць расходы па аплаце камунальных паслуг і паслуг сацыяльнага работніка.


На прадукты і іншыя агульныя патрэбны ўсе жыхары робяць узнос з пенсіі кожны месяц. Прадукты набываюцца кожны дзень, усё купляецца свежае і рыхтуецца па-дамашняму. Увосень робяць нарыхтоўкі, марынуюць, соляць агуркі з памідорамі.
– Адзін з галоўных плюсаў такой ідэі — бяспека пражывання старых і інвалідаў, – зазначае Яніна Уладзіміраўна.
Усіх пяцярых пастаяльцаў у чаканні абеду мы засталі за праглядам тэлевізара. З кухні даносіліся прыемныя пахі. Кругом чысціня і ідэальны парадак, шмат пакаёвых кветак, утульна і прыгожа. Мы з задавальненнем прайшліся па пакоях і пагутарылі з тымі, хто знайшоў сабе прытулак сярод людзей з няпростым лёсам.
Перш чым расказаць пра свой лёс, Часлаў Іосіфавіч Гойдзь спрабуе нас пачаставаць яблычным варэннем, якое ўласнаручна прыгатаваў на зіму. Адкрывае слоік і дзеліцца рэцэптам стравы. Гаворыць, што любіць гатаваць, заўсёды займаецца гэтай справай, калі ёсць магчымасць.

– Нам тут добра, – расказвае мужчына. – Разам лягчэй жыццё жыць. Спраўляцца з бытавымі праблемамі дапамагае сацыяльны работнік. Мы таксама стараемся не сядзець без справы. Выконваем невялікія работы на тэрыторыі. Цяпер лета: прыгажосць наўкол, большую частку вольнага часу праводзім на свежым паветры.
Практычна з першага дня адкрыцця дома самастойнага сумеснага пражывання знаходзіцца тут Святлана Анатольеўна Бараноўская. Расказвае, што жыць адной ёй было няпроста.Складаная жыццёвая сітуацыя вымусіла шукаць прытулак у дзяржавы. І яна вельмі ўдзячна, што ёсць такая магчымасць для людзей, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах.

– Жывём мірна, дзелімся адзін з адным, сталі за гэты час амаль роднымі, – расказвае Святлана Бараноўская. – За ўсё хочацца сказаць словы падзякі сацыяльнаму работніку Таццяне Віктараўне Кашкевіч і ўсяму кіраўніцтву.
Не зайсці яшчэ ў адну установу ў аг. Цэнтральная мы не змаглі. Гэта Галімшчанскі фельчарска-акушэрскі пункт. Знаходзіцца ён у тыповым будынку амаль 100 квадратных метраў плошчай. На абслугоўванні знаходзяцца 565 жыхароў з 13 вёсак. Добрыя умовы для работы і для пацыентаў. Такім можна пахваліцца не кожная медустанова на сяле.
Тым больш адносна нядаўна да будынку быў падведзены прыродны газ, што значна паўплывала на функцыянаванне ўстановы ў зімовы перыяд.
– Раней у нас быў кацёл на цвёрдым паліве, і ў зімовы час, здаралася, што ў пакоях было халаднавата. Дзякуючы намаганням старшыні райвыканкама Ігара Мікалаевіча Генца цяпер у нас цёпла. Вялікім плюсам з’яўляецца і тое, што ў кожным пакоі ёсць гарачая вада, – расказвае фельчар Тарэса Вайцехаўна Смушко, якая працуе тут больш за 25 гадоў.



Між іншым, кіраўнік мясцовай улады Яніна Бузар зазначае, што аг. Цэнтральная – другі па колькасці насельніцтва населены пункт пасля Ліпнішак. Тут пражывае 264 чалавекі. І большая частка – людзі працаздольнага ўзросту.
Заслужаны давер
Надзейнай падтрымкай старшыні сельвыканкама з’яўляюцца старасты. Усяго ў Ліпнішкаўскім сельсавеце іх 26. Гэта людзі, якія карыстаюцца аўтарытэтам сярод сваіх землякоў, яны – былыя настаўнікі, работнікі медыцыны ці культуры, а галоўнае – праблемы аднавяскоўцаў іх хвалююць чуць не больш, чым свае хатнія клопаты. Здараецца так, што яны ахвяруюць увагай родных, нічога не патрабуюць узамен, акрамя падзякі сяльчан.
Старшыня сельвыканкама Яніна Бузар называе імёны і прозвішчы самых актыўных стараст. Гэта Яніна Іванаўна Астрэйка (в. Новая Жыжма), Ганна Імпалітаўна Петрыман (в. Вігушкі), Антаніна Міхайлаўна Пясецкая (в. Малыя Князікоўцы), Наталля Аляксееўна Лазоўская (в. Гаўя), Іван Іванавіч Гецэвіч (аг. Ліпнішкі).
Да кагорты такіх апантаных людзей належыць стараста аг. Цэнтральная Галіна Лявонцьеўна Гудовіч, якая, будучы на заслужаным адпачынку, працягвае сваю працоўную дзейнасць выхавальнікам дзіцячага сада аг. Ліпнішкі і мае яшчэ адну грамадскую нагрузку старшыні ветэранскай арганізацыі Ліпнішкаўскага сельсавета.

Большая частка яе працоўнай біяграфіі звязана з работай загадчыцы дзіцячага сада ў аг. Цэнтральная. Тут яна працавала з першага дня адкрыцця дашкольнай установы і да таго, пакуль садок не зачыніўся па прычыне малой колькасці наведвальнікаў.

Яе вялікі вопыт работы з людзьмі, з сем’ямі, з дзецьмі не застаўся незапатрабаваным. Цяпер у ролі старасты вёскі яшчэ як спатрэбіўся. Жанчына дапамагае старшыні вырашаць не толькі агульныя, але і асабістыя праблемы вяскоўцаў. Нярэдка праблемы ўзнікаюць праз асацыяльны лад жыцця. Але як пакінуць земляка ў бядзе, нават калі ён спатыкнуўся? Не, гэта не па-чалавечы, лічыць Галіна Лявонцьеўна. Яна стараецца ім дапамагаць спраўляцца са шкоднымі звычкамі, правільна размяркоўваць сямейны бюджэт, каб хапіла на харчаванне, даваць карысныя парады па вядзенні хатняй гаспадарцы і многае іншае.
– Галіна Лявонцьеўна карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод вяскоўцаў. Каб цябе паважалі, патрэбна самой трымаць высокую планку, – распавядае Яніна Бузар. – І гэтую планку стараста аг. Цэнтральная з кожным разам падымае ўсё вышэй. У яе адмысловы парадак на прысядзібным участку, яна знойдзе агульную мову с любым чалавекам. І вельмі важна тое, што да яе парадаў прыслухоўваюцца. Карацей кажучы, людзі ёй давяраюць.
Галіна Гудовіч упэўнена, што кожная вёска – гэта маленькая сям’я. І трэба клапаціцца пра кожнага члена сям’і, сумесна вырашаць праблемы,быць згуртаванымі і неабыякавымі.

Сама Галіна Лявонцьеўна ўжо аднойчы была гераіняй публікацыі ў раёнцы. І менавіта па прычыне таго, што была занесена на раённую Дошку гонару як ініцыятыўны, актыўны стараста вёскі. Яшчэ тады даведаліся, якім няпростым шляхам жанчына прайшла, каб усталяваць сваё жыццё годна і шчасліва. Цяпер сваім рэцэптам шчасця яна з вялікім задавальненнем дзеліцца з іншымі. Бо кожная парада – гэта ўласны вопыт. Інакш, як можна раіць тое, праз што не прайшоў сам?!

Не прадаецца хата бацькоў
Гэта радкі з папулярнай песні вядомага беларускага гурта вельмі трапна падыходзяць да цяперашніх жыхароў маленькай лясной вёскі Лосеўцы, якія не далі знікнуць з карты вёсцы сваіх бацькоў. На самой справе ўсе яны жыхары г. Ліды. У Лосеўцах засталіся іх бацькоўскія хаты, якія яны, насупраць часу, нявыгаднаму месцаразмяшчэнню вырашылі ажывіць у памяць аб сваіх продках.

Яніна Уладзіміраўна Бузар, не хаваючы кранальных інтанацый, распавядае, што душа радуецца, калі яна трапляе ў гэтую вёску.
– Тут нават дыхаецца па-іншаму, – гаворыць жанчына. – Тут цёпла, утульна і добра ад неверагоднай шчырасці людзей, якія дружна жывуць, дружна падтрымліваюць парадак у вёсцы. Яны не давалі скаціцца на дно ад адзіноты і непрыстасаванасці да жыцця мясцоваму жыхару, падтрымлівалі яго, дапамагалі. Прыемна, што яны клапоцяцца, каб на вуліцы быў парадак, заўсёды ўсе абкошана, двары ў кветніках. Карацей кажучы, вёска жыве.
Між іншым, давайце пазнаёмімся са шчырымі і гасціннымі жанчынамі. Яніну Іванаўну Бурбліс мы засталі за чысткай грыбоў. Яна толькі вярнулася з лесу і мае добрыя трафеі ціхага палявання.

– Ведаеце, якія ў нас мясціны прыгожыя, багатыя прыроднымі дарамі, – хваліцца жанчына. – Тут наша Бацькаўшчына, тут прайшло наша маленства і юнацтва. Калісьці мы паехалі з роднай вёскі ў пошуках лепшай долі. Наведваліся да бацькоў пакуль яны жылі, а затым хаты апусцелі. Спачатку стала неяк сцішна, душа балела, што бацькоўскія старанні прападуць дарэмна. Захацелася, каб хата жыла, тым больш, часу цяпер вольнага шмат, мы з мужам пенсіянеры.


З другога двара, пачуўшы звонкую гаворку, падыходзіць да нас Крысціна Яўгенаўна Карабач.

– Як пакінуць хату сваіх бацькоў?! – прадаўжае тэму жанчына. – Мы прыязджаем сюды ў красавіку і ў канцы кастрычніка толькі выязджаем у горад. Тут у нас ціха, прыгожа, добра. Садзім агарод, ходзім у лес за грыбамі-ягадамі. Кожную нядзелю ездзім у касцёл у Ліпнішкі. Там і ў краму папутна сходзіш, прадукты неабходныя купіш. І больш нічога нам не трэба.
У Тарэсы Казіміраўны Карабач муж з Лосеўцаў. Спачатку меркавала, што праводзіць час ў глухой вёсачцы не будзе. А затым, сцвярджае, што палюбілася усім сэрцам гэта мясцовасць і яе прыемныя суседзі.

У абазначаную тэму Яніна Уладзіміраўна прыводзіць нядаўнія словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на свяце ў Александрыі, які сказаў пра малую радзіму вельмі кранальныя і цёплыя словы: “Калі ты прыходзіш на сваю родную зямлю, ты як быццам акунаешся ў іншы свет. Гэта сапраўды, не нібыта, гэта іншы свет. Ты прыходзіш да сваіх вытокаў, тут табе лепш, прасцей. І літаральна за суткі ты становішся здаровым, моцным, як і раней у тыя часы, калі ты хадзіў па гэтай зямлі. Ты вельмі хутка аднаўляешся».
Тады ж кіраўнік дзяржавы заклікаў беларусаў, расіян і украінцаў аб куплі за грошы, за капейкі невялікіх участкаў у так званых неперспектыўных сёлах. “Вы ведаеце, што вёска ў нас выратавана. Мы будуем больш за паўтары тысячы аграгарадкоў, ужо вызначана, дзе яны будуць. У нас засталіся сярэднія і зусім маленькія вёсачкі, дзе раней жыло шмат людзей, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта ж выдатныя месцы, цуда месцы. Яны не павінны загінуць — вось гэтыя сярэднія вёсачкі, маленькія. А хто іх адновіць, хто іх захавае? Мы з вамі!»


Добра, што ў апошні час гараджане павярнуліся тварам да вёскі, прадаўжае тэму Яніна Бузар. Другое жыццё атрымалі вёскі Сонтакі, Дарашы, Андрушкі.
Тым не менш ёсць і тыя дамы, якія страцілі сваіх гаспадароў, прышлі ў заняпад. За апошні час у Ліпнішкаўскім сельсавеце ў рэестр пустуючых дамоў занесена такіх 8. Тры дамы, якія ўжо не маюць шанцаў на другое жыццё, знесены. Адзін – выстаўлены на продаж за адну базавую велічыню.
– Мы вельмі задаволены, калі людзі купляюць такія дамы, – працягвае тэму Яніна Бузар. – Значыць, там паступова будзе зроблены парадак, значыць, дом ажыве. А калі прыходзіцца зносіць будынак, неяк сумна робіцца на душы. Калісьці тут жылі людзі, будавалі гэты дом, недасыпалі начамі, стараліся, каб было тут добра і ўтульна…

Яніна Уладзіміраўна расказала, што вялікая работа праводзіцца са спадчыннікамі, каб яны не пакідалі сваё роднае на водкуп часу. Ёсць такія вёскі, дзе жыццё назіраецца толькі летам. Бо там жывуць адныя дачнікі. Калі яны прыязджаюць, старшыня клапоціцца, каб падключылі вулічнае асвятленне. І радуецца, як ажывае акруга, як наваколле напаўняецца дзіцячымі галасамі і смехам.


Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына Лысагор.
Кірыл Маціфейчык (фота).






