Наша жыццё становіцца прагматычным, заснаваным на рэалізме і дзелавых адносінах. Але і ў сучасных пакаленняў падлеткаў па-ранейшаму існуе імкненне да мары і рамантыкі, як натуральная ўзроставая патрэба. Шырокія ўмовы для рэалізацыі гэтай патрэбы ствараюцца ў час ваенна-патрыятычнай змены “Нашчадкі Перамогі”, якая з 22 ліпеня распачалася ў аздараўленчым лагеры “ГрынПарк” на базе Трабскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.

Зацікаўленыя ідэяй сюжэтна-ролевай гульні “Дарогамі Памяці”, удзельнікі змены актыўна асвойваюць ваенную справу, якая ўключае вывучэнне гісторыі і традыцый Беларускай арміі, тактычнай, страявой і медыцынскай падрыхтоўкі. Усё жыццё ў лагеры падпарадкавана пэўнаму “вайсковаму” парадку: фіззарадка, ранішняе пастраенне, пад’ём Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь пад гукі Дзяржаўнага Гімна. Пасля сняданка адбываецца развод на навучальныя заняткі ШМА(школы маладога армейца).

Уся дзейнасць лагернай змены “Нашчадкі Перамогі” праходзіць у цесным супрацоўніцтве з воінскім падраздзяленнем “Сурвілішскі пагранпост”, музеямі Рэспублікі Беларусь. Хто з хлапчукоў не марыць патрымаць у руках сапраўдны аўтамат, паглядзець сапраўдную дрэсіроўку пагранічных сабак? Экскурсія на пагранпост не пакінула абыякавым нікога. Завяршылася сустрэча сумеснай акцыяй “Навечна ў памяці народнай” па навядзенні парадку на кургане Славы ў в.Сурвілішкі, дзе пахаваны воіны 24-й Самара-Ульянаўскай Жалезнай стралковай дывізіі, якая на працягу пяці дзён з 25 па 29 чэрвеня 1941 года трымала абарону на лініі фронту Трабы – Сурвілішкі.

Лагічным працягам сустрэчы ў Сурвілішках стала экскурсія ў кіналагічны цэнтр органаў пагранічнай службы ў г.Смаргонь. Менавіта гэты кіналагічны цэнтр з’яўляецца вядучым вучэбным падраздзяленнем у вобласці служэбнага сабакаводства ва Ўсходняй Еўропе і краінах СНД.



Падлеткі зацікавіліся службай кінолагаў і нават выявілі жаданне ў будучым звязаць свой лёс з пагранічнай службай.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Рамуальда Махнач, намеснік дырэктара лагера “ГрынПарк”.






