7 і 8 ліпеня — слаўныя даты ў гісторыі Іўеўшчыны. Менавіта гэтымі днямі 80 гадоў таму наша малая радзіма была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наша зямля ў той вайне нацярпелася асабліва: яна абмытая не толькі крывёй байцоў, але і слязамі жанчын, якія хавалі мужоў, бацькоў, якія хавалі дзяцей. Ваявалі нашы дзеды і прадзеды, а ўжо наш абавязак — захаваць памяць аб іх гераізме, стойкасці і адвазе. Пакуль мы памятаем сваіх герояў, яны жывыя.
Перад пачаткам вызвалення Беларусі партызаны атрымалі загад пра дапамогу Чырвонай арміі. Партызаны Іўеўшчыны ў першыя дні ліпеня 1944 года расчышчалі завалы на дарогах, гацілі балотныя дарогі, будавалі драўляныя масты праз Заходнюю Бярэзіну і яе прытокі.

У сучасных межах Іўеўшчыны пастаянна дыслакаваліся тры партызанскія брыгады і два асобныя атрады партызанаў. На час іх сустрэчы з Чырвонай арміяй 6-7 ліпеня 1944 года колькасны асабовы склад быў такім: брыгада «Няўлоўныя» (камбрыг А. Марозаў) налічвала 1132 партызаны, брыгада «Уперад» (камбрыг Б. Булат — Герой Савецкага Саюза) мела 471 чалавек асабовага складу, брыгада імя А. Неўскага (камбрыг А.Байкоў) складалася з 391 партызана; спецатрад «Слаўны» (камандзір маёр А. Шастакоў, затым — К. Мадзей) меў 315 чалавек, і атрад «Балтыец» (камандзір І. Пралыгін) налічваў у сваіх шэрагах 107 партызанаў. Такім чынам, усіх партызанаў на Іўеўшчыне налічвалася 2415 чалавек. Акрамя іх, часова дзейнічалі ў нашым раёне брыгада імя Дзяржынскага, імя Кірава і іншыя.
З першага па 6 ліпеня 1944 года ціхімі вечарамі і ранкам, а затым і дзённа на ўсходзе з кожным днём усё гучней і гучней чулася артылерыйская кананада. Лета было сухім, цёплым і сонечным. Дзесьці з 25 чэрвеня днём і ноччу з пэўнымі перарывамі з боку Трабаў у напрамку Юрацішак рухаліся абозы, пешыя вайскоўцы і цывільныя людзі, вайсковыя грузавікі, ляталі адзінкавыя самалёты, трымаючы арыенцір на чыгуначнае палатно.
Паміж Юрацішкамі і Іўем размяшчаліся партызанскія дазоры. 4 ліпеня каля вёскі Даўгердзішкі вечарам партызаны падарвалі эшалон з жывой сілай немцаў, бітком набітых у вагонах.

Вечарам 6 ліпеня 1944 года лінія фронту праходзіла па тэрыторыі Іўеўшчыны. Ад вёскі Магенцы з поўдня на поўнач праз Яхімаўшчыну на Брагі і Кавалі Трабскага сельсавета. Салдаты былі з трэцяга асобнага конна-механізаванага мабільнага гвардзейскага корпуса (35 тысяч) трэцяга Беларускага фронту, які на паўднёвай лініі размяжоўваўся з другім Беларускім фронтам (Бакшты — Лелюкі-Морына).
Тэрыторыя Іўеўшчыны ў 1944 годзе, як і ў 1941 годзе, мела надзвычай важнае стратэгічнае значэнне і вызвалялася двумя франтамі. Камандаваў корпусам вопытны палкаводзец генерал-лейтэнант Мікалай Сяргеевіч Аслікоўскі (1900-1971), які ўзначальваў дывізію яшчэ ў 1941 годзе і спыніў наступленне немцаў на Кашыру, што пад Масквой, а пасля вызваляў Смаленск, многія гарады і вёскі Беларусі. Ён Герой Савецкага Саюза. Наступленне корпуса пачалося раніцай 7 ліпеня. Шостая кавалерыйская дывізія ардэноў Суворава і Чырвонай Зоркі (камандзір генерал-маёр Герой Савецкага Саюза Павел Парфіравіч Брыкель) рухалася ад вёсак Кавалі і Брагі да шашы Трабы-Юрацішкі, каб адрэзаць адступленне нямецкага палка, заначаваўшага ў Трабах.


Вось як пазней успамінаў пра гэту падзею палкоўнік Мяркулаў:
«Гарадскі пасёлак не лічыўся чымсці ўмацаваным, але праціўнік моцна трымаўся за яго, бо адкрывалася дарога на Ліду і Гродна. Кароткі агнявы налёт па пяхоце і апорных пунктах праціўніка, абараняўшага ўсходнюю і паўднёва-ўсходнюю акраіны пасёлка, паслужылі сігналам для наступлення. Усё прыйшло ў рух і пайшло наперад. Агнявымі касякамі паляцелі міны «Кацюш». Фашысты аказалі супраціўленне з цэнтра Іўя, а з яго паўночна-заходняй акраіны біла варожая артылерыя».
Гвардзейскі націск быў настолькі дружным і моцным, што праз хвілін пятнаццаць з цэнтра пасёлка ўзвілася чырвоная ракета, якая сімвалізавала ўзяцце Іўя. Асабліва вызначыўся ў баі лейтэнант Штэйн, які камандаваў батарэяй «Кацюш».

Вечарам 7 ліпеня гвардзейцы спыніліся на начлег каля ракі Гаўя. Назаўтра, 8 ліпеня 1944 года, чырвонаармейцы вызвалілі Ліпнішкі, Суботнікі і іншыя населеныя пункты Іўеўскага раёна. Адступаючы, 8 ліпеня гітлераўцы спалілі Суботнікі. Такім чынам, вызваленне Іўеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў цягнулася тры дні — з 6 па 8 ліпеня 1944 года двумя Беларускімі франтамі — трэцім і часткова другім (Бакшты, Лежневічы, Лелюкі, Морына). 9 ліпеня нямецка-фашысцкія захопнікі выгнаны з Ліды, а 16 ліпеня — з Гродна. На гэтым слаўны і гераічны корпус генерала М.С. Аслікоўскага фактычна выканаў сваю місію вызваліцеля на Беларусі. Многія партызаны ўліліся ў рады Чырвонай арміі, а кіраўніцтва брыгады «Уперад» і часткова яе байцы засталіся ў Іўі. У Юрацішках на адказных раённых пасадах засталіся ўсе кіраўнікі брыгады імя Аляксандра Неўскага, каб аднавіць міліцыю, грамадскія ўстановы, школы, бальніцы, жытло і гаспадарку.


Ірына БУТУРЛЯ.
Фота з кнігі «Памяць» і музея нацыянальных культур.
#Гродненская_область_80-летие_освобождения_Беларуси_от_немецко-фашистских захватчиков






