Экономика

“Цераз рэчку — стрункі-кладкі да аджытых хутароў…”. Зімовых строяў рыфмы Антона Піліпчыка

Незабыўныя  краявіды

Адлівае небам сінім

чысты-чысты першы снег.

Упіваюся вачыма

у прасцяг… 

І люба мне:

ў белі гай, крывулі-хаткі,

дым з абсмалкаў-каміноў,

цераз рэчку — стрункі-кладкі

да аджытых хутароў…

Гадаваўся й я між імі —

калыхаў дамок драўляны.

Змалку й мне дымок Айчыны

быў прыемны і духмяны…

… Чысты-чысты першы снег,

белым–белыя прасторы!..

І ўрачысты гімн ўва мне,

і — самоты мора…

* * *

Снег ідзе!..

Белы-белы…

Падалося ж мне:

злёгку ён сіні,

як зімою той

шлюбны твой

вэлюм —

ты ж пашыла

з блакіту

і інею!..

Снег ідзе!..

Столькі ў сэрцы 

пачуццяў,

што не можа яно 

схаладнець,

і міжволі 

зрываецца з вуснаў:

— Снег ідзе!..

Будзем, людзі,

глядзець…

* * *

Люблю зімовую пару —

бялынь ад краю і да краю…

На снегавы абрус ступлю —

нібыта кніжку адгарну

і казку дзіўную чытаю…

Зірну — так блізка небакрай!..

Здаецца, пырхну за аблокі,

дзе сонца — нібы каравай,

а ранак — хлопчык яснавокі.  

 

Плывуць хвілінкі…

Калыша ветрык змёрзлыя галінкі

чаромхі вутлай пад акном…

Жыцця — твайго й майго —

плывуць хвілінкі

ў свет, прыцярушаны сняжком…

А свет!.. Надзьмуты нейкі, грубы…

Нібыта гурбы снегавыя — губы…

Адным уздыхам ласкава б шапнуць

табе, адзінай, сэрцу майму любай:

— Заўжды са мною, 

мая радасць, будзь!.. 

 

Разлучаныя  завеямі

Рой гуллівых

матылькаў-сняжынак,

схаладнелыя твары людзей…

І – шнурочкі

зігзагаў-сцяжынак

між паслізгвання

беленькіх змей…

Між снягоў і завеяў

бязмэтна хаджу я —

што яшчэ застаецца рабіць? —

здрады жах,

як вар’ят, баражуе,

і пагляду твайго 

мне ніяк не злавіць…

 

Антон Піліпчык.