Зала Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу напоўнілася звонкімі дзіцячымі галасамі і чаканнем цуду. У рамках рэспубліканскага праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё!» тут адбылася прэм’ера спектакля «Кот наадварот», падрыхтаваная сіламі навучэнцаў і педагогаў тэатральнага аддзялення Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Нагадаем, што праект «Кожная пятніца — роднае, сваё!», нясе ў сабе важную дзяржаўную ідэю — ён заклікае беларусаў звярнуць увагу на айчыннага вытворцу, выбіраць тавары і паслугі, створаныя рукамі сваіх землякоў, падтрымліваць нацыянальную эканоміку і культуру. І творчасць юных іўеўчан — гэта якраз той самы якасны, душэўны і, безумоўна, «свой» прадукт, які выхоўвае густ з малых гадоў.

Перад тым як на сцэне разгарнулася асноўнае дзейства, да гледачоў — а імі сталі вучні пачатковых класаў гарадскіх школ — звярнулася Наталля Афоніна, настўнік тэатральнага аддзялення Іўеўскай ДШМ і рэжысёр пастаноўкі.
— Для вас будуць выступаць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія займаюцца на тэатральным аддзяленні ў нашай дзіцячай школе мастацтваў, — прамовіла Наталля Афоніна, прадстаўляючы юных артыстаў. — Вы ўжо знаёмыя з нашымі канцэртамі і выступленнямі, але сёння вы ўбачыце нешта асаблівае — прэм’еру спектакля. Мы паказваем яго ўсяго ў трэці раз. Гэта вельмі добрая гісторыя, і мы вельмі радыя, што ў нас ёсць магчымасць падарыць яе вам менавіта тут, на вялікай сцэне.
Глядзельная зала зрэагавала імгненна: як толькі заслона адкрылася і пачалася гісторыя незвычайнага ката, які жыве па сваіх правілах, у памяшканні запанавала ідэальная цішыня, якая час ад часу выбухала шчырым дзіцячым смехам. Юныя акцёры, многія з якіх рабілі толькі першыя крокі на прафесійнай сцэне, здолелі стварыць дзіўна ўтульную і жывую атмасферу. Спектакль атрымаўся дынамічным, яркім і, што самае важнае, абсалютна зразумелым.
Пасля фінальных акордаў зала выбухнула апладысментамі. Юныя гледачы не адпускалі артыстаў, а пасля завяршэння мерапрыемства навыперадкі дзяліліся эмоцыямі з настаўнікамі і бацькамі.

Варта адзначыць, што падобныя мерапрыемствы ў поўнай меры адлюстроўваюць дух праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё!». Бо дзіцячая школа мастацтваў дае паслугі ў сферы дадатковай адукацыі менавіта тут, на Іўеўшчыне, а сцэна Цэнтра культуры і вольнага часу становіцца той самай роднай пляцоўкай, дзе мясцовыя таленты дораць радасцьсваім людзям. Гэта і ёсць сапраўдны ўсвядомлены выбар на карысць свайго — якаснага, даступнага і зробленага з душой.








Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Ягор Шэмет.
Фота аўтара.






