Экономика

Радзімы малой не бывае! Як малады мужчына з Ліды натхняе морынцаў на ператварэнне роднага аграгарадка

Вёска жыве тады, калі яна напоўнена сваімі асаблівымі гукамі:стукам малатка, шахканнем касы, звонам вядра аб бетон студні і, канешне ж, людскімі галасамі. На жаль ці на шчасце, час не стаіць на месцы. Устарэлі гэтыя гукі, змяніліся на сучасныя, новыя, больш прагрэсіўныя. Але і яны нагадваюць пра няспыннасць жыцця, развіццё і росквіт асобнай хаты, вуліцы ці  вёскі ўвогуле.

Вось, здаецца, і наш асяродак (так здаўна называлі морынцы цэнтральную частку вёскі) ажыў, павесялеў, напоўніўся нейкай бадзёрасцю, калі малады мужчына, вадзіцель-міжнароднік з Ліды Віталій Унгур пачаў аднаўляць стары закінуты дом сваёй бабулі.

Я кожны дзень назірала са свайго падворка і дзівілася: адкуль у чалавека столькі спрыту, жадання працаваць і, канешне ж, умення. Здавалася, што ў яго ўсё атрымліваецца з неверагоднай хуткасцю. І вось, дзякуючы старанням гаспадара і яго сям’і, дом ператварыўся ў мілы куток, а яго двор упрыгожылі героі мультфільмаў, казак і нават рэальныя персанажы — даішнік з жэзлам ля плоту на вуліцы.

Гэтым летам у двары Віталія таксама актыўна стукаў малаток, звінела бензапіла, гудзеў міні-трактар. У кожную вольную ад працы хвіліну пад’язджаў мясцовы жыхар Сяргей Каранюк. Хутка на беразе Нёмана мужчынамі была выкашана вялікая пляцоўка, абкошаны і абгароджаны дубкі, якія некалькі гадоў таму пасадзіў таксама мясцовы жыхар Мікалай Конан. На беразе з’явіўся першы аб’ект для адпачынку — прыгожая, пафарбаваная ў жоўты колер лавачка. Ідэю Віталія падхапілі і іншыя мужчыны. Дзякуючы намаганням Валерыя і Сяргея Каранюкоў, Паўла Шчукі, Віктара Лобача, ля Нёмана з’явіліся валейбольная і дзіцячая пляцоўкі, месца для вогнішча, столік з лавачкай. Здавалася б, ужо ўсё ёсць — толькі адпачывай ды радуйся жыццю.

 Але ж не! Гэта не ў характары Віталія. Некалькі дзён на яго падворку было мнагалюдна. Адзін сусед змяняў другога, а часам збіраліся і ўсе разам. Я з цікавасцю назірала праз плот і не магла зразумець, што так доўга майструюць некалькі мужчын! На маё пытанне: «Што зноў задумаў?», — Віталік хітра ўсміхаўся і загадкава адказваў: «Сюрпрыз!».

Сюрпрыз сапраўды атрымаўся! 13 ліпеня, на дзень вёскі, можна было назіраць незвычайную карціну: на мотаблок была ўзвалена гаргара, якая цалкам не змяшчалася, і шасцёра мужчын неслі яе другую частку. Морынцы выходзілі да брамы, дзівіліся і не маглі здагадацца, што гэта будзе. А «працэсія» накіравалася да Нёмана. Доўга, аж да самага вечара, там кіпела работа. І во дзіва! У якасці падарунка на свята на беразе былі ўстаноўлены арэлі: высокія, моцныя, пафарбаваныя лакам — на вякі і для людзей. Адпачывайце, карыстайцеся — не шкода!

Годна і з вялікай удзячнасцю ацанілі задуму  Віталія вяскоўцы, дачнікі і нават турысты, якія выпадкова трапляюць у такое прывабнае месца. Гэты мілы куток на беразе Нёмана стаў ўлюбёным месцам адпачынку і для вясковых жанчын, якія часта сядзяць на лаўцы і пад пяшчотны плюскат хваль абмяркоўваюць пытанні не толькі «раённага маштабу, але і сусветнага амаль». І для дзяцей, якія з задавальненнем катаюцца на арэлях ці пякуць бабкі ў пяску. І для моладзі, якая можа бавіць час летнімі вечарамі пад агонь на правільна абсталяваным вогнішчы. А турысты могуць спыніцца, каб адпачыць ад доўгага сплаву і пагуляць у валейбол.

Вельмі цудоўна, што побач, па суседстве, жывуць такія людзі, прызначэнне якіх — ствараць, аднаўляць, упрыгожваць, а не разрушаць ці бурыць. Менавіта ім хочацца выказваць удзячнасць (думаю, са мной будуць згодны і іншыя землякі) за тое, што гэтыя мужчыны пад кіраўніцтвам Віталія Унгура сваім прыкладам стараліся ў год якасці ўнесці ўклад і паказаць усім нам, як патрэбна адносіцца да наваколля, да прыроды, да сваёй вёскі, да роднага кута. Бо Радзімы малой не бывае! Менавіта з гэтых, на першы погляд дробных учынкаў, і складаецца любоў да нашай вялікай Радзімы, нашай Беларусі!

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Людміла Каралевіч, 

жыхарка  г. Гродна.