Экономика

Выхаванцы аздараўленчага лагера “ГрынПарк” Трабскай СШ здзейснілі экскурсію па месцах памяці

Як боль і смутак той вайны 

стаяць у вёсках абеліскі. 

Героям, паўшым  без віны,

Вам аддаём паклон мы нізкі.

Помнікі не маўклівыя, яны не толькі стаяць на плошчах і ў парках – яны жывуць у нашай свядомасці, яны змагаюцца і абараняюць, сцвярджаюць ісціну, або клічуць на яе пошук. І толькі ад нас залежыць, наколькі доўгае будзе жыццё помнікаў, і як доўга будуць жыць у нашай памяці подзвігі нашых бацькоў і дзядоў. Іўеўскі раён адным з першых прыняў на сябе ўвесь цяжар ваеннага ліхалецця. Стыне кроў ад тых жахаў, якія адбываліся на тэрыторыі раёна ў 1941-1945 гадах. 

26 ліпеня выхаванцы ваенна-патрыятычнай змены “Нашчадкі Перамогі” аздараўленчага лагера “ГрынПарк” Трабскай сярэдняй школы здзейснілі экскурсію “Месцы памяці, гераізму і смутку Іўеўскага раёна”. Першы маршрут быў па лініі баёў 24-й Самара-Ульянаўскай  стралковай дывізіі: Трабы – Суботнікі.

Цікавай і змястоўнай была інтэрактыўная экскурсія  ў Зал Баявой Славы Іўеўскага музея нацыянальных культур. І самай балючай тэмай стаў “Генацыд”. 

Далей шлях ляжаў ва ўрочышча Стоневічы. Падлеткі ўпершыню наведалі гэта месца памяці і вялікага смутку. Адна справа, бачыць кадры на экране, і зусім іншая, трапіць у месца, дзе пад кожнай травінкай чуецца стогн і плач дзяцей, жанчын, састарэлых людзей, якіх жывымі закапалі фашысцкія нелюдзі. Далей ехалі моўчкі. Кожны, напэўна, яшчэ раз асэнсоўваў тое, што убачыў і пачуў.

Бакшты. Партызанскі край. Тут падлеткі наведалі брацкую магілу, дзе пахаваныя байцы атрада спецыяльнага прызначэння НКУС “Слаўны”, воіны дваццаць чацвёртай Самара-Ульянаўскай стралковай дывізіі, партызаны брыгад “Няўлоўныя” і імя Аляксандра Неўскага. Хвілінай маўчання ушанавалі памяць зажыва спаленых жыхарў вёсак Юраўскія і Кавалёвы. 

Незабыўныя ўражанні засталіся ў выхаванцаў пасля наведвання гістарычнай залы школьнага музея Бакштаўскай сярэдняй школы.

Апошняй на экскурсійным шляху стала брацкая магіла ў Цянюкаўшчыне. Выхаванцы навялі парадак ля помніка і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

Менавіта такія экскурсіі садзейнічаюць фарміраванню грамадзянскасці, патрыятызму, любові і павагі да Айчыны, цікавасці да  гісторыі мінулага сваёй краіны, сваёй малой радзімы.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Рамуальда Махнач, намеснік дырэктара лагера “ГрынПарк”.