Экономика

Бібліятэкі раёна 19 раз былі ў ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. У тым ліку — у гэтым годзе

За час існавання рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” 

бібліятэкі раёна 23 разы прымалі ў ім удзел, 19 з іх – выходзілі пераможцамі.

У гэтым годзе Іўеўская раённая бібліятэка таксама ў ліку пераможцаў ХХХІІ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. За рэалізацыю праекта “Беларускі чацвер” і стварэнне электроннага інфармацыйнага рэсурса “Беларускі чацвер. НеВядомая беларуская літаратура” ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” бібліятэка адзначана Дыпломам І ступені (загад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 ад 23 мая 2024 года).

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў  — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы Іўеўскай раённай бібліятэкі. 

Бібліятэкары знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых падыходаў у ажыццяўленні патрыятычнага выхавання. Каб павысіць якасць гэтай работы, забяспечыць яе мэтанакіраванасць і сістэматычнасць, зацікавіць дзяцей нацыянальнай літаратурай, гісторыяй і культурай, быў распрацаваны і рэалізаваны праект “Беларускі чацвер”. 

На працягу 2021-2023 гадоў работа ў межах праекта ладзілася па асобных накірунках: “Фальклорная мазаіка” (2021 г.), “Мы малюем Беларусь!” (2022 г.) і “НеВядомая беларуская літаратура” (2023 г.). 

Цыкл мерапрыемстваў “Фальклорная мазаіка” быў прысвечаны народнаму мастацтву беларусаў: вусна-паэтычнай творчасці, народным традыцыям, святам, звычаям і абрадам. Для дзяцей і падлеткаў праводзіліся гадзіны фальклору, вечары народных традыцый, фальклорныя пасядзелкі і г.д.

У межах праекта “Беларускі чацвер. Фальклорная мазаіка” было наладжана цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі г. Іўе, з аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

У 2022 годзе работнікамі бібліятэкі быў распрацаваны і праведзены цыкл “урокаў малявання” “Мы малюем Беларусь”. 

На працягу года пры дапамозе “палітры фарбаў” супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі разам з вучнямі 5-6 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы стваралі каляровы вобраз нашай краіны. 

Першае мерапрыемства ў межах праекта – урок “малявання” “Ясная, светлая, чыстая, пяшчотная, белая ‒ Беларусь!” было прысвечана беламу колеру. Чаму белы колер у беларусаў у пашане? Над гэтым пытаннем спрабавалі разважаць хлопчыкі і дзяўчынкі падчас мерапрыемства. 

Чарговыя ўрокі “малявання” блакітным і зялёным колерамі (“Беларусь з блакітнымі вачыма”, “Адчыні таямніцы роднага краю”) былі прысвечаны нацыянальнаму багаццю Беларусі – рэкам і азёрам, лясам і палям, жывёльнаму і расліннаму свету, дзяржаўным запаведнікам і заказнікам. У ходзе мерапрыемстваў вучні таксама пазнаёміліся з прыроднымі багаццямі Іўеўскага краю.

На жаль, у гісторыі нашай вялікай і малой радзімы ёсць і драматычныя, “чорныя” старонкі”. У ходзе ўрока “малявання” “Я родам не з дзяцінства – з вайны” дзеці разам з бібліятэкарам “малявалі” чорным колерам трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Размова ішла пра лёсы дзяцей ваеннай пары, пра гісторыю стварэння Іўеўскага сіроцкага дзіцячага дома. 

Падчас краязнаўчага падарожжа “Край свой родны абыду, скарбы розныя знайду”, якое было прысвечана жоўтаму колеру, удзельнікі мерапрыемства звярнулі асаблівую ўвагу на саломку – “беларускае золата”.

Чырвоны колер – колер гонару і пашаны, а беларускаму народу ёсць чым ганарыцца! Чарговы ўрок “малявання” пад назвай “Займай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” быў прысвечаны знакамітым людзям, мясцінам, падзеям нашай краіны і Іўеўшчыны. Напрыканцы мерапрыемства дзецям з дапамогай картак з QR-кодамі было прапанавана павандраваць па родным горадзе. Падчас падарожжа яны па-новаму адкрывалі для сябе звыклыя мясціны, міма якіх праходзілі кожны дзень, даведаліся малавядомыя факты пра г. Іўе.

Завяршыўся цыкл “Мы малюем Беларусь” выніковым мерапрыемствам пад назвай “Ганаруся табой, Беларусь!”.

Матэрыялы праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!” (сцэнарыі мерапрыемстваў, фотаздымкі, відэазапісы, рэкамендацыйныя спісы літаратуры і г.д.) сталі асновай для стварэння аднайменнага электроннага інфармацыйнага рэсурсу на сайце Іўеўскай раённай бібліятэкі (доступ па спасылцы: https://ivjebiblioteka.wixsite.com/website-1 ). Гэта метадычны дапаможнік для ўсіх, хто жадае выкарыстаць вопыт работы бібліятэкі ў рэалізацыі дадзенага праекта.

У 2023 годзе ў рамках праекта “Беларускі чацвер” быў праведзены цыкл мерапрыемстваў “НеВядомая беларуская літаратура” з мэтай папулярызацыі нацыянальнай літаратуры, раскрыцця яе “таямніц і загадак”, знаёмства з цікавымі фактамі з жыцця і творчасці беларускіх аўтараў.

У выніку рэалізацыі праекта распрацаваны і праведзены мерапрыемствы: кніжны куфар “Свет загадак і міфаў” (па творах Я. Баршчэўскага “Вужыная карона” і М. Багдановіча “Вадзянік”), бібліякарта “Покліч мінулых стагоддзяў” (па творах Ул. Бутрамеева “Славутая дачка Полацкай зямлі”, П. Броўкі “Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны” і інш.), літаратурны альманах “Чарадзейная сіла мастацтва” і іншыя. Да кожнага мерапрыемства былі створаны дадатковыя матэрыялы: анлайн-крыжаванкі, віртуальныя віктарыны, інтэрактыўныя гульні і іншыя. 

Завяршыўся цыкл мерапрыемстваў “НеВядомая беларуская літаратура” раённым конкурсам чытальнікаў беларускай паэзіі “Паэтычны зоркапад”.

На падставе матэрыялаў праекта супрацоўнікамі Іўеўскай раённай бібліятэкі быў створаны электронны інфармацыйны рэсурс “Беларускі чацвер. НеВядомая беларуская літаратура” і размешчаны на сайце Іўеўскай раённай бібліятэкі (доступ па спасылцы: https://ivjebiblioteka.simdif.com/).

У межах праекта “Беларускі чацвер” Іўеўскай раённай бібліятэкі прыняла ўдзел у абласных акцыях, конкурсах, чэленджах, у міжнароднай акцыі “Чытаем беларускую кнігу”, у сеткавай акцыі-чэленджы па стварэнні буклукаў (booklook) “Мая беларуская дзіцячая кніга” (па кнізе Н. Галіноўскай “У казачным лесе”), у дзiцячым конкурсе выканальнiкаў беларускай казкi (у межах III Мiжнароднага форума даследчыкаў беларускай казкi, якi арганiзоўвала Нацыянальная акадэмiя навук Беларусi).

Але асноўным станоўчым вынікам рэалізацыі праекта для супрацоўнікаў Іўеўскай раённай бібліятэкі стала сапраўдная цікавасць да пазнання вялікай і малой Радзімы і жывыя эмоцыі непасрэдных удзельнікаў – дзяцей і падлеткаў. 

У гэтым годзе Іўеўская раённая бібліятэка распачала разам з вучнямі 6 “В” класа гімназіі № 1 г. Іўе працаваць над новым творчым грамадска-патрыятычным праектам “КЛАСныя сустрэчы ў бібліятэцы”, які накіраваны на выхаванне ў дзяцей і падлеткаў пачуцця патрыятызму, любові да сваёй Радзімы, гонару за сваю краіну. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Вольга КЕПЕЛЬ,  бібліятэкар аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Іўеўскай раённай бібліятэкі.