Жизнь Культура и творчество О людях

Захавальніца народных традыцый, таленавіты майстар Алена Нехведовіч адзначыла юбілей

З нагоды 60-гадовага юбілею ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу ўшанавалі носьбіта элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі “Стравы з таркаванай бульбы — традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Гродзенскай вобласці”, актыўную удзельніцу клубаў майстроў «Скарбніца» і “Восеньскі ўзрост” Алену Нехведовіч. У рамках мерапрыемства была аформлена выстава “Прыгажосць сваімі рукамі”, дзе прадстаўлены работы майстра ў тэхніцы вышыўкі і выцінанкі.

Актыўную жыццёвую пазіцыю юбіляра, яе значны ўклад у захаванне і папулярызацыю культурных традыцый Гродзеншчыны адзначылі падзячным лістом  Іўеўскага цэнта культуры і вольнага часу.

Алена Нехведовіч – ураджэнка в. Ліпнішкі, пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы доўгія гады працавала ў сферы адукацыі. З 2017 года яна займала пасаду метадыста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў цэнтры культуры і вольнага часу. У 2021 годзе была  ўзнагароджана падзячным лістом Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў за добрасумленную працу, а ў 2023 годзе  яе фота ўпрыгожвала Дошку гонару Іўеўскага раёна.

Прыгатаванне страў, выпечка кандытарскіх вырабаў – любімая справа Алены Станіславаўны. Асабліва ўдаюцца гаспадыні стравы мясцовай кулінарнай традыцыі: наліванка, бабка, мачанка, калатуха, бліны, бульбяныя каўбаскі, смажанкі і інш. Бульбяныя аладкі, прыгатаваныя па сямейным рэцэпце, гаспадыня часта гатуе для сям’і, прапануе сваім гасцям. Так традыцыйна гатавала аладкі ( а-ля дранікі) яе бабуля — Браніслава Іванаўна  Захаркевіч. А навыкі рукадзелля Алена Станіславаўна пераняла ад маці. Яна расказала, што ў тыя часы ўсе дзяўчаты гатавалі сабе пасаг. Гэта быў працяглы і адказны працэс, які сімвалізаваў гатоўнасць дзяўчыны да сямейнага жыцця. Асноўную частку пасагу складалі вырабы, зробленыя ўласнымі рукамі: вышытыя ручнікі, пасцельная бялізна, абрусы, адзенне.

Увогуле, за што б ні бралася жанчына, усё ў яе атрымоўваецца выдатна. Пра такіх людзей кажуць – мае залатыя рукі.

На свяце  юбілярка прадэманстравала прыгатаванне бульбяных аладкаў , якія Алена Нехведовіч часта гатуе для сям’і і гасцей, захоўваючы традыцыі сваіх продкаў. Усе прысутныя мелі магчымасць не толькі ўбачыць, але і паспрабаваць смачную страву, што зрабіла вечар яшчэ больш запамінальным.

Галоўны сакрэт смачных аладкаў ад Алены Нехведовіч –  дадаць у цеста з цёртай бульбы часцінку сваёй душы і … крыху бульбянога пюрэ.Тады аладкі атрымоўваюцца пышнымі і мяккімі і доўга не губляюць колеру.

Хто яшчэ не спрабаваў  гэту бульбяную самкату, Алена Станіславаўна чакае на свяце касцоў “Ліпнішкаўскія сенакосы”, дзе ўжо пяць гадоў запар яна частуе ўсіх жадачых духмянай стравай.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Ірына Бутурля.

Станіслаў Зянкевіч (фота).