Пад такой назвай з 19 па 24 лютага прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Трабскай сярэдняй школе. Прадметны тыдзень заўсёды з’яўляецца яркай і запамінальнай падзеяй. Усе мерапрыемствы былі накіраваны на выхаванне паважлівых адносін да роднай мовы і культуры, на фарміраванне любові да сваёй Радзімы, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.

Цёплы, душэўны настрой надаў усяму тыдню першы дзень, які пачаўся з урачыстай лінейкі “Як ты дорага мне, мая родная мова!”. У гэты ж дзень вучні 11 класа прынялі ўдзел у квэст-гульні “Не проста ў словы я гуляю” і прадэ-манстравалі высокі ўзровень ведання роднай мовы і літаратуры. “Славутыя сыны сваёй зямлі” — такую назву мелі інфармацыйныя гадзіны ў 1-11 класах, на якіх вучні пашырылі веды пра выдатных асоб беларускай зямлі.
Нельга было прайсці міма і сярод розных выставаў і прэзентацый. “Пісьменнікі-юбіляры 2024 года”, “Кнігі-юбіляры 2024 года”, прэзентацыя беларускіх рэцэптаў “Гатуем па-беларуску”, віншавальныя паштоўкі “Пажа-данні роднай мове”, прэзентацыя інтэрактыўнага воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску” — усё прыцягвала ўвагу і выклікала цікавасць.
Аказалася, што не так проста для вучняў 5-6 класаў адкрываюцца таямніцы родных слоў, якія былі прадстаўлены ў выглядзе рэбусаў і віктарыны “Пазнай фразеалагізм”. Перамога за шасцікласнікамі! Юныя мастакі таксама прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў “Літаратура ў малюнках”.

А колькі досціпу, жартаў было на інтэлектуальных гульнях-конкурсах “Сваімі словамі”, “Слабае звяно”, “Ці ведаю я сваю Радзіму?”, “З роднай мовай на ты”. Задаволеныя і вясёлыя твары гульцоў, іх шчаслівыя вочы і шчырыя ўсмешкі гаварылі пра неабыякавасць да лёсу роднай мовы.
Дадаў новых фарбаў тыдню Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага. У школе ён прайшоў пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. З самага ранку акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску” аб’яднала ўсіх. Настаўнікі, вучні, работнікі школы, госці паказалі добрае веданне беларускай літаратуры, фольклору, роднай мовы. Затым жадаючыя змаглі прыныць удзел у Гродзенскім абласным дыктанце “Сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў”, які быў прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і праверыць свае веды па арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы.
“Я хаце абавязаны прапіскаю…” — такую назву мела наступнае мерапрыемства ў гэты дзень. Конкурс чытальнікаў твораў Аркадзя Куляшова, прымеркаваны да 110-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, сабраў вучняў 8-11 класаў. Удзельнікі выразна чыталі на памяць вершы, урыўкі з твораў класіка. Мерапрыемства спрыяла выхаванню цікавасці да творчасці мастака слова, роднай літаратуры, развіццю творчых здольнасцей. Вызначаны пераможцы і ўзнагароджаны граматамі.

22 лютага эстафету падхапіў рэспубліканскі конкурс “Буслік”. Яго ўдзельнікі — аматары і знаўцы беларускай мовы. Спадзяёмся, што нашы вучні паказалі добрае веданне роднай мовы.
Завяршыўся тыдень літаратурна-музычнай вечарынай “З любоўю да роднага слова”. Гучалі вершы, песні на матчынай мове. Падчас мерапрыемства прысутныя яшчэ раз пераканаліся ў значнасці роднай мовы, яе велічы і прыгажосці.
Правядзенне тыдня беларускай мовы і літаратуры дазваляе актуалізаваць і пашырыць веды па беларускай мове і літаратуры, паказаць узровень сваёй эрудыцыі, захапіцца прыгажосцю беларускага слова!
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Людміла Рыбалоўская, настаўнік беларускай мовы
і літаратуры Трабскай сярэдняй школы.






