Іўеўская раённая бібліятэка на працягу многіх гадоў падтрымлівае культурныя сувязі з вядомымі землякамі, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі роднага краю. Для бібліятэкі стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня горада арганізоўваць сустрэчы са славутымі ўраджэнцамі Іўеўшчыны ў межах праекта “Сябрына”.



Нашы знакамітыя землякі з задавальненнем прыязджаюць на малую радзіму, каб яшчэ раз прайсці па сцяжынках дзяцінства і сабрацца ў бібліятэцы, пабачыць адзін аднаго, падзяліцца творчымі дасягненнямі, адпачыць душой і сэрцам.

Сёння ў межах праекта “Сябрына” ў Іўеўскай раённай бібліятэцы адбыўся літаратурны вечар “…Мне сонцам свеціць Наднямонне”. У мерапрыемстве, акрамя вядомых землякоў і іх блізкіх, прныялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, праваслаўнай і каталіцкай канфесій, устаноў і арганізацый горада Іўе.

Падчас сустрэчы таленавіты пісьменнік Іван Арсеньевіч Карэнда (ураджэнец вёскі Крывічы, ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна) пазнаёміў прысутных са сваімі новымі кнігамі, якія пабачылі свет у 2025 годзе. Гэта азбука для дзяцей “Азбука Перамогі” (выданне прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі), кніга прозы “Усміхніся шчасцю свайму” і дакументальная аповесць “Жыць для Беларусі. Шлях суддзі Іосіфа Бойсы”.


Аповесць прысвечана светлай памяці ўраджэнца Іўя Іосіфа Браніслававіча Бойсы, юрыста-прафесіянала, кіраўніка Лідскага раённага суда і вельмі сціплага, духоўна багатага чалавека, які бязмежна любіў родны край і пакінуў на ім свой адметны след. Сярод яго заслуг – гарадскія куранты на высокай вежы Іўеўскага касцёла і вялікі гранітны камень ля ўваходу ў храм з выявай знакамітай іконы Маці Божай Вастрабрамскай і сімвалічным надпісам “Любі Айчыну сваю. Рабі дабро. Адказвай перад Богам”.

Мерапрыемства прайшло ў атмасферы душэўнага цяпла і шчырасці. Варта адзначыць, што ініцыятарам, ідэйнай натхняльніцай і актыўнай удзельніцай штогадовых сустрэч “Сябрыны” з’яўляецца наша вядомая зямлячка Ядзвіга Браніславаўна Юферава – акадэмік Расійскай акадэміі прэсы, намеснік галоўнага рэдактара “Российской газеты” і родная сястра Іосіфа Браніслававіча Бойсы, якая ў адным са сваіх інтэрв’ю адзначыла, што у “Сябрыны” ёсць неафіцыйны лозунг: “Не пытайся ў краіны, што яна зрабіла для цябе, спытай у сябе – што ты зрабіў для Іўя, для Радзімы, для краіны”.



Фото Станислава Зенкевича.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews






