Актуальное Жизнь О малой родине Проект "Сила в вере"

В проекте «Сила в вере» рассказываем, чем уникальна история Ивьевской мечети

Аляксандр Лукашэнка:

«Рэлігійны мір і спакой — адзін са складальнікаў усеагульнага міру».

У праекце “Сіла ў веры” мы пастараемся распавесці гісторыю ісламу на Іўеўшчыне, а таксама пра рэлігійныя і культурныя традыцыі беларускіх татараў, раскажам аб духоўным центры мусульман Беларусі – Іўеўскай мячэці. Запрашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых. Падзяліцца ідэямі і інфармацыяй можна па тэлефонах рэдакцыі ці ў сацыяльных сетках.

Ивьевская мечеть
Паштоўка з фондаў музея, 1916 г.

“Белыя плямы” у гісторыі 

Калі падзялілася ідэяй увасобіць у жыццё праект «Сіла ў веры» з галоўным захавальнікам фондаў Іўеўскага музея нацыянальных культур Марынай Пазняк, яна паведаміла, што ў гісторыі  вядомага на ўсю краіну (і не толькі!) помніка архітэктуры з’явіліся “белыя плямы”. Ёсць нямала  момантаў супярэчлівых, сустракаецца дастаткова шмат памылковай інфармацыі на прасторах інтэрнэту, дзе некаторыя гістарычныя факты скажаюцца, тлумачацца не зусім так, як таго патрабуе гісторыя. Аказалася, што работнік музея правяла вельмі вялікую даследчую працу па гісторыі Іўеўскай мячэці. І сёння разам з ёй мы прапануем вам акунуцца ў яе таямніцы. Спойлер: будзе цікава!

Як татары з’явіліся на Іўеўшчыне

Першыя пісьмовыя звесткі пра ўзнікненне татарскіх паселішчаў на землях Вялікага княства Літоўскага адносяцца да часоў Вітаўта (1397 г.). Афіцыйныя дакументы ВКЛ гавораць аб тым, што на іх старонкі звесткі аб іўеўскіх татарах трапляюць у 1559 годзе — пісьмовыя крыніцы  засведчылі ўладальніка зямлі ў Іўі Ях’ю Ахметавіча. У сярэдзіне ХVI стагоддзя татары жылі на вуліцах Віленская — “альбо да Ліпнішак” (сучасная вул. 1 Мая) і Наваградскай — “альбо да перавозу” сучасная вул. Карла Маркса. У ліпені 1597 года падчас пажару згарэлі дзясяткі дамоў на вул. Наваградскай і Крывой (сучасная вул. Кастрычніцкая). Тагачасны ўладальнік Іўя  ваявода  амсьціслаўскі  Станіслаў III Кішка перасяліў частку татараў на поўдзень ад Іўя, утварыўшы такім чынам асобную аколіцу, якая па адной з версій з сярэдзіны ХVII  ст. атрымала назву Мураўшчызна (ад прозвішча Мураўскі). На працягу трох з паловай стагоддзяў (аж да ўстанаўлення савецкай улады) татарскае паселішча не ўваходзіла ў мястэчка Іўе.  Займаліся татары агародніцтвам, рамізніцтвам. Былі сярод мясцовых татар і заможныя землеўласнікі. Акрамя Іўя жылі татары ў Ліпнішках, Стрыжанятах, Збойску, Трабах.

Па перапісу насельніцтва 1795 года ў Іўі пражывала 146 татар. Але сваёй мячэці ў іх не было.

Пэўны час татары з Мураўшчызны адносіліся да Даўбуцішскай парафіі (цяпер Смаргонскі раён), гісторыя якой пачалася пасля таго, як на землях ВКЛ з’явіліся першыя татары-мусульмане. За ваенную службу татары атрымлівалі землі ў Даўбуцішках і бліжэйшых паселішчах, і з часам гэтае месца стала цэнтрам татарскага жыцця ўсёй Ашмянскай акругі.  Па перапісу насельніцтва ў   1795 годзе налічваўся 141 чалавек, у 1851 – 510, у 1885 годзе — 867.

Мячэць у Даўбучках, 1930 г.

Як будавалася мячэць?

29 красавіка 1874 года татары-мужчыны на сходзе  абмеркавалі пытанні будаўніцтва мячэці. Было складзена прашэнне на атрыманне дазволу на будаўніцтва мячэці кіраўніку Ашмянскага павета. Пад прашэннем стаяла 55 прозвішчаў мясцовых татар. Спраўнік адаслаў іх просьбу ў Вільню. У канцы таго ж года быў адасланы яшчэ адзін ліст, у якім паведамлялася, што ў Мураўшчызне існуе 50 татарскіх гаспадарак, у якіх жыве 340 чалавек, што месца для пабудовы мячэці ўжо выбрана і матэрыялы набытыя. Віленскае кіраўніцтва дало згоду на будоўлю пры ўмове, што ўсе выдаткі будуць за кошт абшчыны. У чэрвені 1876 года  іўеўскія татары атрымалі і дазвол ад  Таўрычаскага Магаметанскага Духоўнага Кіраўніцтва. У снежні 1880 года быў выбраны камітэт будаўніцтва мячэці з чатырох чалавек: Мустафа Якубавіч Рафаловіч, Якуб Мустафавіч Шабановіч, Якуб Мустафавіч Александровіч і імам Мустафа Ібрагімавіч Багдановіч.

У дзяржаўным архіве Літвы захоўваецца Справа № 9 “О разрешении постройки мечети Ошмянского уезда в околице Муравщизна» 1881 г. з копіяй першапачатковага праекта “Проект на постройку деревянной магометанской мечети Виленской губернии Ошмянского уезда, 3-го стана, в околице Муравщизна. Проектировал и чертил М. Стребейко». Ніякіх звестак пра апошняга пакуль што не знойдзена. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць толькі тое, што ён быў мясцовым жыхаром. Пры пабудове мячэці план не быў цалкам рэалізаваны.

Копія праекта

Самая першая выява Іўеўскай мячэці знаходзіцца ў кнізе гісторыка-краязнаўцы Чэслава Янкоўскага “Павет Ашмянскі” і датуецца 1898 годам.

 Мячэці будавалі ў асноўным мясцовыя майстры. Таму некаторыя з іх сваім выглядам нагадвалі касцёлы, іншыя – цэрквы. А тыя, што будавалі майстры-яўрэі, мелі падобныя рысы з сінагогамі. Ад мячэцей мусульманскага Усходу, мячэці татар Беларусі, Літвы і Польшчы захавалі прынцыпы культавай арганізацыі прасторы – міхраб (які паказвае накірунак на Меку), мінбар. Ёсць звесткі пра тое, што сярод дойлідаў былі і мясцовыя яўрэі. Старажылы татарскай абшчыны ўзгадвалі імя прадзеда Тамары Маісееўны Барадач — Арона Ідл Кошчар. Ён быў  даволі выдатным сталяром, цесляром і муляром. Менавіта ён у свой час пабудаваў першы цагляны дом у Іўі, які перажыў пажар 1929 года.

Чаму графіня Замойская дапамагала мусульманам?

Вядома, што ў якасці фундатара будаўніцтва мячэці ў Іўі выступае графіня Эльфрыда-Антаніна-Цэцылія Замойская,  дачка  палкоўніка войск Польскіх, палкоўніка артылерыі арміі Напалеона графа Рудольфа Тызенгаўза. 

Яна атрымала Іўе ў якасці пасагу ў 1843 годзе. Вышла замуж за графа Аўгуста Замойскага, заможнага памешчыка, уладальніка Влодава, Ружанкі і Яблоні.

Аўгуст і Эльфрыда былі глыбока рэлігійнымі каталікамі, сваіх дзяцей выхоўвалі у гэтым жа духу. Разам з мужам графіня займалася дабрачыннасцю, культурна-асветніцкай дзейнасцю. Рэгулярна рабіла ахвяраванні бедным. Сям’я Замойскіх утрымлівала каля 10  пачатковых школ.  

Памерла Эльфрыда Замойская ва ўзросце 48 год. Марына Пазняк звяртае ўвагу на год смерці Эльфрыды Замойскай: 1873. За 9 год да пабудовы Іўеўскай мячэці. Зразумела, што веруючая графіня, для якой дабрачыннасць і фундатарства былі звычайнай праявай у яе жыцці, выказала сваю волю на пабудову мячэці ў Мураўшчызне яшчэ пры жыцці. Ці было гэта аформлена дакументальна? Невядома. Але зразумела, што такая ідэя належыла менавіта ёй. Па словах работніка музея, менавіта яе імя, а не яе мужа, узгадваецца, як фундатаркі  капліцы святой Барбары, што на іўеўскім могільніку. Менавіта яе імя ўзгадваецца ў дакументах, што датычаць выкупу часткі манастыра бернардынаў пры касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла ў 1860 г. Як там ні было, але яе воля была выканана. І, хутчэй за ўсё, яе мужам Аўгустам Замойскім. Ён заставаўся ўладальнікам іўеўскіх земляў аж да сваёй смерці. Памёр ён у 1889 годзе. Ужо пасля пабудовы мячэці. 

Марына Пятроўна звяртае  ўвагу яшчэ на адзін момант – калі і якім чынам з’явілася шыльда ў гонар Эльфрыды Замойскай, размешчаная на сцяне іўеўскай мячэці. 

У міжваенны час 28-29 снежня 1925 г. у Вільні адбыўся Усяпольскі з’езд дэлегатаў мусульманах абшчын, які заснаваў муфціят Польшчы. На з’ездзе быў выбраны муфцій — Якуб Шынкевіч.

20 ліпеня 1934 года муфцій наведаў Мураўшчызну. На пятнічны намаз сабралася вялікая колькасць людзей. Сярод прысутных былі і хрысціяне. Прысутнічаў і сын Эльфрыды – Томаш Замойскі, тагачасны ўладальнік Іўя. Падчас намаза была прачытана малітва “ясень” за душу памерлай графіні Эльфрыды Замойскай. Якуб Шынкевіч адкрыў умураваную ў сцяну памятную дошку са словамі “У імя Пана Бога, Літасцівага і Міласэрнага. Фундатарцы мячэці Яснай і Вельможнай пані графіне Эльфрыдзе Аўгуставай Замойскай – татарская парафія Мураўшчызны ў знак падзякі 8.ІV.1353-20.VІІ.1934”. У сваёй прамове муфцій зазначыў, што графіня  выдзеліла пляц і будаўнічы матэрыял для пабудовы мячэці.   Томаш Замойскі ахвяраваў матэрыял на рамонт мінарэту і на агароджу для мячэці і мізару.

Калі быў узведзены мінарэт на іўеўскай мячэці?

У сродках масавай інфармацыі, на прасторах інтэрнэту вельмі часта сустракаецца такая інфармацыя, што мінарэт быў узведзены за сродкі татар-эмігрантаў, дасланыя з Амерыкі ў 1922 годзе. Як жа на самой справе? І на гэта пытанне суразмоўца мае адказ. Марына Пазняк распавядае:

– На пачатку ХХ стагоддзя вялікай праблемай для грамадства стала такая з’ява, як эміграцыя ў Амерыку. Большасць эмігрантаў-беларусаў, татараў з беларускіх зямель ехалі ў Амерыку, каб зарабіць грошай, потым вярнуцца і купіць зямлю на Бацькаўшчыне. З пачаткам Першай сусветнай вайны яны засталіся за акіянам назаўсёды. 

На сцяне Іўеўскай мячэці ў раме пад шклом вісіць спіс татараў-эмігрантаў з Іўя, якія не парывалі сувязі са сваёй роднай зямлёй, памятаючы не толькі пра сваіх родных, дапамагаючы матэрыяльна, але клапаціліся і пра іх духоўнасць. 112 чалавек сабралі ля 500 долараў ЗША і пераслалі іх сюды, у Іўе, ахвяраваўшы на рамонт мячэці.

Доўгі час лічылася, што на гэтыя грошы быў пабудаваны мінарэт. Такое меркаванне вельмі часта сустрэнеш і цяпер. У фондах музея захоўваецца нямецкая паштоўка,  якая датуецца 23 вераснем 1916 г. з выявай Іўеўскай мячэці. На ёй добра бачны мінарэт. 

Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца і замалёўка з кнігі Чэслава Янкоўскага “Павет Ашмянскі”, 1898 год. Такім чынам, мінарэт быў ад самага пачатку існавання мячэці.

Старонка з кнігі Янкоўскага «Павет Ашмянскі»

Святлана Грыбава ў сваёй даследчай працы зазначае, што за грошы, дасланыя супляменнікамі татарскай абшчыны Іўя з Амерыкі, а таксама, за сродкі, выдзеленыя Томашам Замойскім, уладальнікам Іўя быў узведзены будынак школы.  Таму сцвярджэнне, што за грошы, дасланыя з Амерыкі, быў узведзены мінарэт, памылковае, – аргуменціруе Марына Пазняк.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Да друку падрыхтавала  Ірына БУТУРЛЯ.

Фота з архіва  Марыны ПАЗНЯК.