Больш за дваццаць гадоў у Іўі гучыць асаблівы аповед пра самае светлае зімовае свята — Каляды. Гэты аповед жыве не на старонках кнігі, а ў жывых галасах, чыстых, шчырых, напоўненых надзеяй. Галасамі нашых дзяцей мы з года ў год беражліва пішам новую старонку гісторыі фестывалю «Gloria in Excelsis Deo».
Гэтай зімой сама прырода нібыта далучылася да свята, адараючы нас казачнай атмасферай. У такія дні асабліва ясна адчуваеш, што сапраўднае цяпло не заўсёды прыходзіць разам з сонцам. Яно нараджаецца ва ўсмешках, у добрых позірках, у музыцы, што пераходзіць ад сэрца да сэрца. І як жа прыемна ў гэтую зімовую пару сагрэцца шчырымі каляднымі мелодыямі, ціхай радасцю, якую дорыць цёплая сустрэча.

— Колькі б нам ні было гадоў, калядныя песні, на мой погляд, заўсёды застаюцца самымі цудоўнымі і меладычнымі. У іх адлюстроўваецца любоў Бога да чалавека. І менавіта праз песні і танцы — і маленькіх, і дарослых удзельнікаў — мы можам падзякаваць Богу за Яго прысутнасць сярод нас, — шчырымі словамі прывітаў гасцей мерапрыемства ксёндз-дзекан Павел Калеснік.


Да гасцей звярнуўся высокі госць фестывалю, біскуп Уладзімір Гуляй. У сваім выступленні ён адзначыў, што ў Гродзенскай дыяцэзіі гэта адзіны фестываль падобнага фармату. Паводле яго слоў, сённяшняя творчасць пераносіць нас у Бэтлеем — туды, дзе больш за дзве тысячы гадоў таму нарадзіўся наш Збаўца.
— Калі прыйшоў Бог, змянілася гісторыя чалавецтва. І з гэтага моманту чалавек ужо ніколі не будзе самотны…
Прадстаўнікі духавенства падзякавалі раённай уладзе ў асобе старшыні Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціны Філон за падтрымку такіх добрых і важных мерапрыемстваў.
У сваім выступленні Валянціна Станіславаўна адзначыла:
— Каляды — гэта час надзеі, спадзяванняў і веры ў цуды, час дарыць і атрымліваць падарункі. Гэта і той момант, калі мы яшчэ раз пераконваемся: калі ў душы і сэрцы чалавека ёсць Бог, то ёсць мір і згода ў сям’і і ў грамадстве, — падкрэсліла госця.

Канцэртная частка фестывалю адкрылася нумарам танцавальнага калектыву «Хорошенькие» Іўеўскай ДШМ. Дзеці быццам запрасілі кожнага гледача ў чароўны свет. Пастаноўка пачыналася ў паўцемры, дзе паступова з’яўляліся заворожвальныя светлавыя акцэнты. Назіраючы за выступленнем калектыву, міжволі адзначаеш: з кожным годам пастаноўкі становяцца ўсё больш прафесійнымі. За гэта асаблівыя словы падзякі мастацкаму кіраўніку Марыне Шыдлоўскай.
Сёлета многія ўдзельнікі аддалі перавагу аўтэнтычным музычным матывам, што надало канцэрту асаблівую душэўнасць. Ансамбль «Jutrzenka» з Іўя крануў слухачоў шчырасцю і моцай дзіцячых галасоў. Ансамбль «Батлейка» з аг. Ліпнішкі, застаючыся верным свайму стылю, падарыў зале энергічнае выступленне з танцавальнымі элементамі. Цёплы настрой падтрымалі калектывы з г.п. Юрацішкі: трыа таленавітых дзяўчынак — Ксеніі Джураевай, Дар’і Курыловіч і Міланы Фурса, а таксама зладжаны ансамбль з асаблівай светлай энергетыкай «Бэтлеемскія зорачкі». Яшчэ адно трыа — Мацвей Сакаловіч, Піліп Анішчэнка і Дзмітрый Сакаловіч — з аг. Суботнікі выканала класічную калядку «Як прыбеглі пастухі ў Бэтлеем». Яркім і самабытным акцэнтам праграмы сталі «Езусавыя ноткі», якія пакінулі ў сэрцах слухачоў адчуванне радасці. Не першы раз завіталі на наш фестываль госці з Мінска. Хор «Flos Carmeli» — гэта заўсёды сапраўднае свята. Яркія, харызматычныя, поўныя жыццёвай энергіі, яны шчодра дзеляцца радсцю са сцэны і з першых нот заваёўваюць сэрцы слухачоў. Сапраўднае ззянне на небасхіле фестывалю прадэманстравалі ўдзельнікі ансамбля «Суботніцкія зоркі» з аг. Суботнікі, выканаўшы калыханку для маленькага Езуса.




Фестываль «Gloria in Excelsis Deo» сёлета быў асабліва багаты на салістаў. Народную калядку выканала зусім юная, але надзвычай артыстычная ўдзельніца Вераніка Давідовіч з аг. Ліпнішкі. Шчыра і аддана выступілі іўяўчане Уладзіслаў Кулеш і Уладзімір Казак. Музычны эксперымент прадэманстравала Дамініка Казак, паказаўшы, як цікава можа гучаць калядная песня ў рытмічнай апрацоўцы. Кожны год у святочным канцэрце ўдзельнічае таленавітая салістка Сняжана Бутурля з Іўя. Варта адзначыць яе сучасную манеру выканання, якая дазваляе класічным творам загучаць па-новаму.



Вядома, ні адзін фестываль не абыходзіцца без хвалюючых, пяшчотных выступленняў. Сапраўдным падарункам і гонаром для іўяўчан з’яўляецца наша таленавітая зямлячка Анастасія Гуранкова. Не адно пакаленне асацыіруе калядны час з класічнай кампазіцыяй «Nie było miejsca», якую выканалі сёстры Дамініка і Патрыцыя Мусік з аг. Лаздуны 1. Шчырае выкананне і яскравыя ўсмешкі подчас выступлення падарыла гледачам вакальная група з г.Дзятлава.


Выступленні некаторых артыстаў варта адзначыць асобна. Заўсёды здзіўляе талентам і прафесіяналізмам у сваіх выступленнях саліст з аг. Трабы Марюс Ашмантас. Гэта тычыцца і яго сольнага нумара з магутнай песняй у рок-стылістыцы, і дуэта з сястрой Ганнай Шыпаравай. Бясспрэчным талентам валодае іўяўчанка Ніколь Гражынская. Яе тэмбр абдымае слухача і дорыць самыя прыемныя эмоцыі. Любімых класічных савецкіх спявачак нагадала Соф’я Брэйва з аг. Ліпнішкі. Дзяўчына ўражвае непаўторным артыстызмам. Госця з Дзятлава Юлія Болбат падчас свайго нумара брала чыстыя высокія ноты, умела кіруючы сваім праніклівым голасам. Уладзіслаў Завадскі, пастаянны ўдзельнік фестывалю, абраў вельмі складаную кампазіцыю і справіўся на “дзесяць з плюсам”. Адкрыццём гэтага года асабіста для мяне стала вакалістка Эвеліна Пупкевіч. Дзяўчына спявае вельмі мякка і пяшчотна, даносячы да слухача кожнае слова. Сапраўдную касмічную энергію можна было адчуць падчас выступлення хору «TRANSITUS» з вёскі Капішча Мінскага раёна.




«Gloria in Excelsis Deo» — гэта яшчэ і час ціхай малітвы. Хвалюючай была кампазіцыя ў выкананні ансамбля «Oremus», якая стала данінай памяці заснавальніку гэтага цудоўнага мерапрыемства ксяндзу Яну Гавецкаму.















Асаблівую падзяку варта выказаць арганізатарам фестывалю, сярод якіх важнае месца займае сястра Ірына Бучынская. Цудоўна справіліся са сваімі абавязкамі і харызматычныя вядучыя мерапрыемства.



Хутка мінуў час, сціхнлі апошнія акорды… Але тое святло, якое запаліў фестываль «Gloria in Excelsis Deo» у сэрцах, не згасне.



Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Рыта Рэй. Фота Станіслава Зянкевіча.






