Адбылася персанальная выстава “Саламяны цуд” носьбіта элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Мастацкія практыкі саломапляцення Іўеўскага раёна”, загадчыка аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, старшыні праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Ірыны Смірновай. У экспазіцыі выставы прадстаўлена больш 30 работ.

Ірына Смірнова – лаўрэат прэміі ім. Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» 2022 г. у намінацыі «Народны майстар года”. Яна з’яўляецца кіраўніком Грамадскага кансультацыйна-практычнага цэнтра па стажыроўцы майстроў саломапляцення, які быў створаны дзякуючы вялікаму вопыту і майстэрству носьбітаў традыцый саломапляцення на Іўеўшчыне.
Майстар выконвае работы ў тэхніцы плоскае і аб’ёмнае пляценне, саламяная пластыка, дэкаратыўная скульптура, аплікацыя саломкай, змешаная тэхніка. Славутымі вырабамі Ірыны Смірновай з’яўляюцца кошыкі з кветкамі, адзін з якіх быў падараваны на “Полі цудаў” Леаніду Якубовічу.

Больш 20 гадоў займаецца Ірына Смірнова саломапляценнем, а дакранулася яна ўпершыню да творчай справы на курсах павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры ў г. Гродна. З таго часу вельмі захапілася, і так пачалася яе «саламяная» дзейнасць.
Цяжка злічыць і ўзнагароды, якія атрымала майстар за сваё творчае жыццё. Аднак самая галоўная – прызнанне людзей. Тыя шчырыя эмоцыі, тую асалоду і задавальненне ад сузірання іскрыстых, сонечных, прадуманых да драбніц вырабаў ні з чым не параўнаеш. Простага, няхай сабе і не вельмі дасведчанага гледача не падманеш: прыгажосць адчуваецца душою.
— Што важна ў нашай справе папулярызацыі народных рамёстваў, — гэта пераемнасць пакаленняў, — разважае Ірына Рэгінальдаўна. — Мы стараемся не толькі самі валодаць тэхнікамі і ўменнямі нашых продкаў, але і навучыць гэтаму падрастаючае пакаленне. Таму ў цеснай счэпцы працуем з установамі адукацыі, праводзім майстар-класы для школьнікаў, розныя культурныя мерапрыемствы.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.






