У Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу працуе персанальная выстава “Лялька ў карагодзе жыцця” майстра з аг. Ліпнішкі Марыі Пякша.

У экспазіцыі больш за 20 вырабаў лялек: дамавікі, русалкі, анёлачкі, абярэгі, аўтарскія лялькі, ад якіх вачэй не адвесці! Непаўторныя лялькі майстрыцы з тэкстылю і нітак з розных тканін, уражліваюць сваім арыгінальным відам.
Марыя Пякша працуе кіраў-ніком гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Беларуская лялька».
Штодзень лялькі займаюць па 10—12 гадзін у жыцці майстра. Іх гаспадыня ўсміхаецца:
— Ужо ўзрост, а я з дзяцінства да гэтага часу ніяк не выберуся! Прызнаюся: сапраўды, гурток для малодшых школьнікаў «Маленькія майстры» пры-носіць мне велізарную радасць. З задавальненнем назіраю, як дзеці ўбіраюць карысныя парады. Якія яны шчаслівыя, калі метадам спроб і памылак атрымліваецца гатовая лялька! Падзяка ў вачах – што можа быць для мяне прыемней? Крыху старэйшыя дзяўчынкі ходзяць у гурток «Беларуская лялька». Лялькі ў нацыянальных строях з самабытным арнаментам нязменна выклікаюць захапленне на розных выставах: Ясь, Янiна, Васiлiна… А дзяўчынак старэйшых, якія ўжо шмат умеюць і праявілі сябе творчымі і ініцыятыўнымі людзьмі, чакаю ў яшчэ адным гуртку — аматарскім аб’яднанні мадэлявання адзення «Чараўніцы», дзе займаемся выкрайкай па сваіх эскізах і лекалам. Вядома, не ўсе ў будучыні стануць закройшчыкамі і дызайнерамі, аднак лічу, што кожная дзяўчынка павінна ўмець нешта творчае рабіць сваімі рукамі.

Аўтарскія лялькі Марыі Пякша і яе таленавітых вучняў разлятаюцца па ўсім свеце — ад Аўстраліі да Кітая і ад Канады да Азербайджана.
– Самая важная і цудоўная лялька — Берагіня, — працягвае майстар. — Бывае берагіня дома, сям’і і асабіста кожнага чалавека. У яе шмат фартухоў і абавязкова ёсць клунак. Яе нашы продкі дарылі ў новую хату ці ў новую сям’ю, яна прыносіць поспех у справах. Гэта самая значная лялька, – дзеліцца сакрэтамі вырабу народных лялек Марыя Пякша.
Ляльку-спадарожніцу нашы продкі бралі з сабой у дарогу, прычым звычайна клалі ў кішэню, каб у дарозе заўсёды быў хлеб. Яна маленькая, без фартуха, затое ў зручнай намітцы на галаве: нічога лішняга ў дарогу. Жаданніца («дабрабытнiца») нясе дабрабыт у хату, у руках у яе кошык: там і пачастунак, і запас ежы, і зерне. Лялька гэта — сімвал сямейнага дабрабыту.
Менавіта лялькі-матанкі натхнілі Марыю Пекша і загадчыцу філіяла аграгарадка Ліпнішкі Марыю Скрыпскую на рэалізацыю цікавага і ўнікальнага культурнага праекта: «Чараўнiцы» пашылі касцюмы лялек-матанак для маленькіх вяскоўцаў. Строі для іх стваралі больш дарослыя ўдзельніцы аб’яднання, а загадчыца філіяла дапамагала паставіць харэаграфію для дэфіле.
Напрыканцы прэзентацыі выставы Марыя Францаўна дала майстар-клас па вырабу лялькі –пакосніцы, якая засцерагае касца ад няшчасцяў і парэзаў.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.






