Кірмаш шумеў рознагалоссем. Яўхім прайшоўся між радамі, падзівіўся багаццем тавару і шалёнымі цэнамі. І, падняўшы каўнер у сваім латаным-пералатаным кажуху, падаўся да людскога натоўпу, што сабраўся ў сярэдзіне кірмашнай плошчы. Адтуль даносіліся лаянка, чутны былі рэзкія галасы, смех.

Але не паспеў падысці, як зразмеў, у чым там быў сакрэт: ладна прыбраны цыган з залатымі зубамі і пярсцёнкамі на пальцах спрабаваў усучыць старому дзеду парваны хамут.
– Бяры, дзед! Далібог успомніш мяне пасля добрым словам. Хамут амаль што новы. Ну, можа, заменіш супоню і войлак падправіш, ды і капыл з аднаго боку – будзе як новы. Я б не прадаваў, ды грошы патрэбны як тое паветра.
Яўхім паскроб нос, збіў правай рукой на патыліцу шапку-вушанку з аўчыны.
– Кажаш, грошы патрэбны? – перепытваў ён цыгана і тут жа выцягнуў з кішэні кажуха тоўста напакаваны капшук, расшпіліў.
– Вой як патрэбны, чалавеча-а! – вытарачыў вочы цыган.
– Ну, дык махнёмся футрамі, – засмяяўся Яўхім. – Ты мне сваю, а я табе свой кажух з гэтым кашальком і грашыма.
Ён паклаў прыўсенародна капшук у кішэню кажуха. Цыган доўга не разважаў. Кінуў Яўхіму сваё трусінае футра, учапіўся аберуч у дзіравы кажух і ніяк не хацеў адпускаць. Яўхім прымерыўся – як на яго шыты. Падзякаваў цыгана за падарунак і знік у людскім натоўпе. А праз некалькі хвілін пачуўся цыгановы лямант.
– Падма-а-ануў!
Тут высветлілася, што ў кажуху тым зусім кішэняў і не было. Замест іх была дзірка, праз якую Яўхім і паклаў кашалёк у цэлую кішэню пінжака, які быў пададзеты падніз.
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Зыгмунд Дзякевіч.






