Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў Трабскай сярэдняй школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты тыдзень, які прайшоў з 13 па 21 лютага.

Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. З самай раніцы вучні і настаўнікі атрымлівалі заданні: адгадай беларускае слова, растлумач фразеалагізм, прадоўжы прыказку, вымаві скорагаворку. Аказалася, што не так проста адкрываюцца “Скарбонкі мудрасці”, якія былі прадстаўлены ў выглядзе рэбусаў і крыжаванак.

Колькі досціпу, кемлівасці, вынаходлівасці было праяўлена падчас інтэлектуальных гульняў “Чароўны квадрат” па тэме “Славутыя сыны сваёй краіны”, “Поле цудаў” па тэме “Наша мінулае”, “Папацей, грамацей!”, Гонка за ведамі”, якія праходзілі на працягу Тыдня! Шчаслівыя вочы дзяцей – сведчанне іх зацікаўленасці і недарэмнасці нашай працы.
Не пакінула нікога абыякавым акцыя-чэлендж “Далучы сваю далонь”. Выказаныя пажаданні роднай мове, Радзіме паказалі шчырасць і неабыякавасць да лёсу мовы і краіны. Пажаданне росквіту і дабрабыту, незалежнасці, радасці, святла, міру – у большасці тых радкоў, што напісалі вучні на далоньках.

Запамінальным было наведванне школьнага музея па тэме “Аб родным краі роднай мовай”, дзе вучні пачулі шмат цікавага пра сваю вёску, землякоў, убачылі прадметы хатняга ўжытку, якімі карысталіся раней. І ўсё гэта гучала на беларускай мове. Непаўторнасць і своеасаблівасць музея зноў захапіла дзяцей. Было шмат пытанняў, а колькі жадання дакрануцца да ўсяго, а лепш – патрымаць! Менавіта такія экскурсіі выклікаюць цікавасць да пазнання сваёй гісторыі.

З вучнямі пачатковых класаў быў праведзены турнір “Па краіне беларускіх казак”, вернісаж “Зямля пад белымі крыламі”, флэшмоб “Заспяваем разам!”.
На працягу ўсяго тыдня працавала выстава “Пісьменнікам-юбілярам прысвячаецца…” у школьнай бібліятэцы.
Тыдзень праляцеў хутка, але значнасць яго вялікая. Вучні змаглі паглыбіць веды пра мінулае Беларусі, культуру і быт продкаў, выпрабаваць сілы ў творчых і інтэлектуальных конкурсах, прадэманстраваць уласныя дасягненні па беларускай мове і літаратуры, выказаць любоў да роднага краю.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
А. Астрамецкая, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.






