О людях

У памяць аб знакамітым земляку. У бібліятэцы-філіяле аграгарадка Геранёны адкрылася новая выстава кніг, прысвечаная Яўгену Кудраўцаву

У бібліятэцы-філіяле аграгарадка Геранёны адкрылася новая выстава кніг, прысвечаная Яўгену Аляксандравічу Кудраўцаву (1947-2021), творчы псеўданім якога Кастусь Травень. З 2008 года — у Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
Нарадзіўся ў вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна. У той час яго бацька тут працаваў дырэктарам маслазавода. Затым узначаліў калгас імя Кутузава, у які ўваходзілі вёскі Лаўкенікі, Шаркуці, Гута, Дабраполь, Высоцкія, Падваранцы і мноства хутароў. Сям’я Кудраўцавых стала жыць у в. Шаркуці.

У першы клас Яўген пайшоў у школу, якая размяшчалася ў палацы Умястоўскіх у Жамаслаўлі. Затым Кудраўцавы пераехалі ў Геранёны, таму што бацька ўзначаліў калгас «Вольнае жыццё». І Яўген працягваў вучобу ў Геранёнскай сямігадовай школе.
У 1970 годзе ён скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А. М. Горкага. Працаваў настаўнікам, у народным кантролі, на будаўніцтве, у камунгасе, на кінастудыі «Беларусьфільм». Можа таму добра ведаў жыццё і адлюстроўваў яго ў сваіх кнігах. Апавяданні «Перазагрузка», «Альфа і Амега», «Выбракоўка» пра цяжкую працу дальнабойшчыкаў і пра тых, хто «кідае» іх. Апавяданне «Пад зорным небам Айчыны» — аб лыжным паходзе да бацькоў за 100 км, і як гэты паход змяніў погляды юнака на жыццё.


Палітычнае эсэ «Імперскі сіндром», кніга апавяданняў «Маўчы і будзь хітрым», «Брыгадны генерал», аповесці «Дзень, калі загінуў Апалон», «Гульня белымі фігурамі» — друкаваліся ў «Нашай ніве», у ЛІМе, у многіх газетах і альманахах. К. Травень — уладальнік «Залатога пяра» за 2006 год у часопісе «Гоман».
Цікавіўся філасофіяй, антрапалогіяй, псіхалогіяй, сацыялогіяй і гісторыяй.
Бацька пісьменніка Аляксандр Пятровіч Кудраўцаў (1923-1997) пасля выхаду на пенсію напісаў успаміны аб жыцці. Яго сын, Яўген Аляксандравіч, апрацаваў мемуары і пераклаў на беларускую мову. Кніга называецца «Успаміны аб жыцці ў XX стагоддзі». Раю прачытаць гэтую кнігу ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Іўеўшчыны. На старонках 74-135 раздзелы: “Іўе”, “Татальная мабілізацыя на ўмацаванне калгасаў”, “Калгас імя Кутузава”, “Першая калгасная пасяўная”, “Брыгадны гаспадарчы разлік Венскеля”, “Вясна 1955 года”, “Калгас «Вольнае жыццё». У кнізе цікавыя здымкі ад 1942 да 1972 года.
Кнігі Кастуся Травеня ёсць у Геранёнскай і раённай бібліятэках.

А. Смалянічэнка.