Актуальное Главное Жизнь

У Ліпнішках вызначылі пераможцу раённага конкурсу па ручному сенакашэнню

Штогод у нашым раёне праводзіцца знакавае свята «Ліпнішкаўскія сенакосы», дзе вызначаецца, хто атрымае ганаровы тытул “Касец года”. На гэта мерапрыемства з’язджаюцца самыя вопытныя касцы з усяго рэгіёна, кожны з якіх бярэ  з сабой немалую  групу падтрымкі. Бягучы год выключэннем не стаў. І зноў Ліпнішкі ў суботні чэрвеньскі вечар напоўніліся гоманам кос і спевамі на ўсе лады. Свята, якое дыхае духмянымі травамі, свежымі пракосамі, халодным квасам і сонечным настроем, аб’явілі адкрытым.

— Чэрвень — час актыўнага сенакосу, — вітала гасцей і ўдзельнікаў старшыня Ліпнішкаўскага сельвыканкама Яніна Бузар. — Уся краіна занята нарыхтоўкай сена. Сёння на лугах можна ўбачыць пераважна тэхніку. Але старэйшае пакаленне памятае часы, калі ўся вёска выходзіла на масавую касьбу: мужчыны касілі траву, а жанчыны з дзецьмі сушылі яе. Гэта было сапраўдным святам. Мы сабраліся тут, у адным з найстарэйшых населеных пунктаў Іўеўшчыны, дзе заўсёды жылі працавітыя людзі, каб нагадаць, як праходзілі сенакосы, што ўмелі нашы дзяды, і, вядома, весела правесці час.

Дзевяць касцоў, у ліку якіх было дзве жанчыны, вырашылі паспрабаваць свае сілы ў ручным сенакашэнні. Але гэта толькі частка конкурсу, бо ўдзельнікам трэба будзе прайсці яшчэ некалькі этапаў, дзе яны павінны прадэманстраваць свае творчыя і кулінарныя навыкі. Так утварыўся своеасаблівы канцэрт з дзевяці нумароў, дзе кожны касец прадстаўляў сваю “Візітную картку”. Гэта было весела і займальна.

Далей журы ацэньвала арыгінальнасць афармлення косы. Тут удзельнікі пацвердзілі сваю фантазію, бо іх сельскагаспадарчы інструмент выглядаў як сапраўдны твор мастацтва. Яны ўпрыгожвалі косы кветкамі, бліскучай паперай і іншымі матэрыяламі.

Яшчэ адным творчым заданнем было зрабіць Берагіню-Пакосніцу – старадаўнюю ляльку з лапікаў. Такую ляльку рабілі ў чэрвені з розных матэрыялаў і бралі з сабой на сенакос. Яна павінна была абараняць касцоў ад траўмаў і прыносіць поспех.

Але галоўнае для ўдзельнікаў конкурсу – паказаць свае навыкі на лузе. Ім трэба было скасіць траву на плошчы каля соткі. Ацэньвалі не толькі хуткасць працы, але і яе якасць і вышыню пакосу.

Плячом да пляча на дыстанцыі ішлі як моладзь, так і старэйшыя ўдзельнікі. І адразу не скажаш, каму было прасцей.

Трэці этап спаборніцтваў пад назвай «Абед на траве» быў самым прыемным. Сала, каўбаса, кумпяк, дранікі і бліны, агуркі з мёдам – выбраць пераможцу было вельмі складана. Аднак журы вопыту не займаць. У выніку кожны ўдзельнік атрымаў свой заслужаны тытул.

У намінацыі “Лепшы абед на траве” перамог Валерый Бойша з  КСУП “Трабы”.

У намінацыі “Лепшая візітная картка” узнагароджана Святлана Мядзейка з СУП“Лаздуны Агро”.

Рычард Буяк з СУП“Лаздуны Агро” стаў лепшым у намінацыі “Самы ўмелы касец”. А Дзмітрый  Банель з КСУП “Суботнікі” заваяваў тыьыл “Самы малады касец”.

Бірута  Іваноўская з КСУП “Суботнікі” стала ўладальнікам тытула “Лепшы касец-жанчына”. Яна атрымала падарунак ад Іўеўскай раённай арганізацыі ГА «БСЖ» .

Генадзь Рынгель з Іўеўскага  сельсавета атрымаў узнагароду за самую лепшую групу падтрымкі.

Іван Бутрым з Лелюкінскага сельсавета стаў самым хуткім касцом. А Віктар Крэмень з Ліпнішкаўскага сельсавета атрымаў узнагароды адразу ў двух намінацыях “Лепшае афармленне касы” і “Лепшая лялька-абярэг Пакосніца”.

А Іван Сушынскі з Юрацішкаўскаўга  сельсавета стаў пераможцам раённага конкурсу по ручному сенакашэнню “Касец-2026”.

победитель конкурса по ручному сенокошению 2026 в агрогородке Липнишки Ивьевского района

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Ірына Бутурля.

Станіслаў Зянкевіч (фота).