У аг. Дайліды, дзе зліваюцца мінулае і сучаснасць, адбылося свята рамёстваў “Повязь часоў”. Гэта мерапрыемства, напоўненае духам творчасці і натхнення, сабрала аматараў народнай творчасці з усяго раёна. Гасцей сустракалі майстры, якія з любўю і стараннем ўвасаблялі ў жыцці багатую культурную спадчыну беларускага народа.
Вядучыя мерапрыемства, шчыра вітаючы ўсіх прысутніх, падкрэслілі важнасць рамяства як часткі душы народа. “Кожны рух майстра — гэта песня, а кожны выраб — душа народа”, — адзначылі яны, запальваючы агонь творчасці ў сэрцах гледачоў.





Сярод гасцей была Ірына Смірнова, загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры. Яна расказала пра развіццё рамёстваў на Іўеўшчыне, падкрэсліўшы значэнне захавання народных традыцый для будучых пакаленняў.

Далей госці свята адправіліся ў вандроўку па народных рамёствах, каб прасякнуцца павагай да тых людзей, якія сёння зберагаюць і праслаўляюць нашы беларускія традыцыі. Ганчарства, апрацоўка дрэва, саломапляценне, лозапляценне, вышыўка, выцінанка… Падчас свята наведвальнікі мелі магчымасць не толькі назіраць за працай майстроў, але і самім прыняць удзел у майстар-класах па гэтых відах рамёстваў.


А майстар-клас па народных танцах стаў адметнай часткай свята, дзе кожны жадаючы мог адчуць сябе часткай беларускай культуры. Танцы, якія перадаюць дух нашых продкаў, з’явіліся не проста забавай, а сапраўдным спосабам злучыць людзей, падзяліцца радасцю і энергетыкай.

Пад кіраўніцтвам вопытных танцораў госці вандравалі па розных танцавальных стылях: ад вясёлага “кракавяка” да запальнай “полькі беларускай”.
Кожны ўдзельнік мог адчуць сябе не толькі актыўным ўдзельнікам свята, але і часткай вялікай сям’і, што шануе і захоўвае свае традыцыі.
Завяршылася свята агульным канцэртам. Зноў гучалі народныя песні і мелодыі, якія заклікалі ўсіх разам шанаваць нашу культурную спадчыну. Госці пакідалі свята з усмешкамі на тварах і новымі ўражаннямі, адчуваючы гонар за сваю краіну і яе традыцыі.



Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.
Станіслаў Зянкевіч (фота).






