Главное

Светлае Хрыстова Уваскрэсенне. Вымушаная мера

Светлае Хрыстова Уваскрэсенне і яго чаканне — гэта адны з самых любімых момантаў у годзе ледзь не для ўсіх людзей хрысціянскага свету.
Хутка, вельмі хутка па ўсім вашым доме будуць пахнуць букеты яркіх, прыгожых кветак, а на стале — зіхацець румянымі, рознакаляровымі шарамі афарбаваныя яйкі і вабіць водарам толькі што спечаныя кулічы.
Усю гэтую пышнасць трэба заслужыць, бо галоўнае ў чаканні свята — падрыхтаваць душу, даць думкам асаблівы настрой, саборна, усім светам сустрэць Светлае Уваскрэсенне добрымі справамі.

5 красавіка каталікі і пратэстанты адзначылі Вербную Нядзеля. 12 красавіка каталікі святкуюць Вялікдзень, праваслаўныя вернікі — Вербніцу, а 19 красавіка — Вялікдзень.
У гэтыя дні, безумоўна, больш часу хочацца правесці ў храме.
Але ў сувязі з небяспечнай у большасці стран міра сітуацыяй з распаўсюджаннем СОVID-19 шмат што змянілася і ў нас па падыходах да асабістых санітарных нормаў пры знаходжанні ў людных месцах. Людзям неабходна павялічыць сваю свядомасць .
Вельмі мудра на гэты конт выказаўся прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юрый Санько: «Застаньцеся сёння дома ўсе, каб потым усім прыйсці ў касцёл! Трансляцый сёння вельмі шмат!.. «.
Вядома, анлайн-трансляцыя — гэта не альтэрнатыўная форма святога набажэнства, а вымушаная мера супраць нябачнай віруснай атакі.
Камп’ютэрныя тэхналогіі дазваляюць нам, людзям XXI стагоддзя, падтрымліваць наша духоўнае жыццё, адчуваць адзінства з усімі вернікамі. Нават калі мы фізічна не прысутнічаем у Божым храме, мы духоўна злучаемся з тым, што там адбываецца.
Адчуць адказнасць адзін за аднаго — хіба гэта не праява чалавечнасці?
Растлумачце пажылым бацькам, іншым членам сям’і, дзецям, маладым людзям, чаму зараз лепш паўдзельнічаць у набажэнстве анлайн, падкрэсліце, што гэта робіцца не дзеля забавы і што гэта часова.
Паверце, сур’ёзнае і глыбокае перажыванне службы, крыж і свечка побач з экранам, шчырая малітва дома — гэта ў дадзенай сітуацыі нармальныя паводзіны.
І памятайце: кожны з нас у цяжкі час прымае рашэнне адпаведна духоўнаму развіццю, стану сэрца, веры, пачуццю абавязку і адказнасці.

І. Халява.