Экономика

Сельскi фотарэпартаж. Прыемна мець дачыненне да карыснай справы!

Прыгожы верасень  ужо адлічвае сваю трэцюю дэкаду. Мінула восеньскае раўнадзенства, а гэта значыць, што светлавы дзень страчвае хвiлiнку за хвiлiнкай, наблiжае нас да зiмы. Таму кожны гаспадар завiхаецца, каб паспець добрым надвор’ем сабраць тое, што ўрадзiла родная зямлiца. 

Напярэдаднi  выехаўшы ў КСУП «Суботнiкi», журналістам «IК» зноў згадалася мудрае выказванне: восень — работ восем.

Тут, як і ў іншых гаспадарках раёна, у актыўнай фазе — работы па ўборцы кукурузы на сілас. На адным з палёў паблізу МТК «Суботнікі» на надзейным «Ягуары» працаваў механізатар гаспадаркі Руслан Іванавіч Сакаловіч. Кукуруза дастаўлялася і закладвалася ў бліжэйшую траншэю, дзе яе трамбаваў на магутным «Амкадоры» вопытны механізатар Яўген Вiкенцьевiч Ніязаў.

У гэты час на бульбяным полі поўным ходам ішла ўборка ўраджаю другога хлеба. На прасторных палях журналісты «IК» сустрэлi старшакласнікаў Суботнiцкай СШ і прадстаўнікоў праўлення гаспадаркі, якія пакінулі на час гарачай пары кабінетную працу і падключыліся да збору ўраджаю. Прыемна мець дачыненне да карыснай справы!

У цэлым па раёне на 22 верасня, па зводцы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сіласных кармоў ужо нарыхтавана 36% ад запланаванага. Бульба ўбрана на плошчы ў 134 га (41%) з 330. Сабрана 2806 тон клубняў, сярэдняя ўраджайнасць па дадзеных на ўчарашні дзень — 209 ц/га.

Фота С. Зянкевіча.