0
Местное управление и самоуправление

Першыя раскопкі, як і першае каханне, забыць немагчыма…

Без дастатковай долі фанатызму, авантурызму і любові да гісторыі людзі ў археалогію не прыходзяць. Гэта я зразумела з гутаркі з малодшымі навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Святланай Велент-Шчэрбач і Алегам Ткачовым, якія разам з аспірантам Станіславам Юрэцкім прыехалі на Іўеўшчыну. Людзей гэтай рэдкай і незвычайнай прафесіі мы сустрэлі ў палявых умовах каля в. Мікалаева Лелюкінскага сельсавета, хаця надвор’е ў гэты дзень спрыяла толькі таму, каб ляжаць на канапе, пацягваючы гарачую гарбату. Дазволіць сабе вольна бавіць час археолагі не могуць. І не па прычыне таго, што яго бракуе, а таму што цяга хутчэй дакрануцца да гісторыі мацней за ўсё…

І вось  першы раз рыдлёўка апускаецца ў зямлю і… дзіва! У вільготным пяску віднеецца нейкі кавалак.

— Гэта пласцінкі, адшчэпы, такія паўфабрыкаты, якія адбіваліся ад крамянёвай канкрэцыі, а ўжо потым з іх рабіліся вырабы, — распавядае А. Ткачоў. — Калі прыгледзецца, то можна заўважыць невялічкія сколы, гэта своеасаблівае вастрыё, як наканечнік. А сэнс такі, калі большая рэжучая кромка, то больш крыві ад жывёлы, хутчэй яна памрэ. Гэта рэч адносіцца да мезаліту, прыкладна 8-5 тысяч гадоў да нашай эры яе ўзрост.

раскопки

Паступова гутарка пераходзіць да мэты прыезду археолагаў на іўеўскую зямлю.

— У пачатку вясны да нас паступіла заява ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама на навуковае суправаджэнне дзіцячых археалагічных летнікаў, — распавядае Алег Ткачоў. — Гэта апошнім часам стала даволі папулярнай з’явай. І перш, чым арганізаваць летнік, трэба даведацца, які помнік капаць, каб было цікава і для дзяцей, і для навукі, каб больш таямніц іўеўская зямля адчыніла.

— Да гэтага часу Іўеўскі раён з археалагічнага боку апошні раз даследаваўся ў 1973 годзе вядомым беларускім археолагам Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім, — прадаўжае гутарку С. Велент-Шчэрбач. — Потым ён яшчэ некалькі раз прыязджаў у Морына, там супрацоўнічаў з мясцовым краязнаўцам і казаў, што іўеўская зямля яго расчаравала.

— Чым жа? — пытаюся.

—  Малой колькасцю археалагічных  помнікаў. Напрыклад, каля Стаўбцоў на адлегласці пяці кіламетраў лакалізуецца каля дваццаці помнікаў. А тут іх зусім нямнога. Але відавочна,  што людзі былі і на іўеўскай зямлі. Магчыма, праходзіла нейкая мяжа між плямёнамі, нейкая нейтральная паласа. Для даследчыкаў з аднаго боку гэта не вельмі цікава. Яны любяць, калі многа знаходак. З іншага боку —  вельмі цікава паглядзець, што ўсё такі тут адбывалася? Таму перад пачаткам працы археала-гічных летнікаў мы вырашылі зрабіць такія своеасаблівыя разведкі, выбраць помнікі і  вывучыць. На  невялічкім адрэзку ад Мікалаева да Барава Міхась Міхайлавіч  адзначае чатыры помнікі. Мы выявілі яшчэ шэсць. Усё ж такі людзі тут жылі.

У планах на перспектыву было добра правесці суцэльныя разведкі. Раней яны праводзіліся ўздоўж буйных рэк, такіх як Нёман. А невялікія рачулкі і прытокі не краналіся. А тут, калі паглядзець, іх вельмі шмат.  І людзі тут жылі. Асабліва ў жалезным веку, калі было больш маёмасці. І была небяспека, што можа прыйсці сусед па водным шляху і абрабаваць. Таму людзі абасноўваліся далей ад вялікіх вадаёмаў. Таму гэта такая вось першая разведка, як кажуць, боем. У планах прайсці ад Мікалаева да Збойска, зварочваючы на невялічкія рэчкі і ручаі, старыцы.

Іўеўшчына мае вялікі турыстычны патэнцыял. Таму і археалогія можа ўнесці сваю лепту ў развіццё гэтага накірунку.  Людзям павінна быць цікава. А дзецям, якія будуць удзельнічаць у раскопках, тым больш.  Яны, напэўна, раскажуць пра гэта сваім сябрам і бацькам. І зацікаўленых з’явіцца нямала.

— Дзеці, акрамя таго, што будуць працаваць на раскопках, ці могуць штосьці даведацца пра тое, што знайшлі, які гэта мае інтарэс і гістарычную каштоўнасць?

— Вядома, будзе шмат цікавай і карыснай інфармацыі, — расказвае кіраўнік экспедыцыі С. Велент-Шчэрбач. — Проста капаць будзе нецікава. Звычайна як робіцца? Праводзіцца ўводная лекцыя, дзе дзеці даведваюцца: што такое археалогія, для чаго праводзяцца раскопкі, якую яны маюць мэту. За гады існавання археалагічных лагераў ёсць напрацоўкі. Таму мы ведаем, у якой інфармацыі зацікаўлены дзеці, і з задавальненнем яе прадастаўляем. Самае цікавае, вядома, чакае падчас раскопак. Кожны знойдзены прадмет будзе дэтальна абмеркаваны. Мяркуем, будзе вельмі цікава. Хачу яшчэ сказаць, што адна са знакавых фігур у беларускай археалогіі Леанід Давыдавіч Побаль быў родам з в. Мікалаева Іўеўскага раёна. Гэта таксама павінна натхніць дзяцей на плённую працу.

— А калі гаварыць пра вашу прафесію, яна ж вельмі рэдкая! Нашым чытачам, напэўна, будзе цікава даведацца, як прыйшлі да выбару яе.

С. Вілент-Шчэрбач: — У мяне ўсё пачалося, як і ва ўсіх дзяцей, з кінафільмаў «Індыана Джонс», «Атлантыда», «Палеантолагі». Усё так было цікава, і захацелася самой дакрануцца да даўніны. Так паступова і прыйшла да гэтай прафесіі. Усё тое, што ляжыць на паверхні і даступна для ўсіх, для мяне было не надта цікавым. Хацелася нечага чароўнага. І ў археалогіі я гэта знайшла.

— І апраўдаліся вашы мары спаўна?

С. Вілент-Шчэрбач: — Вядома! На самой справе  яшчэ ёсць адзін момант: мы не толькі дакранаемся да даўніны, але ж і бачым сучаснасць. Кожная наша экспедыцыя — гэта знаёмства з мясцінамі Беларусі. Раней і не магла падумаць, што наша краіна такая прыгожая! Яшчэ — гэта і знаёмства з новымі цікавымі людзьмі.

— Напэўна, гэта больш мужчынская справа…

А. Ткачоў: — Мы са Святланай навучаліся разам на гістарычным факультэце БДУ. Жонка мая таксама археолаг. Займаемся эпохай неаліту. Толькі я  — заходняй часткай Беларусі, а яна —  усходняй. А наконт такого як прыйшлі? Прага да старажытных часоў, краін, цыві-лізацый… А затым — першыя раскопкі, як і першае каханне, забыць немагчыма. І пакрысе пачынаеш у гэта ўсё ўцягвацца.

На жаль, археолагаў, якія выязджаюць у экспедыцыі, у Беларусі мала. Дзесьці 40-50 чалавек. Таму можа яшчэ больш хочацца займацца гэтым, каб захаваць спадчыну, каб выкрываць  таямніцы і даносіць іх да шырокага кола, каб казаць людзям, што мы не горшыя, чым іншыя краіны. Можа ў нас таксама ёсць свая Троя, толькі трэба разумна да яе дакрануцца, абдумана, каб яе не парушыць. Хаця скажу шчыра, што археолагам не марыў быць. Гэта неяк  само знайшло мяне. Значыць, гэта маё.

С. Велент-Шчэрбач: — А наконт таго, што гэта прафесія больш мужчынская… Нас, жанчын, даволі нямнога. Але побач з намі — нашы мужчыны, якія нам дапамагаюць. Ніколі не паўставала такога пытання, што мне надакучыла альбо я не спраўляюся з ускладзенымі абавязкамі.

— А сям’я ваша як рэагуе, што жонка і маці — археолаг?

С. Велент-Шчэрбач: — У Алега, як ён казаў, жонка археолаг. А я са сваім мужам пазнаёмілася на раскопках. Ён ведае, што з красавіка па лістапад мяне дома можна будзе рэдка ўбачыць. Сына планую часткова браць з сабой у экспедыцыі. Дарэчы, ён вельмі ганарыцца маёй прафесіяй. У школе дзеці выхваляюцца, што ў кагосьці маці — дырэктар фірмы, у кагосьці — яшчэ якой прафесіі. А мой сын, калі сказаў, што яго маці археолаг, то ў адказ пачуў: «Гэта вельмі крута!». Вялікае здзіўленне іншыя прафесіі, асабліва ў дзяцей, не выклікаюць. Таму зараз сын з нецярпеннем чакае летніх канікул, калі можна будзе адправіцца ў экспедыцыю.

— Але на працягу васьмі месяцаў жыць у палявых умовах, без гарадскіх выгод, мяркую, няпроста…

А. Ткачоў: —  Наадварот, гэта закаляе. Цяпер людзі не ўяўляюць свайго жыцця без інтэрнэту, прыдатных умоў. Замыкаюцца ў сваёй кватэры і вырваць іх адтуль вельмі складана. Ведаю такіх людзей, якія жывуць у Мінску, і за цэлае лета ніводнага разу не былі на прыродзе. Горад — і ўсё. А тут кожны раз — новае выпрабаванне. Калі ты чалавек-рамантык, табе хочацца прыгод. Здаецца, усе землі адкрыты. А калі выехаць за горад, то для цябе гэта тая самая Атлантыда.

— А колькі экспедыцый праходзіць за сезон?

А. Ткачоў: — Бывае па-рознаму. Звычайна, калі сыходзіць снег, тады і выязджаем. Часам прыходзіцца працаваць, пакуль снег не выпадзе. А бывае, прыходзіцца капаць, калі снег ужо пакрыў зямлю. Трэба яго счышчаць, а затым — капаць.  Кожны даследчык плануе на сезон дзве-тры буйныя экспедыцыі і дзесьці пяць-шэсць разведак.

С. Велент-Шчэрбач: — Вось учора, хаця надвор’е было надзвычай неспрыяльным, заклалі адзін шурф, зрабілі яго на дзюне насупраць в. Латэўка. Павярховых збораў мы там не знайшлі. Але калі заклалі шурф, аказалася, што людзі там жылі. Знайшлі  нуклеус — гэта такая крамянёвая канкрэцыя.

Археолагі з задавальненнем пачалі паказваць здабытыя на прынёманскай зямлі знаходкі.

— Вось цікавы фрагмент, можна заўважыць раслінныя дамежкі. Калі рабілі першую кераміку і каб яна была больш трывалай, дадавалі траву пасечаную, поўсць жывёлы, — расказвае А. Ткачоў. —  Калі яна выгарала, заставаліся сляды. Гэта адна з самых першых керамік, яе ўзрост прыкладна 5-4 тысяч гадоў да нашай эры.

Размаўляць аб знаходках археолагі могуць бясконца. Як запэўніваюць яны самі, варта знайсці хаця бы некалькі старажытных прадметаў, што захаваліся, скажам, з часоў сярэднявечча — прага дакрануцца да гісторыі ўжо ніколі цябе не пакіне.

І. БУТУРЛЯ.

 {jcomments on}