У Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу разгорнута выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Прыгажосць сваімі рукамі” таленавітага майстра, актыўнага ўдзельніка клуба майстроў народнай творчасці “Скарбніца” Алены Гаданчук.

Усяго на персанальнай выставе прадстаўлены больш за 30 работ у тэхніцы пляцення з папяровых трубачак (кошыкі, хлебніцы, цукерніцы) і валяння з воўны.
Сама жанчына працуе спецыялістам па ўліку і кантролю таварна-матэряльных каштоўнасцей ААТ “Нёманская Іскра”, а ў вольны ад работы час займаецца любімай справай.
Майстэрству вышыўкі, вязання і шыцця майстрыца навучылася яшчэ ў дзяцінстве ад матулі. А знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, дарэмна не траціла час, а асвойвала новыя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Асабліва яе зацікавіла пляценне з папяровых трубачак і валянне з воўны.


— Мне заўсёды цікава спрабаваць нешта новае. Пра пляценне з папяровых трубачак я даведалася з інтэрнэта. Убачыла, паспрабавала, спадабалася, — распавядае Алена.
Гледзячы на выставачныя работы, дзівішся, наколькі яны акуратныя. Але, безумоўна, майстэрства такога ўзроўню жанчына дабілася не адразу. На пытанне аб тым, наколькі складана навучыцца, гаспадыня выставы з усмешкай адказала:
— Майстэрства прыходзіць з вопытам. Мае першыя вырабы з паперы выглядаюць, мякка кажучы, не вельмі прыгожа. Не параўнаць з тым, што вы бачыце сёння.
Вялікі кошык майстар вырабляе прыкладна за тыдзень. Часу пайшло б менш, калі б яна выкарыстоўвала гатовыя матэрыялы. Але Алена круціць папяровыя трубачкі, якія з’яўляюцца будаўнічым матэрыялам для будучых шэдэўраў, самастойна.
Цікавы факт: наш знакаміты рэдакцыйны сімвал – плецены з паперы чырвоненкі памідор, які суправаджае выставы рэдакцыі “IK” на раённых, і не толькі, святах, — зроблены таленавітымі рукамі менавіта нашай гераіні.
Асвойваць дадатковыя навыкі Алене Гаданчук сапраўды падабаецца. Цяпер майстар упрыгожвае плеценыя вырабы кветкамі, а таксама шые да іх чахлы з тканіны.
Менш за год жанчына захапляецца валяннем з воўны, але на персанальнай выставе ўжо можна ўбачыць яе таленавітыя работы.

Зрэшты, валенне – вельмі старадаўняе рамяство, сакрэты якога перадаваліся ў сем’ях з пакалення ў пакаленне. Яно было здаўна распаўсюджана на Беларусі, але з развіццём тэхналогій прыйшло ў заняпад.
Сёння старажытная тэхніка апрацоўкі лямцу зноў на піку папулярнасці. З воўны робяць утульныя валёнкі, мілыя цацкі, стыльныя ўпрыгажэнні, модныя сумкі і рознае адзенне.
— Насамрэч, гэта адна з першых тэхнік. Яна з’явілася ў Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў, — дапоўніла народны майстар Ірына Смірнова. — Цяпер на Гродзеншчыне майстроў у гэтым напрамку можна пералічыць па пальцах. Мы рады, што іўяўчанка Алена Гаданчук – адна з прадстаўніц такога цікавага і перспектыўнага рамяства.

У далейшым майстар таксама плануе вывучыць тэхніку мокрага валяння, калі воўна спачатку апрацоўваецца адмысловым растворам (ці мыльнай вадой). У выніку воўна ўшчыльняецца, ператвараючыся ў лямец. Тэхніка мокрага валяння добра падыходзіць для стварэння плоскіх вырабаў, адзення і аксэсуараў.
Дома гераіня нашай публікацыі мае сваю працоўную прастору, а родныя падтрымліваюць Алену ў яе захапленнях.
Вырабы Алены Гаданчук можна ўбачыць на раённых мерапрыемствах. Майстар з вялікай ахвотай дзеліцца сваімі навыкамі з ўсімі жадаючымі. І падчас адкрыццы выставы яна з задавальненнем паказала майстар-клас па валянні з воўны для ўдзельнікаў клуба “Скарбніца”.

Застаецца дадаць, што персанальная выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Прыгажосць сваімі рукамі” будзе працаваць да 26 красавіка, з 9 да 17 гадзін (выхадныя – панядзелак і аўторак). Ёсць магчымасць набыць вырабы.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына БУТУРЛЯ, Рыта РЭЙ.
Фота Кірыла МАЦІФЕЙЧЫКА.






