ПАЭТЫЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ НАВАГОДНІЯ, ЯК І САМ ПАЭТ, СТАРАМОДНЫЯ
У нашы дні трывожныя прагнозы асцярожныя чуваць з усіх кутоў. Сіноптыкі, астролагі і знаўцы-палітолагі з экранаў і гуртоў сцвярджаюць: навагоднія надзеі мала годныя — нібы гульня ў лато.
А я свае, лірычныя, прагнозы паэтычныя, прапанаваць гатоў — з гарантыяй нязменнаю, зусім не летуценнаю, — ажно на 100 гадоў! Што бачу я, — адбудзецца, на 100 адсоткаў збудзецца, на ўсе, паверце, 100!
Няварта нам маркоціцца: жыццё назад не скоціцца, не выйдзе за кругі: крутыя, высачэзныя, але зусім не цесныя стагоддзі-берагі. І ўсё ж крыху палепшае, таму і рытм для вершыка я выберу другі…
* * * Толькі Новы год сустрэнем — пойдзе ўсё на новы лад. Прагу жыць у сэрцы вернем, будзе новых планаў шмат.
З першых дзён, без прамарудкі, будзем шчыра працаваць і краіне да мінуткі час рабочы аддаваць.
Адзімуем, не замёрзнем — хопіць дроў і газу нам, дый мароз не будзе грозны, не запозніцца вясна.
Сонца будзе крыху болей, чым у леташнім жыцці. А зямля нап’ецца ўволю — дождж часцей будзе ісці.
Здзівяць буйным цветам вішні — хоць да шлюбу іх вядзі. Будзем з радасцю, увішна агароды зноў садзіць.
Потым прыйдзе час праполкі, — гэта нельга забываць, — паасобку, ці суполкай будзем зелле з градак рваць.
Не заўважым, як на градах стануць зыркаць агуркі, — ох, як будуць вельмі рады мець закуску мужыкі!
Зацвітуць на полі ўроссып сярод жыта васількі. Пабяжым мы лугам росным на купанне да ракі.
Будзе сёлета раскоша ўсім заядлым рыбакам: кожны дзень лаві хоць кошык — горш затое чарвякам.
Лес па ягады пакліча, а за імі — па грыбы. Хто багацце гэта злічыць?! — тут багач ужо любы!
Будзем з пахкім, свежым хлебам, з караваем для гасцей — цалаваць вачыма неба будзем з кожным днём часцей.
Зноў парадуе нас бульба, і гатунак хоць які: ураджай рэкордны будзе — насыпай адно ў мяшкі.
Малака рагулі ўдосталь будуць круглы год даваць, будзе нават больш, чым досыць, — лішкі будзем прадаваць.
І з прыплодам ладным будзем — без скаціны жыць нам як? — будуць радавацца людзі: падрастае маладняк.
Мацаваць здароўе будзем, напаткаем менш хвароб, пра таблеткі ўраз забудзем: будзем біць хваробе ў лоб.
Пазіраць мы меней будзем на марскія берагі. Стане болей любы людзям край наш родны, дарагі.
Будуць з ног валіць жанчыны чарадзейнай пекнатой. Ой, пазнаюць зух мужчыны! — у каго і быў прастой.
Будзе больш у нас вяселляў — шмат каму хто будзе люб. Стане горкім пустазеллем зарастаць бясшлюбны шлюб.
Нараджацца будуць дзеці — з імі столькі хараства! Весялейшая на свеце беларуская дзятва!
Азірацца рэдка будзем на мінулыя вякі: што мы ў іх цяпер здабудзем? — мы ж наперад хадакі.
Мы наперад будзем крочыць, не прыпынімся нідзе. Будзе шчасціць днём і ноччу беларускай грамадзе!
Будзе добра добрым людзям — вось галоўны мой прагноз. Пацвярджае гэта Зюзя — беларускі Дзед Мароз.