80 мірных гадоў Актуальное О людях

Нязгасная перамога жыцця: успаміны жыхаркі вёскі Расолішкі пра ваеннае дзяцінства

У невялікай вёсцы Расолішкі, што ў Бакштаўскім сельсавеце, жыве 94-гадовая Марыя Мікалаеўна Віршыч , памяць якой беражліва захоўвае страшную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне – не па кнігах, не па фільмах, а ў кожным слове, кожным жэсце і маршчынцы на твары. Яе гісторыя – гэта хроніка жыцця цэлага пакалення, якое спазнала холад, голад і неймаверную мужнасць простых людзей.

Значная частка вёсак была разбурана падчас карнай аперацыі «Герман», праведзенай фашыстамі з 1 ліпеня па 4 жніўня 1943 года на тэрыторыі былых Валожынскага, Івянецкага, Любчанскага, Навагрудскага і Юрацішкаўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці. Было спалена 150 вёсак, забіта 4280 чалавек, 20944 жыхары ўзяты ў палон для дэпартацыі ў Германію, а ўся хатняя жывёла рэквізавана. 

У ходзе гэтай аперацыі былі спалены вёскі Белы Бераг, Бакшты, засценак Завой, Каменная Слабада, Кавалёвы, Юроўскія, Сябрынь 1, Сябрынь 2, Расолішкі і Навусць. Каля 100 чалавек былі забітыя. Толькі з в. Бакшты ў рабства было ўзята 300 чалавек. Але немцы асабліва лютавалі ў 1944 годзе, непасрэдна перад вызваленнем Іўеўскага раёна, адчуваючы набліжэнне канца. Было разбурана 28 вёсак. 

Так, 31 мая 1944 года нямецка-фашысцкія гарнізоны Юрацішак, Іўя, Лаздун і полк СС з в. Косці пры падтрымцы 4 танкаў, бронемашын, 9 самалётаў спалілі 15 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі ў в. Забелаўка, 17 дамоў у в. Зубавічы, 16 дамоў у в. Гудзеняты, 52 дамы ў в. Дзевергі, 7 дамоў у в. Янцэвічы, 5 — у в. Навамягавічы. А праз 8 дзён гэтыя ж гарнізоны спалілі 60 дамоў у в. Даўнары, забраўшы з сабой 17 жанчын і дзяцей; у в. Шчучы Бор было разбурана 10 дамоў, у в. Чарнэлі разбурана 6 дамоў, у в. Гуцішкі 1 і 2 — 20 дамоў, у в. Жыдзевічы — 21 дом, у в. Баруцішкі — 6, у в. Асігіры — 3. 5 мая 1944 года 5 нацысцкіх самалётаў з Ліды бамбілі в. Круплі, згарэла 17 домов. 5 чэрвеня 1944 года пасля бою з партызанамі атрада «Бальшавік» немцы ў складзе гарнізонаў з Лаздунаў, Іўя, Дудаў, Пятровічаў, якія налічвалі 800 чалавек, спалілі 90% вёскі Новая Бярэзіна і 60% вёскі Чарнявічы.

Выратавальны літр малака

Яе жыццё пачалося са сціплай сялянскай хаты, дзе, акрамя Марыі, гадаваліся яшчэ трое братоў. Самы маленькі з’явіўся на свет у самым пекле сорак першага года. Як ён выжыў, калі вакол лютавалі фашысты?! Выратаваннем стала партызанскае малако. Маці, рызыкуючы жыццём, тайком даіла партызанскую карову. Аднойчы за гэтым заняткам яе застаў сам партызанскі камандзір. Ён не стаў крычаць. Прыгледзеўшыся, як умела завіхаюцца рукі жанчыны, мужчына проста сказаў:

— Кароў добра доіце.

Ад нечаканасці маці выпусціла збанок. Гук ад падзення разануў цішыню страшней за стрэл.

— Згодна даіць штодзень? Літр малака будзе вашым, — сказаў  партызан. 

Маці ўхапіла напалову поўны посуд і кінулася бегчы туды, дзе чакаў галодны сын. Той літр быў даражэйшым за золата, бо нёс  права на наступны дзень. Так гэты літр малака штодзённа спасаў чатырох дзяцей ад голаду.

Вёска асірацела на 28 чалавек

Вайна прыйшла  на радзіму нашай гераіні без папярэджання. У вёсцы з’явіліся немцы, а праз пыльную дарогу пагналі палонных чырвонаармейцаў. Некалькім байцам удалося вырвацца з пасткі. Менавіта яны сталі тым бікфордавым шнуром, ад якога ў Налібоцкай пушчы разгарнуўся магутны партызанскі рух. Да лясных мсціўцаў пацягнуліся мясцовыя.

Але помста акупантаў была лютай. У сорак трэцім годзе фашысцкі агонь знішчыў суседнія Кавалёвы і Юроўскія. Дзевятнаццаць жыхароў Юроўскіх самі капалі сабе магілу, у якую іх скінулі выстраламі ў спіну — усіх запар: старых, жанчын, немаўлят. У Кавалёвах мужчын расстралялі, а дамы спалілі датла. Страх халодным полымем ахапіў наваколле. Разам з іншымі вёскамі апусцелі і Расолішкі. Жыхары, схапіўшы малых дзяцей, пайшлі ў лес, ратуючыся ад немінучай смерці. Там, у Налібоцкай пушчы, яны трымаліся невялікімі гуртамі. Забралі з сабой, што маглі пакласці ў воз. 

Праз нейкі час, калі здавалася, што ўсё супакоілася, дзве жанчыны, Валя і Акуліна, асмеліліся выйсці па ягады.  Іх схапілі немцы. Прымусіўшы быць праваднікамі, карнікі пайшлі туды, дзе былі дзясяткі аднавяскоўцаў. Мужчын на месцы не было — яны пайшлі ў пушчу . Фашысты перапатрашылі ўсе вазы, забралі апошні хлеб, а пасля… 28 чалавек — старых, жанчын і дзяцей — ляглі на зямлю ў адно імгненне ад рук фашысцкіх катаў.

Марыя ў той час разам з іншымі жанчынамі збірала ягады. Раптам над звярыным маўчаннем пушчы пранёсся спалоханы крык мужчыны па імені Фадзей: «Надзя, немцы!». Гэтае слова выбухнула ў паветра, як граната. Жанчыны і дзеці кінуліся ўцякаць і схаваліся ў густым гушчары, прыціснуўшыся да зямлі. Яны ляжалі нерухома доўгія гадзіны, пакуль цішыня не стала проста задушлівай. Позняй ноччу, калі цемра зрабілася непрагляднай, яны асмеліліся пайсці да сваіх.

А Марыі трэба было зусім у іншы бок. Яна ўспамінае, што бегла так хутка, як ніколі ў жыцці. Дачакаўшыся дачкі, сям’я — бацькі і чацвёра малых–  рушылі ў глыб пушчы. Праз нейкі час, мокрыя да ніткі і знясіленыя, яны выбраліся на сухі груд. Наляцела чорная хмара, неба раскалоў грымотамі гром і лінуў ледзяны дождж. Яны ляжалі ў поўным няведанні некалькі гадзін.

Потым бацька, набраўшыся смеласці, выпаўз разведаць дарогу да вёскі. Вярнуўся ён хутка. Твар быў белым, а вочы  – сумнымі.

— Расолішкі гараць. Выгарэла ўсё датла.

Мала таго, карнікі знайшлі нават тое, што гаспадары ашчадна хавалі ў зямлі. Знайшлі нават схованку з палатном і зернем, на якую зверху маці Марыі пасадзіла куст тытуню. 

— Не пакінулі ніводнага зернейка. Укачалі з зямлёй і вывезлі, каб мы памерлі з голаду, — прыгадвае Марыя Мікалаеўна.

Але як толькі ад вёскі засталося чорнае вуголле, немцы тут жа паехалі. А тыя, хто выжылі, пачалі развітвацца з аднавяскоўцамі, з якімі фашысты жорстка расправіліся ў лесе. Іх загрузілі на павозкі і павезлі на могілкі ў Белы Бераг. Вёска асірацела на 28 чалавек.

— Там маткі з дзеткамі былі. З адной хаты пяць душ, з другой – тры,  бо мужык з адной дачкой быў адышоўшы. Тады зноў, на гэты вугал, пяць душ, тады тут  побач хата –  дзве душы, Грыкава Маня — тры душы і там Сакаловічы — тры душы, — успамінае жанчына.

Холад і голад зямлянкі

Зімаваць давялося ў хаціне брата маці ў суседняй  Хімры. Дзеці ад голаду трацілі прытомнасць проста на дарозе. Адно з самых яркіх успамінаў — цыбуліна, знойдзеная па дарозе ў Хімры, якую аддалі гадаваламу Юрку. Малы з’еў яе цалкам, не пакінуўшы нават кропелькі соку.

У хаце жыло некалькі сямей, усяго 17 чалавек. Аднак ніхто не скардзіўся. Калі прыходзілі на начлег партызаны, было амаль у два разы больш. Дзеці залазілі начаваць под ложкі альбо спалі седзячы на падлозе.  А станавілася страшна тады, калі над хутарам ляцелі нямецкія самалёты. Ад іх гуку разбягаліся хто куды. Бомбы падалі пераважна ў лесе. Магчыма, фашысты палохалі партызан. Аднак быў выпадак, калі бомба трапіла ў хату ў суседніх Пацавічах.

Вясной сям’я перебралася ў зямлянку. Бацька меркаваў, што за вясну-восень удасца паставіць зруб. Аднак гэтаму збыцца не давялося. У 1945 годзе ён захварэў і хутка памёр, пакінуўшы жонку і чацвярых дзяцей без даху над галавой. 

Марыя Мікалаеўна ўспамінала, што бандыты ( іх называлі ў вёсцы белымі партызанамі) забралі ў іх кабылку, нават той няхітры абутак, які з лазы змайстраваў для дзяцей бацька.  Пасля смерці бацькі маці  жабравала, каб хто даў жменьку зерня. Яго расцірала ў муку, змешвала з травой і пякла “бондачкі” – такія аладкі.

— Як пойдзе дождж, хаваліся пад стол, – с горыччу ўспамінае жанчына. – Дах быў з сена і зямлі, дождж прабіваў яго наскрозь. Потым пачалі хварэць тыфам. Многа людзей забрала хвароба.

Працавала з дзяцінства

Марыя вельмі хацела вучыцца. Але школа была ў дзесяці кіламетрах. Сама пляла лапці, брат падшываў падэшвы гумай. Толькі тры гады пахадзіла ў школу. Трэба было жыць. Яна жала жыта, пасвіла статак, садзіла лес, а пазней пайшла на падсочку смалы. За дзень дзве  дзяўчынкі набіралі амаль поўную бочку ляснога дару.  Бывала, што піць хацелася так моцна, што смагу наталялі  проста з лужыны, праз хустачку.

Пабудаваць хату дапамог муж сястры маці. Аддаў невялікі зруб. Радня памагла яго перавесці. А даводзілі яго да толку самі. 

У 1955 годзе Марыя выйшла замуж за мясцовага хлопца. Праз чатыры гады пабудавалі дом, у якім і цяпер жыве гераіня нашай публікацыі. Яна працавала ў калгасе, муж лясніком, гадавалі 4 дзяцей. Трымалі вялікую гаспадарку. Шмат працавалі, каб дзеці былі накормлены і адзеты і, не дай Бог, не перажылі тое, што ім самім давялося.

Цяпер у Марыі Мікалаеўны свая маленькая перамога над той вайной: сем унукаў і дзевяць праўнукаў. Яна расказвае пра іх і ўсміхаецца. І ў гэтай усмешцы, у гэтых вачах — сапраўдная, нязгасная перамога жыцця.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: telegram.me/ivyenews

Ірына БУТУРЛЯ.

Станіслаў ЗЯНКЕВІЧ (фота).