Экономика

Назад кінеш – наперадзе знойдзеш. Гісторыя Ніны Рыбік

Спачатку прытча.

Ішоў Хрыстос з апосталамі па зямлі. Стаміліся яны і папрасіліся на начлег да багатага чалавека. Той не пусціў запыленых, стомленых падарожнікаў у хату, адправіў іх у халодны сыры падвал. Настаўнік, заўважыўшы дзірку ў яго сцяне, усю ноч задзелваў яе, замазваў глінай, каб і знаку не было. 

На другую ноч, у другой вёсцы яны пастукаліся да бедняка – той прыняў іх, як дарагіх гасцей: накарміў, чым меў, палажыў спаць на сваю пасцель. А ранкам у таго чалавека пала карова – малыя дзеці засталіся без малака.

“Як Ты мог? – накінуліся на Збаўцу вучні, калі яны пакінулі гасцінны дом. – Ты дапамог багатаму і сквапнаму – і не ўратаваў адзіную карміліцу ў сям’і гасціннага бедняка! Дзе ж Твая справядлівасць?”

“Прабачце, што не расказаў вам усё адразу. У сцяне падвала сквапнага багацея быў замураваны гаршчок з залатымі манетамі, пра які ён не ведае, і я замазаў дзірку, каб ён не знайшоў скарб – хай дастанецца таму, каму гэта больш патрэбна. А ў дом бедняка сёння ноччу, калі вы спалі, прыйшла Смерць, каб забраць гаспадыню. Я ўсю ноч прасіў яе не рабіць гэтага, і яна ўзяла карову”.

А цяпер выпадак з жыцця.

Антось у вёсцы слыў дзіваком. Жыў бабылём, пенсію атрымліваў нядрэнную, бо ўсё жыццё працаваў на трактары. Але хадзіў абарванцам: у залатаных штанах, засаленых расцягнутых свэтрах, світках з чужога пляча. У магазіне купляў усё самае таннае і па мінімуму – хлеб, малако, кільку, не ленаваўся пайсці ў суседнюю вёску ў краму, дзе прадаваўся батон і быў на пару капеек таннейшы, чым у іх аўталаўцы, і мог чакаць да самага вечара, пакуль яго падвязуць. На кпіны і жарты аднавяскоўцаў ўвагі не звяртаў, моўчкі пасміхаўся ў сівы вус.

Зімой, калі мала работы, вясковыя мужыкі любілі збірацца ў Антося – пагуляць у карты, пагаманіць, калі і бутэлечку выпіць: ніхто не бурчыць, што ў хаце папяросы смаляць, у ботах па чыстай палавіне тэпаюць, глупствам займаюцца замест таго, каб справу якую зрабіць. 

Адно было дрэнна ў гэтай хаце: надта ж холадна.

– Чаму ты ніколі печ не паліш? – пыталіся мужыкі ў Антося. – Калі дроў не маеш, то мы будзем прыносіць па абярэмку. Як можна жыць у такой халадэчы?

– Не трэба дроў, — заўсёды адмаўляўся ад дапамогі сусед. – Мне не холадна, я прывычны. А печку гэтую нельга паліць, яна няспраўная, пажар можа стацца.

Мужыкі паціскалі плячыма: нам што, табе тут жыць, мы пару гадзін неяк ператрываем.

Так і пражыў Антось усё жыццё: не сагрэўся, не пад’еў у смак, не знасіў адзежыны ў радасць… І памёр раптам, нікому рук не заваліўшы.

Хаваў яго пляменнік – іншай радні ў бабыля не было. Грошай у нябожчыка не знайшлі, хоць і падазравалі, што недзе яны павінны быць – некуды ж дзяваў ён свае колішнія немалыя зарплаты і сённяшнюю пенсію. Але пляменнік, хоць і жыў небагата, пяцёра дзяцей гадаваў, не паскупіўся, хораша пахаваў дзядзьку: касцюм новы купіў, труну прыгожую, памінкі справіў – усё як мае быць.

– Дзядзька пры жыцці ва ўсім сабе адмаўляў – хай хоць на той свет, як чалавек, пойдзе, – так патлумачыў ён сваё, як многія палічылі, марнатраўства.

Лядашчая хаціна, у якой жыў Антось, пасля яго смерці таксама дасталася пляменніку. Толку з гэтай спадчыны было мала, жыць там не было як. Адзінае, на што рашыўся пляменнік – разабраць печ, каб са старой цэглы скласці печку ў новай хаце, якую пачаў будаваць для сваёй вялікай сям’і.

Сталі разбіраць – і знайшлі дзядзькаву хованку! А там… Столькі грошай не тое што пляменнік – ніхто ў вёсцы ў вочы не бачыў! Усё, што зарабляў Антось, ён складваў. Каму, навошта, як збіраўся распарадзіцца грашыма – таго ніхто не ведаў, ды ўжо і не даведаецца.

Пляменнік доўга не мог паверыць, што гэты скарб – ягоны. Але вяскоўцы пераканалі, што, раз дзядзька хату завяшчаў пляменніку, то ўсё, што ў ёй, – таксама яго.

З раптам прываліўшага багацця мужчына пабудаваў дзве хаты, сабе і маці, якая даводзілася сястрой падпольнаму мільянеру. Паставіў на яго магіле прыгожы помнік. І заказаў за спачын яго душы імшу на цэлы год – палічыў, што толькі так ён можа аддзячыць за нечаканую дапамогу.

… “Назад кінеш – наперадзе знойдзеш,” – гаварыла некалі мая маці.

І што кінеш – тое і знойдзеш. Часта – прымножанае шматразова… 

Ніна РЫБІК.