0
Обсуждение проекта Конституции

Наш шлях – гэта шлях бяспекі, міру і суверэнітэту — Канстанцін Карнялюк

Здаецца, зусім нядаўна мы ўсе хадзілі галасаваць на Рэферэндум – і вось ужо ўбачыла свет  новая самая галоўная Кніга – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. А гэта, як вядома,  вяршыня прававой піраміды ў дзяржаве.  І сімвалічна, што жыць у нашай дзяржаве па-новаму мы пачынаем з 15 сакавіка – Дня Канстытуцыі. Адноўленая Канстытуцыя датычыцца абсалютна кожнага з нас. Дарэчы, за абноўленую Канстытуцыю прагаласавала 82,86 працэнта тых, хто прыйшоў на галасаванне. І хіба такая вялікая лічба не пераканаўча  дэманструе волю беларусаў і беларусачак? Хіба гэта не  доказ таго, якой заўтрашнюю Беларусь мы хочам бачыць?! І таму новая Канстытуцыя – гэта па праву кансэнсусны дакумент, які відавочна  адлюстроўвае светапогляд большасці суайчыннікаў.

І я не разумею тых людзей, якія абыякава, а то і негатыўна ставяцца як да самой Канстытуцыі, так і да свята – Дня Канстытуцыі, так і да сваёй Айчыны.  А гэта ж наша дзяржаўнасць, нам у Беларусі жыць, вучыцца і працаваць. А як заморскія “дабрадзеі” нам дапамагаюць, мы бачым штодня па тэлебачанні. Многім дапамаглі разабрацца незайздросны лёс Украіны, Казахстана, падзеі ў іншых гарачых кропках свету.  Гэта нелагічна усё ж: як некаму патрэбна дапамога, ён прывык звяртацца з просьбамі  да дзяржавы, а як дзяржава просіць у грамадзян, нават тое, што яны і абавязаны, тыя могуць і адвярнуцца, прытварыцца сляпымі  і глухімі.

 Новая рэдакцыя Канстытуцыі   ўступае ў сілу 15 сакавіка.  Прычым частка  палажэнняў пачне дзейнічаць адразу, але для асноўных патрабуецца прыняцце і змена шэрагу законаў. Так, у  рамках рэалізацыі палажэнняў новай Канстытуцыі будзе падрыхтавана больш за 60 законапраектаў. Многае ўжо здзейснена: гэта і законапраекты аб Усебеларускім народным сходзе, і аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, і  законапраекты, што тычацца статусу дэпутатаў парламента і мясцовых Саветаў, мясцовага самакіравання. У законе аб Усебеларускім народным сходзе вызначана, як ён будзе фарміравацца, парадак унясення і разгляду сходам пытанняў.  Праекты, канешне ж,   вынесуць таксама  на абмеркаванне.

 Абноўленая Канстытуцыя — гэта квінтэсэнцыя нашай дзяржаўнай ідэалогіі. У новай дзяржаўнай кнізе ўлічана амаль усё, самае галоўнае і стрыжнявое: і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, і духоўна-маральныя дасягненні,  і сацыяльны  характар дзяржавы, якая прадвызначае нашу адукацыю, медыцыну,   і гістарычная памяць, і дзяржаўны антынацызм, накіраваны на далейшую  абарону каштоўнасцей перамогі ў Вялікай Айчыннай. Проста галава кругам ідзе ад таго, якая безліч фальсіфікацый пра Другую сусветную вайну распладзілася!..

Не памылюся, калі скажу, што новая Канстытуцыя – гэта важныя крокі  эвалюцыйнага развіцця нашай дзяржаўнасці, яе новая эпоха.  Гэта далейшае ўдасканаленне нацыянальнага заканадаўства, выразнае імкннне да таго, каб юрыдычныя нормы ў нашай краіне складалі адзіную, лагічную і гарманічную сістэму.

Мяне радуе, што пашыраны паўнамоцтвы Улады і Парламента, што Усебеларускі народны сход ужо традыцыйна стаў органам народаўладдзя з аператыўнай зваротнай сувяззю паміж уладай і рэгіёнамі, працоўнымі калектывамі і рознымі сацыяльнымі групамі. Мы ўсе разам і далей будзем  праводзіць дыялогавыя пляцоўкі, змяняць шэраг заканадаўчых актаў у адпаведнасці з прапановамі жыхароў краіны. Рыхтуюцца змены ў закон аб мясцовым самакіраванні, асабліва ў частцы рэалізацыі падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў. Галоўнае, каб  добрыя ініцыятывы хутчэй увасабляліся ў жыццё. Канстытуцыя будзе садзейнічаць захаванню стабільнасці ў нашай краіне, яе развіццю і руху наперад.

Бясспрэчна, што беларусы самі выбралі свой шлях, свой лёс. А наш  шлях – гэта шлях  бяспекі, міру і суверэнітэту. Нельга забываць, што фундаментальным прынцыпам Канстытуцыі з’яўлецца адзінства беларускага народа і народазахаванне. Галоўная наша мэта – зберагчы  сінявокую Бацькаўшчыну, любімую Беларусь. Толькі неразумны, нізкапробны чалавек будзе галасаваць супраць развіцця сваёй краіны, супраць сваёй жа будучыні, уласных прапаноў, супраць будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў?! Супраць таго, каб мы жылі лепш, абаранялі свае нацыяльныя каштоўнасці, гістарычную памяць, супраць падтрымкі шматдзетных сем’яў, людзей з інваліднасцю?

Нашы людзі пачалі больш уважліва  слухаць і чуць адзін аднаго, пачаўся адкрыты выразны дыялог паміж грамадствам і дзяржавай. Лічу, што разам – і толькі РАЗАМ! — мы змаглі даць цывілізаваны адказ усім тым, хто імкнуўся дэстабілізаваць абстаноўку у Беларусі. Усім недругам і ворагам магу сказаць, што Канстытуцыя – самы яскравы дыямент айчыннай, нацыянальнай ідэі!

А цынікам, ныцікам, песімістам і  квасным патрыётам магу параіць – прачытайце, калі ласка, поўны тэкст новай Канстытуцыі – глядзіш, і напоўніцеся  хоць трошкі нацыянальнай самасвядомасці, і пазбавіцеся палітычнай блізарукасці!

З павагай, Канстанцін Карнялюк.