Экономика

Наш земляк, писатель Иван Коренда, знакомит читателей «IK» с творческими новинками

2025 год стаў даволі прыкметным у літаратурнай творчасці нашага земляка – паэта, празаіка, перакладчыка, публіцыста Івана Карэнды. Рэдакцыя “ІК” звярнулася да Івана Арсеньевіча з просьбай пазнаёміць чытачоў газеты з творчымі навінкамі, выдадзенымі сёлета. 

Вось што ён паведаміў.

— У першай палове бягучага года выйшлі тры мае кніжкі: вершы для дзяцей “Азбука Перамогі” (выданне прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі, якое мы нядаўна адзначылі), кніга прозы “Усміхніся шчасцю свайму” і дакументальная аповесць пра ўраджэнца Іўя І.Б. Бойсу – “Жыць для Беларусі. Шлях суддзі Іосіфа Бойсы”.

Кніга “Азбука Перамогі” працягвае серыю твораў беларускай дзіцячай літаратуры пра наш Алфавіт. У аснову аповеда пакладзены факты жыццёвай біяграфіі майго дзеда-франтавіка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Мікалаевіча Карэнды.

Кніга прозы “Усміхніся шчасцю свайму” уключае ў сябе дзве аповесці: “Двойчы грэшнік” і “Павер свайму каханню”, а таксама некалькі апавяданняў. 

Аповесць “Двойчы грэшнік” адлюстроўвае жыццё беларускай вёскі і яе людзей на працяглым гістарычным адрэзку – ад часоў савецкай рэчаіснасці да гадоў будаўніцтва незалежнай Беларусі. Галоўны герой Аляксандр Парулік – тыповы кар’ерыст савецкай эпохі. На кар’ерны шлях яго падштурхнула крыўда на сябе і на людзей: з маленства ў яго была праблема з вымаўленнем, і ён прыклаў усе свае сілы, каб даказаць аднавяскоўцам, што і ў яго ёсць права на шчаслівае жыццё. 

Аповесць “Павер свайму каханню” – пра каханне і рэўнасць у немаладым узросце. Галоўны герой аповесці Іван нечакана для сябе ў шэсцьдзесят гадоў закахаўся ў прыгожую жанчыну Ірыну, з якой пазнаёміўся на курорце ў Кіславодску. Восем гадоў таму ён пахаваў жонку, раптоўная смерць якой парушыла яго спакойнае сямейнае жыццё. Застаўшыся ўдаўцом, пераключыўся на дапамогу сынам, новую спадарожніцу жыцця не шукаў.

У Кіславодск ездзіў і раней, каб падлячыцца, але ніхто ніколі не хваляваў яго сэрца… І вось нечакана-негадана прыйшло да яго каханне. Як час ад часу на чалавека навальваюцца розныя непрыемнасці, беды і няшчасці, так і неспадзеўкі на яго можа абрынуцца шчасце, і такое магутнае, што ўраз перайначвае лёс. Мне хацелася падрабязна распавесці чытачу аб развіцці адносін паміж мужчынам і жанчынай. У аповесці «анатомія» іх кахання суправаджаецца вандроўкамі па парку і маляўнічых ваколіцах курортнага горада, па горных сцяжынах Каўказа. 

Змешчаныя ў кнізе прозы апавяданні “Яблычны Спас”, “Дзьмухавец”, “Дамініканец”, “Без дай прычыны” – пра нашых сучаснікаў, пошукі імі маральных арыенціраў у сённяшнім вірлівым, няпростым жыцці. 

Трэцяя кніга “Жыць для Беларусі. Шлях суддзі Іосіфа Бойсы” прысвечана светлай памяці ўраджэнца Іўя Іосіфа Браніслававіча Бойсы. Сапраўдны патрыёт нашай Бацькаўшчыны, юрыст-прафесіянал, шматгадовы кіраўнік Лідскага раённага суда і вельмі сціплы, духоўна багаты чалавек, ён бязмежна любіў родную беларускую зямлю і пакінуў на ёй свой адметны след. Сярод яго заслуг – куранты на Іўеўскім касцёле, якія паказваюць землякам добры і дакладны час, камень-валун каля гэтага храма з выявай іконы Маці Божай Вастрабрамскай. 

Напярэдадні свята Дня горада Іўе я мяркую правесці для грамадскасці раёна прэзентацыю гэтай кнігі.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews