Культура и творчество

«Народны майстар года» жыве ў Геранёнах

13 студзеня у абласным цэнтры — горадзе Гродна — ушаноўвалі прадстаўнікоў творчых прафесій — лаўрэатаў прэміі імя  Аляксандра Дубко абласнога выканаўчага камітэта » За творчыя дасягненні ў галіне  культуры і мастацтва”.

З 1999 года існуе гэтая прэмія і яе атрымала больш як 200 чалавек — самых творчых і таленавітых, самых яркіх прадстаўнікоў галіны культуры і мастацтва, якія сваімі поспехамі, сваёй творчай апантанасцю, сваёй самаадданай працай на ніве культуры і мастацтва славяць родны край, яго людзей, адраджаюць і захоўваюць культуру рэгіёна, не даюць кануць у небыццё і матулінай мове, і мату-лінай песні, нясуць друкаванае слова чытачам, вучаць мастацтву дзяцей, пішуць вершы і кнігі… Карацей кажучы, вобласць віншавала людзей, без працы якіх  жыццё мела б толькі шэрыя фарбы.

Лаўрэатаў прэміі па-віншавалі  старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір  Краўцоў і ўдава Аляксандра Дубко Эма Нікіфараўна Дубко.

У цырымоніі віншавання прынялі ўдзел  намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Павел Скрабко і яго першы намеснік Аляксандр Версоцкі.

Гэта вельмі прыгожая цырымонія. А якія цудоўныя канцэртныя праграмы штогод  прысвячаюцца пераможцам! Напэўна, інакш і нельга. Прыгожым людзям — прыгожыя хвіліны адпачынку і радасці.

І сярод лаўрэатаў, людзей прыгожых і таленавітых — і прадстаўніца Іўеўшчыны — Юзэфа Старасціна, загадчыца Геранёнскага філіяла Іўеўскага раённага цэнтра рамёстваў, якая атрымала прэмію імя Аляксандра Дубко ў намінацыі «Народны майстар года». І на цырымонію яна прыехала з групай падтрымкі, якую ўзначаліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама Вольга Чаславаўна Барко.

Юзэфа Эдвардаўна — яркі прадстаўнік людзей творчых, умелых, якія  сваёй дзейнасцю робяць усё дзеля таго, каб захаваць рэгіянальныя рамёствы і традыцыі, навучыць ім маладое пакаленне, паказаць людзям, у якім прыгожым і непаўторным сваёй культурай, рамёствамі, народным мастацтвам і традыцыямі краі мы жывём.

Юзэфа Старасціна —  унікальны майстар саломапляцення, якая займаецца гэтым сонечным мастацтвам больш як дваццаць гадоў. Яе саламяныя вырабы — гэта вялікае мноства вобразаў, кампазіцый, тэм. І ўсе вырабы маюць прыгожыя вытанчаныя формы, зроблены з  вялікім мастацкім густам, у іх адчуваецца любоў творцы да свайго мастацтва, цеплыня і прыгажосць яе душы. Юзэфа Эдвардаўна стварыла калекцыю лялек у нацыянальных строях, брэндавыя сувеніры Іўеўшчыны.

Паслядоўным вынікам творчай работы майстрыцы з’явілася тое, што ў 2009 годзе Юзэфа Старасціна была прынята  ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.

Шмат перамог і ўзнагарод розных (і самых высокіх рэспубліканскіх) узроўняў вянчаюць яе  творчую працу.

А прэстыжная прэмія імя Аляксандра Дубко яшчэ раз падкрэсліла яе самабытнасць, высокі прафесійны ўзровень, талент, адданасць любі-май справе, што і паставіла яе  майстэрства на такую вышыню.

З узнагародай, Майстар!

В. ГУЛІДАВА.

Фота І. Смірновай.