… Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве, любіць свой родны куточак, малую радзіму, як часцінку нашай Бацькаўшчыны… Не голас, а сэрца гаворыць гэтыя словы – з любоўю, з гонарам, з душэўнай пяшчотай. Тут – наша гiсторыя. Тут – мае каранi. Тут – напеўная родная мова. Тут – жывём мы!

15 студзеня бягучага года спаўняецца 84 гады з дня ўтварэння Іўеўскага раёна. З гэтай нагоды ў музеі нацыянальных культур дзейнічае экспазіцыя “Іўеўскі раён у 2-ой пал. ХХ — пач. ХХІ ст”., прысвечаная сучаснай гісторыі нашага раёна. Наведвальнікі яе змогуць пазнаёміцца з асаблівасцямі развіцця нашага рэгіёна, пачынаючы ад першых пасляваенных гадоў і да сучаснасці. Праз гістарычныя дакументы, фотаматэрыялы, рэчы можна даведацца пра людзей, што звязалі сваё жыццё з Іўеўскім краем, якім чынам буйныя агульнагістарычныя падзеі адбіваліся на жыццёвых умовах і быце жыхароў Іўеўшчыны.
Каб заахвоціць нашых чытачоў наведаць музей, раскажам пра некалькі цікавых момантаў выставы, а таксама гістарычных фактаў.


Пасля вызвалення Іўеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тагачаснае кіраўніцтва раёна сутыкнулася с вострым дэфіцытам кадраў і недахопам літаральна ўсяго. Не ўсе былі лаяльныя да савецкай улады. Антысавецкія бынды і фарміраванні на тэрыторыі Іўеўскага і Юрацішкаўскага раёнаў неаднаразова здзяйснялі тэрарыстычныя акцыі, рабавалі крамы, знішчалі актывістаў савецкай улады. Аб гэтым сведчаць адпаведныя дакументы.

Нягледзячы на цяжкасці, ужо ў 1944 г. сяляне раёна нарыхтавалі 1200 т збожжа, 2600 т бульбы. На працягу двух гадоў пасля вызвалення ў раёне было пабудавана каля 200 і адноўлена каля 400 жылых дамоў, шэраг грамадска-культурных аб’ектаў. Быў адноўлены адзін з пяці даваенных калгасаў “Вольнае жыццё” у в. Геранёны, а таксама саўгас “Жамыслаўль”. У 1944 г. быў зноў створаны калгас імя Леніна ў в. Пагаўе Галімшчынскага с/с. Аб гэтым таксама можна даведацца праз архіўныя дакументы.
У экспазіцыі прадстаўлены пасляваенныя савецікія манеты, якія ўваходзілі ў абарот на тэрыторыі нашага раёна ў першыя пасляваенныя гады.
Тут таксама можна ўбачыць дакумент па аднаўленні слупавой гаспадаркі Іўя, у самім жа райцэнтры знаходзілася электрастанцыя, якая з дапамогай дызельнага генератара забяспечвала электрычнасцю важныя аб’екты. А большасць жыхароў карысталася керасінавымі лямпамі, паліва для якіх набывалі ў спецыяльнай краме. Пазней пачалі з’яўляцца правадныя радыёпрыёмнікі, за якія патрэбна было плаціць абаненцкую плату. На выставе прадстаўлены штамп Іўеўскага галоўнага раённага кінатэатра, прафкама Іўеўскай раённай кінасеткі, а таксама дакумент Юрацішкаўскага кінатэатра, з якога можна даведаццца аб фільмах, якія дэманстраваліся ў 1948 годзе.
Асобнае места ў экспазіцыі займаюць фотаздымкі людзей, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё Іўеўшчыны. Адзін з іх – знакаміты Уладзімір Баўм, у гонар якога 22 мая 1995 года названа сельгаспрадпрыемства, якім ён калісьці паспяхова кіраваў.


У 1961-1975 гадах у Іўеўскім раёне дзейнічала Юрацішкаўскае медвучылішча, у 1979 годзе пачало працаваць Іўеўскае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №63 механізацыі сельскай гаспадаркі. У 1984 годзе была адкрыта школа мастацтваў у Іўі, годам пазней Іўеўская сярэдняя школа пераехала ў новы сучасны будынак. На экспазіцыі прадстаўлены школьныя падручнікі, выдадзеныя ў 1950-х гадах.
На выставе знаходзіцца і наша раёнка, якой у бягучым годзе спаўняецца 80 год. Яна з’яўляецца нашчадкам падпольнай газеты ваенных часоў “Белорусский мститель». С 1945 па 1953 год яна выходзіла пад назвай “Луч”, да 1992 года была “Путь Ильича».

Дастаткова паспяховым для Іўеўшчыны быў 1982 год, калі раёну прысуджана першае месца па выніках рэспубліканскага спаборніцтва за павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве льнопрадукцыі. Калгас імя ХХІІ партз’езда па выніках Усесаюзнага спаборніцтва прызнаны пераможцам і ўзнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў БССР, УЦСПС і ЦК УЛКСМ. За лепшыя вытворчыя паказчыкі сярод раёнаў Беларусі Іўеўскаму раёну прысуджаны пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК УКСМБ. Раён быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару і ў Кнігу летапісу працоўных здзяйсненняў.

Перыяд суверэннасці таксама азнаменаваўся шэрагам важных падзей. Назавём толькі некалькі з іх: У 1994-1995 гг. у Іўі пабудавана царква. У ліпені 1995 г. храм наведаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ. 12 студзеня 2000 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь г. п. Іўе быў аднесены да гарадоў раённага падпарадкавання. У 2005 годзе была адкрыта гімназія №1 г. Іўе. У 2007 годзе быў зацверджаны герб і сцяг горада Іўе. У 2009 г. уведзена ў эксплуатацыю Юрацішкаўская гарпасялковая бальніца, адкрыўся Іўеўскі музей нацыянальных культур.


У 2012 годзе ў Іўе адбылася знакавая падзея – адкрыццё памятнага знака ў гонар сяброўства і згоды паміж канфесіямі Іўеўшчыны, якую насяляюць беларусы, палякі, рускія, татары і людзі іншых нацыянальнасцей.
У 2013 годзе адбылося адкрыццё экспазіцыі “Кола гісторыі”. У 2018 годзе Іўеўшчына вонкава змянілася пры падрыхтоўцы да абласнога фестывалю працаўнікоў сяла “Дажынкі-2018”, які адбыўся ў лістападзе гэтага ж года. Галоўнай падзеяй 2019 года стаў рабочы візіт на Іўеўшчыну Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына БУТУРЛЯ.
Станіслаў ЗЯНКЕВІЧ (фота).






