Працяг. Чытайце пачатак: частка 1, частка 2, частка 3, частка 4.
А цяпер пройдземся лясной дарогай па Шчучаму Бору да наступных хутароў, якія жыхары вёскі называлі паміж сабой Антончыкі. І гэта не выпадкова. Бо заснаваў хутар гаспадарлівы чалавек Антон Міхалевіч, 1865 г.н., пражыў 92 гады. Яго жонкай была Юстыння, жанчына таксама гаспадарлівая і практычная, родам з вёскі з-пад Юрацішак. Пражыла 75 гадоў і памерла ў гады вайны ад тыфу.

У сям’і Антона і Юстынні выраслі 5 дзяцей: старэйшая дачка Юлія, сыны Мікалай, Уладзімір, Віктар і Павел. Лёс Юліі Антонаўны склаўся трагічна. Яна выйшла замуж за хлопца Букліса з вёскі Барнікі ў былым Юрацішкаўскім раёне. Але ў гады вайны, пры невядомых абставінах, фашысты забілі Юлію і яе мужа. Іх непаўнагадовы, на той час, сын Іван застаўся жывы. Пасля вайны ён быў гаспадаром-уласнікам, не уступаў у калгас і жыў адзін у сваёй хаце.

Старэйшы сын Антона і Юстынні Мікалай паехаў у маладосці ў Адэскую вобласць Украіны. Там жыў з сям’ёй у сяле Пясчанае Савранскага раёна і працаваў галоўным бухгалтарам і рэвізорам сельпо.
Сын Антона і Юстынні Уладзімір пражываў у бацькоўскай хаце ў Шчучым Бары і нейкі перыяд працаваў настаўнікам пачатковай школы. Ён быў дзедам па мацярынскай лініі Валянціны Кімейша. Уладзімір ажаніўся з дзяўчынай Лідай з Белага Берага. У іх сям’і было двое дзяцей – Коля і Зіна. (Матэрыял пра сям’ю Уладзіміра будзе ў наступных нумарах).
За Уладзімірам, трэцім па ўзросту братам, быў Віктар Міхалевіч, 1904 г.н.. Ён ажаніўся з Юліяй Копач, 1918 г.н., якая была родам з вёскі Трабы. Сям’я Копачаў купіла хату ў Шчучым Бары і пераехала сюды на пастаяннае месца жыхарства з Трабаў. Тут лёс і злучыў Віктара і Юлію. Яны пабудавалі сваю хату, завялі гаспадарку: тры каровы, два быкі, цялят, авечак, гусей, курэй.
У гады Вялікай Айчыннай вайны няшчасце не абышло бокам хату Віктара і Юліі Міхалевічаў: памерлі дзеці – 6-месячны Аркадзь, 1-гадовы Валянцін і 3-гадовы Аляксандр. А вось сыны Леанід, Віктар і Аляксей выжылі, падраслі і сталі добрымі памочнікамі бацькам па гаспадарцы.
Старэйшы сын Леанід, 1938 г.н. паехаў ва ўкраінскі горад Адэсу, жыў і працаваў там пяць гадоў кінамеханікам. Ажаніўся з украінскай дзяўчынай Францішкай, медсястрой. Іх сям’я пераехала жыць і працаваць у Мінск. Каб атрымаць кватэру, Леанід працаваў на будоўлі, а затым перайшоў на гарбарны завод і там працаваў да пенсіі.
Сярэдні па ўзросту сын Віктара і Юліі Віктар, 1947 г.н., закончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум ў 1970 годзе, дзе атрымаў прафесію агранома.
Яго накіравалі на працу ў Геранёны, у калгас імя XXII партз’езда. Старшыня калгаса У.А.Баум прапанаваў маладому спецыялісту ўзначаліць вытворчы ўчастак Жылі. Ён згадзіўся і адпрацаваў тут з 1970 па 1981 год. Прафесійнага вопыту набіраўся на палях, сярод механізатараў, камбайнёраў, інжынераў, аграномаў і іншых спецыялістаў. Ды і сам У.А.Баум быў добрым настаўнікам для маладых кадраў вёскі, бярог іх, дапамагаў, накіроўваў на граматнае і рацыянальнае вырашэнне пастаўленых задач.
У пачатку 1980-х гадоў ураджайнасць на палях вытворчага ўчастка Жылі складала: зернебабовыя – 32 цэнтнеры з га, льновалакно – 4,5-6 цэнтнераў з га, льносемя – 4-6 цэнтнераў з га, буракі кармавыя – 500 цэнтнераў з га, бульба – 250 цэнтнераў з га.
З падачы старшыні калгаса малады загадчык участка Віктар Міхалевіч у 1972 годзе быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яго партрэт на працягу 10 гадоў пастаянна знаходзіўся на раённай Дошцы гонару побач з іншымі перадавікамі вытворчасці Іўеўшчыны.

У 1979 годзе Віктар Віктаравіч завочна закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут і атрымаў спецыяльнасць вучоны-аграном. Як творчы і вопытны спецыяліст ён двойчы прадстаўляў перадавы калгас Іўеўшчыны на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве. Быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ у 1979 годзе, бронзавым медалём ВДНГ у 1984 годзе, а таксама імяннымі гадзіннікамі “Слава” за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі.
З 1982 па 1987 год Міхалевіч працаваў галоўным аграномам калгаса, а з 1987 года – намеснікам старшыні калгаса па корманарыхтоўцы.
З прыходам на пасаду старшыні калгаса Аляксандра Аляксандравіча Багушэвіча, з верасня 1989 года Віктар Міхалевіч – аграном калгаса.
21 кастрычніка 1987 года калгас імя XXII партз’езда і Суражскі калгас імя Леніна былі аб’яднаныя ў адну гаспадарку. З 1993 па 1995 год Віктар Віктаравіч працаваў аграномам на вытворчым участку “Сураж”.

15 сакавіка 1995 года, калі раёнам кіраваў М.У. Дуніч, былыя два калгасы зноў атрымалі сваю самастойнасць. Суражскі калгас імя Леніна ўзначаліў Станіслаў Станіслававіч Кандратовіч, а Геранёнскую эксперыментальную базу “Ніва” – Мікалай Аляксандравіч Длужнеўскі. У 1995 годзе Віктар Віктаравіч Міхалевіч зноў вярнуўся на працу ў Геранёны, а затым перайшоў працаваць загадчыкам участка ў Меляхі. 2 лютага 2002 года гаспадарку ў Геранёнах узначаліў Вацлаў Яўгеньевіч Івуць, а з 2 лютага 2004 года – Віктар Адольфавіч Канецкі. У гэты перыяд Міхалевіч зноў прыняты на працу аграномам. У 2007 годзе выйшаў на пенсію, але яшчэ 2 гады працаваў па спецыяльнасці.
Такі вось нялёгкі, можна сказаць цярністы шлях з трывогамі за ўраджай на палях, за кармы на фермах прайшоў за 42 гады ўраджэнец Шчучага Бору, патомасны хлебароб Віктар Віктаравіч Міхалевіч.
Жонка Міхалевіча Леакадзія Баляславаўна родам з вёскі Апіта. Яна закончыла курсы сакратароў у Вышэйшай партыйнай школе і прысвяціла сябе дзяржаўнай службе ў органе мясцовага самакіравання. З 1971 па 2005 год працавала сакратаром Жылёўскага, а затым Геранёнскага сельсаветаў.

Віктар Віктаравіч і Леакадзія Баляславаўна любяць Геранёны. У 1987 годзе калгас выдзеліў маладой сям’і двухпакаёвую кватэру на трэцім паверсе дома, але яны адказаліся. Хацелі мець уласны дом, агарод, сад, кветнік, жыць на зямлі, а не назіраць за ёй з балкона. Віктар перавёз са Шчучага Бору бацькоўскі дом ў 1988 годзе ў Геранёны і паставіў яго на ўчастку пры ўездзе ў аграгарадок на вуліцы Зялёнай. Так ён захаваў памяць пра сваю родную вёску і бацькоў.
У гады маладосці Міхалевічы трымалі ў гаспадарцы карову, свіней, засаджвалі агарод, пасадзілі сад. У імклівыя і неспакойныя гады маладосці ім не хапала часу на адпачынак і любімыя заняткі. Цяпер, у пенсійным узросце, дагледжанае падвор’е з квітнеючым садам, кустамі ягаднікаў і кветкамі на клумбах, як лячэбны бальзам у час адпачынку, месца для сустрэчы гасцей, дзяцей і ўнукаў. Віктар Віктаравіч і Леакадзія Баляславаўна з 1971 года крочаць разам па жыцці с любоўю, павагай і вернасцю ўжо 54 гады.

Сын Міхалевічаў Анатолій закончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага педагагічнага ўніверсітэта, а таксама Інстытут нацыянальнай бяспекі. Пражывае з сям’ёй у Мінску і займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Дачка Міхалевічаў Лілія закончыла Гродзенскі педуніверсітэт, па спецыяльнасці настаўнік матэматыкі і інфарматыкі. Пражывае з сям’ёй у Іўі і працуе спецыялістам у “Беларусбанку”.
У Віктара Віктаравіча і Леакадзіі Баляславаўны чацьвёра унукаў.
Трэці, меншы па ўзросту сын Віктара Антонавіча і Юліі Осіпаўны Міхалевічаў, родны брат Леаніда і Віктара Аляксей, 1951 г.н., пражываў з сям’ёй у Лідзе, працаваў на лакафарбавым заводзе рабочым.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег ІГЛІЦКІ.
Працяг будзе.






