Канстанцін Лявонцьевіч Ярмош нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Морына ў сялянскай сям’і. У 1903 годзе паступіў у Морынскую царкоўна-прыходскую школу і паспяхова скончыў яе ў 1907 годзе.

Дрэннае матэрыяльнае становішча сям’і не дало магчымасці прадоўжыць далей вучобу. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Сямнаццацігадовым юнаком ён адправіўся зарабіць грошай на лесараспрацоўкі. Адтуль разам з жадаючымі ён паехаў у горад Брэст-Літоўск і ўдзельнічаў у будаўніцтве Брэсцкай крэпасці.
1914 год. Пачалася Першая сусветная вайна. У 19-гадовым узросце Канстанцін Ярмош быў прызваны ў дзейсную расійскую армію. Яго баявое хрышчэнне на фронце пачалося ў Прыбалтыцы. 14 красавіка 1915 года германская 3-я кавалерыйская дывізія пераправілася цераз раку Нёман у раёне горада Юрбурга (тэрыторыя сучаснай Літвы) з Усходняй Прусіі на расійскую тэрыторыю. 15 красавіка нямецкая пяхотная брыгада заняла горад Расіены (тэрыторыя Літвы). 17 красавіка расійскія войскі былі вымушаныя пакінуць Лібаву (Ліепая, Латвія) і перадавую ваенна-марскую базу. Немцы авалодалі Лібавай 25 красавіка. Расійскія войскі адышлі за раку Дубіса.
У гэтай бітве морынец Канстанцін Ярмош трапіў у нямецкі палон і знаходзіўся ў палоне да 1918 года. Вярнуўся дадому ў Морына пасля падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ўладу ў Расіі ўзялі бальшавікі.
Пасля завяршэння польска-савецкай вайны 1919-1921 гадоў і далучэння земляў заходняй Беларусі да Польшчы, жыццё значнай часткі малазямельных і беззямельных сялян не палепшылася. Кастусь Ярмош, маючы мала зямлі, каб утрымліваць сям’ю, пайшоў працаваць на лесасплаў па Нёмане.
Нечаканыя перамены пачаліся восенню 1939 года, калі конна-механізаваная група Беларускай асобай ваеннай акругі пад камандаваннем камкора Івана Болдзіна ўвайшла ў Іўе. У Морына адразу быў створаны камітэт сялянскай беднаты, які ўзначаліў Пётр Лайковіч. У склад яго, акрамя былых падпольшчыкаў КПЗБ, увайшлі і сялянскія прадстаўнікі: Канстанцін Ярмош, Пётр Гудзень, Канстанцін Бутурля, Аляксандр Жынко, Імпаліт Гудзень. Створаны камітэт падзяліў панскую зямлю паміж малазямельнымі і беззямельнымі сялянамі.
24 снежня 1939 года прайшлі выбары ў Морынскі сельскі Савет дэпутатаў працоўных. Дэпутатамі былі абраны Канстанцін Ярмош, Аляксандр Ігліцкі, Канстанцін Ліхарад, Іван Конан, Яўген Мелех, Браніслава Жамойда. Першым старшынёй выканкама Морынскага сельсавета быў абраны Канстанцін Лявонцьевіч Ярмош.
1941 год. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць новай германскай агрэсіі вызначыла лёс кожнага чалавека зрабіць свой грамадзянскі выбар, здзейсніць абавязак па абароне роднай зямлі ад агрэсараў. Не застаўся ў баку ад барацьбы і морынскі патрыёт Канстанцін Ярмош. Ён актыўна ўключыўся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пра яго жыццёвы подзвіг захаваліся ўспаміны былога камандзіра дыверсійна-падрыўной групы партызанскай брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння Мікіты Іванавіча Клімкіна:
«Наша група была арганізавана летам 1943 года. У кастрычніку ў колькасці 17 чалавек быў накіраваны на дыверсійныя работы на ўчастку чыгуначнай магістралі Стоўбцы — Баранавічы, Баранавічы — Ліда, Ліда — Маладзечна.
У Іўеўскім раёне зыходнымі партызанскімі базамі былі населеныя пункты Крывічы, Морына і хутары, якія прылягаюць да гэтых вёсак. У вёсцы Крывічы мы сустрэліся з сувязным Канстанцінам Гаўрышам. Ён нас азнаёміў са становішчам і сказаў, што найбольш зручнымі подступамі да чыгункі можа быць шлях праз вёску Морына і Краснае балота. Адсюль можна прайсці больш бяспечна да станцый Гутна, Гаўя, Юрацішкі. Гаўрыш парэкамендаваў нам узяць у якасці правадніка Канстанціна Лявонцьевіча Ярмоша, які працаваў да вайны старшынёй выканкама Морынскага сельсавета.
20 кастрычніка я разам з партызанамі Барысам Абдзюшавым і Вячаславам Аляксандровічам пераправіліся цераз раку Нёман і пастукаліся ў дом Ярмоша. Выйшаў гаспадар. Я паведаміў, хто мы такія і кім накіраваны да яго. Ён запрасіў нас у дом. Загарэлася капцілка, і мы ўбачылі нашага правадніка. Быў ён сярэдняга росту, гадоў сарака, хударлявы, вельмі энергічны. Гаспадар пасадзіў нас за стол і пачаў расказваць пра становішча ў акупіраванай фашыстамі зоне. Я, як камандзір падрыўной групы, прапанаваў Канстанціну быць нашым сувязным. Нягледзячы на тое, што ў Канстанціна Лявонцьевіча было шасцёра дзяцей і справа звязана з вялікай рызыкай, якая пагражае не толькі яму, але і сям’і, ён, не задумваючыся, адказаў, што сувязным быць згодны. Мы распрацавалі план нашай аперацыі і дамовіліся, што група выйдзе ў раён Морына ўвечары 23 кастрычніка. Месцам збору прызначылі ўзлесак паміж вёскай Морына і цагельняй.
У прызначаны час група прыбыла ва ўмоўнае месца, дзе ўжо быў і Ярмош. Паехалі па лясной, незнаёмай нам, але вядомай правадніку дарозе. Спыніліся на хутары і накіравалі разведаць дарогу, якая вядзе ў вёску Дзяманты, правадніка і партызан Валодзю Акуневіча і Лёшу Іванова. Прыкладна праз паўгадзіны мы атрымалі сігнал аб тым, што шлях вольны і можна рухацца. Праехаўшы міма Дзямантаў, абмінуўшы іншыя населеныя пункты, мы апынуліся на ўскрайку лесу паблізу чыгуначнай станцыі Гаўя. Разгарнуліся ў баявым парадку і пайшлі да палатна чыгункі.
На палатно дарогі выйшлі трое: я, Аляксандровіч і Ярмош, а астатнія залеглі ў засадзе і ахоўвалі нас. Была закладзена міна націскнога дзеяння на выпадак, калі не будзе цягніка да раніцы і нам давядзецца адысці. Чакалі ўсю ноч. Толькі пад раніцу пачуўся гудок паравоза, які рухаўся з Ліды ў Маладзечна. Усе партызаны стаіліся, чакаючы выніку. Прапусціўшы паравоз і платформы, якія ідуць наперадзе, я тузануў шнур. Праз імгненне раздаўся аглушальны выбух. Пачуўся скрыгат вагонаў, што сышлі з рэек, у паветра ўзнялося полымя. Мы пабеглі да коней, селі ў сёдлы і галопам панесліся ў зваротны шлях.
Першая аперацыя на «жалезцы» была ўдалай. Паляцелі пад адхон сем вагонаў з ваеннай тэхнікай ворага і паравоз. Немцы былі настолькі ашаломленыя, што нават не адкрылі агню, як гэта яны рабілі ў іншых выпадках.
Падрыў другога цягніка ўдала правёў Канстанцін Лявонцьевіч Ярмош. Гэта было 16 лістапада 1943 года. Трэці поезд мы падарвалі ноччу 2-га снежня недалёка ад станцыі Юрацішкі, а 27 снежня такая ж аперацыя была праведзена днём. Ад выбуху згарэў састаў з бензінам. Падрыў цягніка днём, на вачах у фрыцаў, праходзіў з вялікай рызыкай. Немцы адрэзалі шляхі адыходу партызан на ўсіх кірунках: каля вёскі Дзяманты яны зладзілі засаду каля балота, усталявалі пасты на дарозе Іўе — Морына. Іўеўскі гарнізон быў узняты па баявой трывозе, не кажучы аб ахоўных падраздзяленнях станцый.
З цяжкасцю трое сутак падрыў-нікі прабіраліся ў крывіцкі лес. Вярнуўшыся, не верылі самі сабе, што ўсё абышлося добра: гурт вярнуўся ў поўным складзе.
З-за частых дыверсій на ўчастках чыгункі Ліда — Маладзечна ў Іўеўскім раёне немцы ўзмацнілі ахову. Кожны дзень у населеныя пункты сталі выязджаць карныя атрады. Асабліва пільнымі фашысты сталі ў вёсках Морына, Дзяманты і іншых населеных пунктах, праз якія прабіраліся партызаны да чыгункі. Яны ўчынілі засады і пільнавалі партызан днём і ноччу.
Спробы ворага блакіраваць выхад партызан з крывіцкага лесу былі няўдалымі. Наша падрыўная група працягвала здзяйсняць дыверсіі на чыгунцы. Для падтрымкі падрыўнікоў камандаванне брыгады вылучыла групу аўтаматчыкаў, якую ўзначальваў Станіслаў Пятруцкі, і справы на «жалезцы» пайшлі весялей.
Увечары 20 студзеня 1944 года я з іншымі разведчыкамі пераправіўся цераз раку Нёман у Морына. Мы сустрэліся з Канстанцінам Ярмошам і дамовіліся ў гэтую ж ноч даць яшчэ адзін «канцэрт» на «жалезцы», не прапусціць фашысцкі эшалон на фронт. У 9 гадзін вечара наша група ў складзе сарака сямі чалавек, якая суправаджалася вопытным сувязным і разведчыкам Канстанцінам Ярмошам, узяла курс праз гразкае тарфяное балота Краснае да вёскі Дзяманты.
Дзяманты — апошні населены пункт перад чыгункай. Разведчыкі ехалі на конях наперадзе. Вось ужо яны выбраліся з балотнага бруду. На месцы, дзе была магчыма засада фашыстаў, — спакой і цішыня. Разведчыкі далі знак сваім. Конны атрад партызан — падрыўнікоў пад’ехаў да вёскі. У першай хатцы міргаў агеньчык. У чым справа? Мігаценне агню ў такі позні час здалося мне падазроным. Я паслаў двух разведчыкаў даведацца, хто ёсць у доме. Яны паведамілі, што ў доме толькі адна маладая жанчына. Па яе словах немцы ў Дзямантах былі толькі днём, а да вечара паехалі ў Іўе. Я даў каманду ехаць далей і строга папярэдзіў, каб у дарозе ніхто не курыў, бо выязджаем на адкрытую мясцовасць.
Калі мы сталі аб’язджаць адрыны першых хат, рушыў услед адзіночны стрэл з пісталета. Я адчуў боль у паясніцы і тут жа здагадаўся, што гэта быў дадзены сігнал для адкрыцця агню.
Мясцовасць асвятлілі ракеты, фашысты адкрылі ўраганны ружэйна-кулямётны агонь з аўтаматаў, ручных кулямётаў, вінтовак, пісталетаў. Я ж, паранены варожай куляй, толькі з горыччу прыціснуў аўтамат да шыі каня. У сумцы былі дзве гранаты. Я з цяжкасцю кінуў іх у напрамку варожай засады. Пасля выбухаў гранат агонь спыніўся.
Я хацеў скарыстацца гэтым зацішшам, каб выбрацца з зоны абстрэлу. Але як толькі павярнуў каня ўправа ад дарогі, з левага боку немец схапіў мяне за нагу і з крыкам «Рус бандыт!» стаў цягнуць з каня. У гэты момант дапамог пісталет. Я стрэліў у фрыца. Конь ірвануў наперад і галопам памчаўся ў бок хутароў. Там, на маё шчасце, немцаў не было.
На дарозе бой працягваўся. Мне было крыўдна за сябе, але дапамагчы хоць чым-небудзь сваім таварышам я не мог: сцякаў крывёй. Толькі потым мне распавялі, што бой працягваўся больш за дзве гадзіны. Па-геройску змагаўся Канстанцін Лявонцьевіч Ярмош, як і ўсе іншыя нашы таварышы па зброі. Немцы абстрэльвалі пераправу цераз балота, каб не даць магчымасці партызанам адступіць. Але яны аблічыліся ў адным: не прастрэльваліся прамежкі дарогі ў бок хутароў. Гэтым і скарысталіся падрыўнікі. Адстрэльваючыся, яны адышлі ў лес. Дзякуючы рашучым дзеянням і гераізму ўсяго асабовага складу групы, нам удалося вырвацца з гэтай пасткі з нязначнымі стратамі.
Пасля бою немцы сталі падбіраць партызанскія трафеі. Свецячы кішэннымі ліхтарыкамі, яны выявілі пад мастом цяжка параненага, які сцякаў крывёй, Канстанціна Ярмоша. Яму было прапанавана выйсці і здацца жывым. У адказ ён двойчы стрэліў з пісталета. Тады раз’юшаныя фашысты кінулі пад мост гранату. Так перастала біцца сэрца палымянага патрыёта, партызанскага сувязнога, першага старшыні выканкама Морынскага сельсавета Канстанціна Лявонцьевіча Ярмоша.
Жыхарам вёскі Дзяманты немцы забаранілі хаваць цела загінулага. Забіты партызан быў пахаваны толькі праз тры дні, а праз тыдзень яго цела мы таемна перавезлі ў Морына на сельскія могілкі».

У раённай кнізе «Памяць» дапушчана памылка. Там напісана: «Ярмош Канстанцін Лявонцьевіч, сувязны атрада імя Дзяржынскага, расстраляны 20.01.1944 года ў в. Лугамавічы, пахаваны ў г. Іўі».
Адважны партызан нарадзіўся, жыў і працаваў у Морыне, ваяваў за сваю зямлю з ворагам і пахаваны ён у морынскай зямлі на могілках.
Аўтар успамінаў камандзір дыверсійна-падрыўной групы Мікіта Іванавіч Клімкін, выйшаўшы з бою ў Дзямантах параненым, цудам застаўся жывы. І толькі дзякуючы каню, седзячы верхам, у 2 гадзіны ночы ён дабраўся на ўскраіну Морына. Ён пад’ехаў да акна крайняга дома, пастукаў. Гаспадыня Анастасія Іосіфаўна Шамяка адчыніла дзверы і, убачыўшы знясіленага партызана, напаіла вадой і паклікала на дапамогу мужчын.
Мікіту Клімкіна знялі з каня, завялі ў хату, аказалі першую медыцынскую дапамогу, а потым на санках адвезлі ў Крывічы, у дом Турко. Раніцай наступнага дня яго адвезлі ў пушчу, у лагер брыгады імя Дзяржынскага. У зямлянцы — палаце партызанскага шпіталя ўрач Адарый удачна зрабіў аперацыю. Яшчэ тры месяцы заняў курс лячэння. І партызан зноў стаў у баявы строй.
Пасля заканчэння вайны Мікіта Іванавіч Клімкін вярнуўся ў Расію, у родныя мясціны. Ён працаваў настаўнікам Чаадаеўскай сярэдняй школы Гарадзішчанскага раёна Пензенскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Але нават з гадамі не забываўся пра месца сваёй баявой маладосці. Ён прыязджаў у Морына, наведваў магілу свайго таварыша па зброі Канстанціна Ярмоша.
Клімкін быў жаданым госцем у Морынскай сярэдняй школе, выступаў перад школьнікамі і расказваў ім пра смелыя і дзёрзкія вылазкі партызан – смельчакоў у тыле ворага. Сустракаўся з вучнямі школ раёна, якія адпачывалі ў лагеры «Арляня» на базе Морынскай школы. Ускладаў кветкі на магілу загінуўшым партызанам у вёсцы Морына.
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Алег Ігліцкі.






