0
Обсуждение проекта Конституции

Меркаванне: рэферэндум – гэта стратэгічны крок для далейшага развіцця краіны,выверанае і ўзважанае рашэнне, як будзем жыць мы, нашы сем’і, заўтра

Учора пачуў дыялог двух мужчын на грамадскім прыпынку, маўляў, рэферэндум – гэта бессэнсоўная  трата грошай, усё роўна нічога не зменіцца — сказаў адзін. — А я наогул не пайду на рэферэндум. – заўважыў на гэта другі.

Мне падумалася: дарослыя людзі, а разважанні не вытрымліваюць ніякай крытыкі.  Склалася такое ўражанне, што абодва тыя мужчыны маюць вышэйшую адукацыю. Значыць, у свой час яны усё ж  недавучыліся, недавыхаваліся, не займелі актыўную жыццёвую пазіцыю, а сталі пасіўнымі сузіральнікамі жыцця, людзімі перакаці-поле, без роду-племені.

Лічу, што пытанне: ісці ці не ісці на выбары. не павінна нават стаяць. Абавязкова ісці! І сур’ёзна, удумліва, скрупулёзна адказаць на пастаўленае  пытанне: Ці прымаеце Вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?

Лічу вельмі важным, што з улікам устаноўленых Выбарчым кодэксам патрабаванняў замацавана абавязковая юрыдычная сіла рашэння, прынятага рэспубліканскім рэферэндумам, а рашэнне, прынятае рэфэрэндумам, з’яўляецца неад’емнай часткай Канстытуцыі. Асноўныя навацыі, унесеныя ў Асноўны Закон, ужо добра  вядомы: Беларусь застанецца Прэзідэнцкай рэспублікай, аднак прапануецца надзяліць канстытуцыйным статусам Усебеларускі народны сход.

Не сакрэт, што сама карціна свету ХХІ стагоддзя істотным чынам змянілася. У свеце адбываюцца грамадзянскія, гібрыдныя, інфармацыйныя войны, парушаюцца межы дзяржаўнага суверэнітэту, з’явілася шмат бежанцаў з розных краін.  Гэта не можа не  пераконваць нас у тым, што традыцыйныя каштоўнасці ўжо пастаянна  выпрабоўваюцца на трываласць,  патрабуюць канстытуцыйнай,  прававой абароны. На любы выклік шалёных заморскіх дзядзькаў ды гарластых цётачак павінен быць адказ – аргументаваны і цвёрды. Дрэнна, што і сярод суайчыннікаў усё яшчэ знаходзяцца тыя, хто шкодзіць Радзіме, каб кепска было ўсім. Дзіўна, але некаторыя людзі не за лепшае жыццё, а супраць! Не імкнуцца працаваць, добра, увішна вучыцца. Аднак праўда, безумоўна, будзе не за “змагарамі” з адзнакай мінус.

Эканоміка Беларусі, як і раней, развіваецца, сацыяльныя праграмы працуюць, кожны беларус мае сацыяльныя гарантыі.

Лічу, што вельмі своечасова  Палатай прадстаўнікоў ініцыяваны і прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа”, рэалізацыя норм якога накіравана на ўвекавечанне памяці ахвяр генацыду і заклікана вывесці на новы ўзровень інфармацыйную, асветніцкую і вучэбна-выхаваўчую работу. Не сакрэт, што і сярод дарослага насельніцтва, а не толькі навучэнцкай моладзі, у нас хапае нявыхаваных грамадзян. Школы, універсітэты, педагогі сёння робяць многае ў выхаваўчай дзейнасці, але і бацькі не павінны заставацца ў баку. Можа, хопіць, каб нашых дзяцей выхоўвалі смартфоны, інтэрнэт?!

Несумненна, што рэферэндум – гэта стратэгічны крок для далейшага развіцця  краіны,выверанае і ўзважанае рашэнне, як будзем жыць мы, нашы сем’і заўтра. Ды й сама ўжо гісторыя Усебеларускіх народных сходаў даказала, што гэта сапраўдны інстытут народаўладдзя. Таму і  адбылося канстытуцыйнае замацаванне статуса народнага сходу, які  вызначаны вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя,  надзелены стратэгічна важнымі паўнамоцтвамі.Менавіта Сход вызначае стратэгію развіцця грамадства і дзяржавы; зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця; вызначае меры, накіраваныя на забеспячэнне грамадзянскай згоды, сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве; гарантуе пераемнасць і ўстойлівасць сістэмы органаў улады.

Канстытуцыя нам гарантуе, што Беларусь была і застанецца сацыяльна-арыентаванай дзяржавай. У нас захаваны ўсе сацыяльныя гарантыі для розных катэгорый грамадзян, дапоўнены меры  падтрымкі інвалідаў і іх сем’яў. Дзяржава забяспечвае інвалідам роўныя магчымасці для ўдзелу ва ўсіх сферах жыцця, выхоўвае грамадства ў духу павагі і салідарнасці з імі, а таксама прымае да ўвагі іх патрэбы, плануючы будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў.

 Таксама  вызначана, што дзяржава садзейнічае інтэлектуальнаму, духоўнаму, маральнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным жыцці, рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах усяго грамадства.

 Я ўважліва сачыў за тым, як адбывалася абмеркаванне  змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.  Будзе праўдай, калі скажу, што  іх унесла само жыццё. Новы праект Асноўнага Закона   ‒ гэта патрабаванне дня сённяшняга. Каб ісці ў нагу з часам  і развівацца як сацыяльна арыентаваная дзяржава, і было прынята рашэнне аб неабходнасці рэфармавання Канстытуцыі, пры гэтым захаваўшы суверэнітэт, духоўныя і культурныя традыцыі, дабрабыт грамадзян.

Рэферэндум – гэта сама  воля народа, праява дэмакратыі, якая дае яму права самастойна прымаць  важныя рашэнні, якія ўплываюць на жыццё. У суверэнай Беларусі рэферэндумы ўжо праводзіліся ў 1995, 1996 і 2004 гадах. Рэферэндум  па Канстытуцыі – бадай, самая  важная палітычная падзея ў жыцці не толькі нашай любай Бацькаўшчыны, але і кожнага з нас,   грамадзяніна ці грамадзянкі Айчыны. 

Я абавязкова прыйду на выбарчы ўчастак, кааб аддаць свой голас за змены ў Канстытуцыю, паколькі іх душой і сэрцам падтрымліваю. Гэта надасць мне упэўненасці, аптымізму ў заўтрашнім дні.

Лічу, што кожны грамадзянін, які неабыякавы да лёсу сінявокай Беларусі,  павінен прыняць удзел у галасаванні. Апускаючы бюлетэнь у урну, мы тым самым  галасуем за мір, згоду, стабільнасць, бяспеку, квітнеючую будучыню Беларусі. Галасуем за тое, што мы добрыя, гуманныя  людзі і неабыякавая нацыя.

Канстанцін Карнялюк.