Нярэдка так здараецца: едзеш у камандзіроўку кудысьці за адным матэрыялам, а прывозіш столькі ўражанняў і звестак, што хочацца ахапіць неахопнае. Поўнішся нейкі час роздумамі, а затым працуеш, як упершыню, з жаданнем хутчэй, цікавей і праўдзівей падзяліцца з чытачамі асабістымі адкрыццямі, знаёмствамі і думкамі.
Так бывае не паўсюдна і не заўсёды, але ў Трабах (ведаеш з асабістага вопыту ўжо наперад) затрымаешся надоўга: не адпускае магія гэтага месца, дзе гісторыя і сучаснасць надзвычай багаты і для сур’ёзных даследванняў, і для задавальнення звычайнай цікаўнасці. Тым больш, што гасцінныя мясцовыя людзі заўжды гатовы выступіць і ў ролі экскурсаводаў, і субяседнікаў, абавязкова нечым здзівяць, захопяць. Зачаруюць, адным словам. Ці то ў самім аграгарадку, ці ў вёсках і маленькіх вёсачках сельсавета адчуваеш сябе сваёй, здаецца, маеш асабістае дачыненне да ўсяго, што тут адбывалася, адбываецца і мае адбыцца. А ўдадатак паспытаеш на сабе і чары цудоўных краявідаў ускрайку Ашмянскага ўзвышша, на якім размешчаны Трабы.
Апошняя паездка ў суправаджэнні старшыні Трабскага сельскага Савета Валянціны Мечыславаўны Марусавай у такія знаёмыя, але поўныя яшчэ не адкрытых таямніц Трабы, іх ваколіцы зноўку не расчаравала, а яшчэ больш прыцягнула да гэтага цудоўнага месца.
«Тварам да вёскі»

Няма, напэўна, нічога ў свеце прыгажэй за жывую прыроду. Мы так прызвычаіліся ў адносінах да яе чуць лозунгі па тыпу “Не нашкодзь!”, “Беражы…”, “Ахоўвай”, але мусім часам і … змагацца з ёю. Наша ж жыццядзейнасць, яе вынікі ставяць перад такой неабходнасцю. Асабліва ў вёсках, якія пакрысе пусцеюць, і вакол пакінутых сядзібаў пачынае буяць дзікая паросласць, захоплівае ўсё новыя плошчы, уздоўж вуліц і дарог старыя дрэвы пагражаюць стварыць аварыйную сітуацыю. Чым меней насельніцтва, тым хутчэй запускаюцца населеныя пункты, і багатая расліннасць выклікае ўжо не захапленне, а смутак і жаль. Чалавек і некранутая прырода не могуць, на жаль, існаваць без узаемных парушэнняў “асабістай прасторы”.
Багацце рознавідавых дрэў і кустоўя былі некалі галоўным упрыгожаннем вёскі Сурвілішкі, а ў апошні час сталі бедствам. Адбылося гэта не раптоўна, з цягам часу, са старэннем насельніцтва і з’яўленнем пустых сядзіб. Зразумела, што такая вёска – не адзіная, але, бадай, першая з тых на тэрыторыі сельсавета, якая патрабавала грунтоўнага добраўпарадкавання. Па-першае, размешчана яна па дарозе з Трабаў на літоўскія Нарвілішкі, і па якой хоць і нячасты, але мае месца і памежны рух. Па-другое, сурвілішскі касцёл, як і могілкі, наведваюць жыхары суседніх вёсак, некаторыя прыязджаюць здалёку, нарэшце, мясцовыя людзі і самі заслугоўваюць, каб жыць годна.

Таму ў сельсавецкім плане па добраўпарадкаванні населеных пунктаў вёска Сурвілішкі стаяла на адным з першых месцаў. Работы былі намечаны на 2013 год. Восенню мінулага года яны і пачаліся. Але перш была праведзена вялікая інфармацыйная работа сярод насельніцтва, і не толькі сярод жыхароў Сурвілішак, але і навакольных вёсак, сярод прыхаджан мясцовага касцёла з суседніх Чэневіч, Бобрыкаў, Ганчароў, Баранавіч.
Дэпутат Трабскага сельскага Савета Святлана Генрыхаўна Макуцэвіч, сама жыхарка Сурвілішак, старшыня сельсавета Валянціна Мечыславаўна Марусава, ксёндз Віктар Субель заахвочвалі людзей на добрую і патрэбную справу.
Людзі паслухалі, з энтузіязмам узяліся за справу, на якую былі выдзелены бюджэтныя сродкі ў суме 10 мільёнаў рублёў, за якія набылі піламатэрыялы, фарбу, цвікі. Не адмовілі ў дапамозе ў СВК “Трабы”, Трабскім лясніцтве. У мінулым годзе працавалі да глыбокай восені. Перш за ўсё ачысцілі прыдарожныя палосы, высеклі дзікарастучае кустоўе, старыя дрэвы, ліквідавалі несанкцыянаваныя звалкі, знеслі старыя агароджы.
Напачатку вясны работы ўзнавіліся. Самы працаёмкі ўчастак – паросласць вакол старых сурвілішскіх могілак, якая гадамі разрасталася, падступаючы да самай дарогі. Недасведчанаму чалавеку колькі часу таму назад і здагадацца цяжка было, што за сцяной зараснікаў знаходзяцца могілкі, магчыма, сярод тых, якія дзейнічаюць, – самыя старыя ў раёне, са сваёй гістарычнай значнасцю, сваімі легендамі, з магіламі людзей, якія пакінулі свой адметны след у гісторыі. Сёння могілкі адкрытыя для погляду, абнесеныя ад дарогі новай пафарбаванай агароджай.

Пафарбаваны таксама і новыя агароджы ўздоўж безгаспадарных сядзіб, а на іх падворках таксама ліквідаваны зараснікі. Пабелены дрэвы ў старым садзе ля былой школы, а цяпер – пагранпаста Лідскага пагранатрада. Па-праўдзе, сад яшчэ чакае больш грунтоўных перамен. Убярэцца вясна ў сапраўдную сілу – будзе добра бачна, якія яблыні ўжо не маюць моцы для жыцця і будуць высечаны. Ёсць і яшчэ месцы для таго, каб па іх прайсціся з сякерай, але яны ўжо па-за вёскай, скажам так, другаснай чаргі.
А першасная ўжо пачынае радаваць вока. Гэта і добры прагляд дарогі на крутым павароце ў цэнтры вёскі, які гадамі захінаў стары, шырока раскінуты бэз, новы кветнік перад магазінам у выглядзе альпійскай горкі, вуліца ад цэнтра да лесу, якая падавалася звужанай і цьмянай з-за запушчанасці. На вуліцы, дарэчы, у цяперашні момант ідзе бойкая праца. Прывесці ў парадак “агульныя” месцы і не заўважыць асабістыя недаробкі? Гэта не справа, аднак. Вось і «перасыпаюцца» платы, вывозіцца з падворкаў смецце, рамантуюцца гаспадарчыя пабудовы.
“Нашы вяскоўцы – цудоўныя людзі, з імі можна горы звярнуць, – расказвае В. Марусава, – мы разам на хвалі энтузіязму такую вялікую справу асілілі. Не заўважыла я ніводнага разу незадаволенасці ў вачах, лянівасці ў рухах, скептыцызму ў гаворцы. Усім гэта было патрэбна: і вяскоўцам з Сурвілішак, і іх суседзям з іншых вёсак, і паляводам СВК “Трабы”, прыцягнутым на дапамогу, работнікам “зялёнага будаўніцтва”, працаўладкаваным праз упраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама. Захапіла вартая справа і “абавязаных” асобаў, што звычайна да “працатэрапіі” халаднавата аносяцца».
На бліжэйшай чарзе – вёска Сенкеняты, даволі вялікая па плошчы, з мноствам пакінутых сядзіб і запушчаных зямельных участкаў. Рукі да іх абавязкова дойдуць, і, будзем спадзявацца, агульнага запалу таксама хопіць.
Дабрыня без межаў

“Усё. Я дайшоў (дайшла) да кропкі, і больш нікому не дазволю карыстацца маёй дабрынёй”. Хто з нас не чуў падобных выказванняў? А ці ёсць яна тады ўвогуле, дабрыня, калі яе можна стрымліваць ці не стрымліваць? Яна ж – без межаў, калі ёсць, то яе не схаваеш, альбо няма, і ў гэтым нікога не падманеш, нават дзіця. А можа, дзіця – ў першую чаргу, бо на світанку жыцця, як ніколі пазней, настолькі вострай неабходнасці ў добрых і шчырых да сябе адносін мы не патрабуем, што інтуітыўна адчуваем сапраўдныя пачуцці і абвяргаем фальш.
Калі Артур у падлеткавым узросце страціў самага дарагога чалавека – маці, – пытанне, дзе, як і з кім яму жыць далей, стаяла перад службай аховы дзяцінства, але не перад ім самім. Размяшчэнне згодна заканадаўству ў такіх выпадках у сацыяльны прытулак, тады яшчэ ў Бакшты, для хлопчыка стала дадатковым стрэсам. І ён не мог дачакацца, калі, нарэшце, дзядзя Ваня забярэ яго дадому, тэлефанаваў яму штодзень і ўсё пытаў: калі?
І толькі тады Іван Яўгенавіч Буйноўскі ўпершыню па-сапраўднаму пашкадаваў, што не распісаліся з Таняй у свой час, не маглі нават падумаць, што іх грамадзянскі, як цяпер кажуць, шлюб некалі стане часовай перашкодай для самага правільнага рашэння ў цяжкіх абставінах для абодвух – побач перажыць агульнае гора і застацца жыць разам: аднаму мужнець, а другому – дапамагчы стаць на ногі хлопцу.
Прыйшлося трошкі пачакаць, пакуль працэдура афармлення апякунства будзе завершана, і вось яны зноўку разам, падлетак і сталы мужчына, якіх непарыўна звязвае светлая памяць пра маці і жонку, агульныя інтарэсы, узаемная прыязнасць. Яны – сям’я, у аснове якой – не кроўнае радство, а дабрыня, якая пачатак усяму.
Такія людзі ніколі не дойдуць “да кропкі”, бо дзе дабрыня – там і сіла, і мудрасць. І яна рушыць перашкоды, абяззбройвае, дапамагае ў жыцці, прыводзіць да адзіна правільных рашэнняў у патрэбны час.
…Калі стала зразумелым, што першы шлюб Івана падышоў да свайго лагічнага завяршэння, ён прыняў гэта з філасофскай стойкасцю, з лёгкім сэрцам адпусціў сваю Кацю, чым нямала яе здзівіў. Разышліся яны без спрэчак, сварак і ўзаемных крыўдаў, цывілізавана, захавалі павагу адзін да другога, і сёння падтрымліваюць добрыя адносіны. Да бацькі дзеці часта наведваюцца, сын унука прывозіць. “Унуку 4 гадкі, і ён вельмі любіць бываць у Трабах. Я яму ўсё дазваляю, а ён і рады старацца на розныя забавы”, – дзеліцца Іван.
Тое расстанне з першай жонкай стала не кропкай, а шматкроп’ем для Івана Яўгенавіча. Жыццё прадаўжалася, і ў неабцяжараным неабавязковымі крыўдамі сэрцы з цягам часу знайшлося месца для новага кахання, у яго доме зноўку запанаваў сямейны лад. Артур тады ў другі клас хадзіў. Узрост цікавы, характар падатлівы, хутка агульную мову знайшлі. І з Таняй душа ў душу жылі. Разам працавалі на ферме ў Трабах, дамашнюю гаспадарку трымалі, усё атрымлівалася, што ні задумаюць.
Толькі лёс Івану Буйноўскаму зноў выпрабаванне на трываласць падрыхтаваў. Цяжка захварэла Таня, а яе маці нагу зламала, забраў да сябе. Так і пахаваў абедзьвюх – спачатку жонку ў 2011 годзе, а ў мінулым годзе – цешчу.
Пра хуткае расстанне з Артурам не хочацца думаць, і так зразумела, што сумна будзе. Але хлопец заканчвае школу і выбраў для паступлення сталічны каледж. Івану не страшна яго адпускаць у дарослае жыццё, бо Артур вырас самастойным, працалюбівым, сфарміраваў погляды на жыццё. Акрамя таго, там, у Мінску, жыве яго старэйшая сястра. “Ён не шукае, чым вольны час заняць: стадыён, ФАК, кампьютар. У царкву ходзіць, і я яго ў гэтым заахвочваю, хоць сам католік, – няхай прытрымліваецца веры маці. Затое ў нас у хаце святаў болей.
Умее Артур і сяброў выбіраць. Яго таварыш Сяргей – добры хлопец, сур’ёзны і надзейны”, – расказвае пра свайго выхаванца, якога даўно ўжо сынам лічыць, Іван.
Спраўляюцца яны і з дамашнімі клопатамі, не лічаць іх ніжэй за мужчынскую годнасць, і гаспадарку трымаюць. Дарэчы, у вялікіх Трабах сёння няма вялікага статку, на ланцуг навязваюць кароў нямногія трабчане, хто яшчэ не адмовіўся іх трымаць. Не можа адмовіцца ад каровы і Іван Буйноўскі: “Я ж яе цяляткам на руках у хлеў прынёс, як жа яе прадасі?”
І гарод садзяць, і “соткі” бяруць, адным словам, жывуць не горш за іншых. А ў нечым, можа, і лепш. У нязломнасці перад ударамі лёсу, у гарманічных адносінах, у даверы і надзейнасці аднаго перад адным.
Вось яна якая, дабрыня. Такая простая, мудрая і шчырая. І яна не ведае такога знаку прыпынку, як кропка.
Знойдзена Радзіма

Ёсць у старшыні Трабскага сельскага Савета Валянціны Мечыславаўны Марусавай адна добрая задумка – стварыць у аграгарадку алею нацый. Натхніў яе на гэта склад насельніцтва – прадстаўнікі 9 нацыянальнасцей жывуць на тэрыторыі сельсавета. Усе, хто пасяліўся тут здаўна ці прыехаў у апошнія часы на пастаяннае месца жыхарства, адчуваюць сябе сваімі сярод сваіх, знайшлі занятак па душы, пусцілі карані.
Сёння адзіны жыхар невялікай лясной вёсачкі Самішчы ¬– азербайджанец Аліеў Закір Юсіф Аглы, захавальнік мясцовых традыцый і ладу жыцця (навука, між іншым, для тых, хто са сваім статутам па чужых манастырах ходзіць, грэбуючы мясцовымі звычаямі і правіламі паводзін). Гэтае прозвішча – Аліеў – не страціцца ў таўшчыні летапісу трабскай зямлі, для чаго нямала пастараўся і пачынальнік роду, і, хочацца спадзявацца, паклапоцяцца таксама нашчадкі.
Нарадзіўся ён у далёкім Кіравабадзе ў першы год Вялікай Айчыннай вайны. Зусім малым асірацеў, спачатку жыў у сястры, а затым аддалі яго ў дзіцячы дом, дзе ён і вырас, і адукаваўся, і выхаванне атрымаў. Як паказала яго далейшае жыццё, – выхаванне вельмі добрае.
Пераломным момантам у жыцці стаў для яго вайсковы прызыў. Служыць Закір Аліеў трапіў на Беларусь, у Баранавічы. Не думаў, што “бывай” сваёй радзіме ён сказаў назаўсёды, і што на доўгія гады сувязь з 3 сёстрамі і 2 братамі будзе тэлефоннай.
У савецкія гады вельмі часта салдаты знаёміліся з дзяўчатамі па перапісцы. Бывала, што такія “эпісталярныя” адносіны перарасталі ў сапраўднае каханне. Так атрымалася і з Закірам Аліевым. Жанчына з Самішчаў, якая мела дачыненне да вайсковай часці, дзе служыў Закір, дала яму адрас дзяўчыны з прыгожым імем – Люба. Завязалася перапіска, і ў вайсковы водпуск хлопец адправіўся да сваёй знаёмай па пісьмах.
Паехаў халастым, а вярнуўся ў часць жанатым. Усё адбылося вельмі хутка. Сабраліся бацька Любы, швагры, пагутарылі, неяк надзвычай лёгка згаварыліся, і ўжо назаўтра Люба з Закірам распісаліся. У сталоўцы ў Трабах падзею адзначылі, абгаварылі намеры на будучае, і на 7 месяцаў – астатак службы жаніха – развіталіся.
Цяжка ў сталыя гады перайначыць жыццё, мяняць погляды, звычкі, зусім іншая справа – маладосць, калі гэта яшчэ і цікава. Не стаў мусульманін з Каўказу пераламляць жонку на свой лад, даводзячы першынства мужчыны ў сям’і, сваю мужчынскую годнасць даказаў іншым чынам – стаў моцным гаспадаром дома і адным з перадавікоў на працы. А што да традыцый і веры, то хутка зразумеў, што тут умовы дыктуе зямля, на якую жыць прыехаў, і людзі, сярод якіх пасяліўся.
“Я не толькі свініну есці навучыўся, але і гадаваць свіней, – смяецца мой субяседнік. – Па дзве каровы трымалі, быкоў гадавалі. Гаспадарчыя пабудовы сам злажыў – іх яшчэ надоўга хапіла б, каб толькі сілы былі”. І дом з жонкай перабудавалі на свой лад. Увогуле, як абгаварылі некалі адразу пасля роспісаў сваё будучае, так і атрымалася.
А што да веры, – прыняў праваслаўе, і зрабіў гэта ад душы. “Шлюб мы ў царкве бралі. Я і цяпер кожную нядзелю пачынаю са службы ў царкве, затым па магазінах іду, закупляю, што патрэбна, на цэлы тыдзень, і так да наступнай нядзелі”, – расказвае пра свой сённяшні лад жыцця Закір Аліеў.
З жонкай яны пражылі разам 45 гадоў. Яна дамашняй гаспадаркай больш займалася, а ён у калгасе, затым аграфірме “Трабы”, трактарыстам быў. Яго прозвішча на слыху было, бо да працы рукі ляжалі, усё атрымлівалася, з любой справай зладзіць умеў. Толькі калі жонка захварэла, кінуў трактар, перайшоў качагарам у ваенную часць: з домам амаль побач і часу больш вольнага.
Цяпер вось адзін. Але не адзінокі. Сын Толя ў Трабах жыве, у Ашмянах (таксама недалёка) дачка, часта бацьку наведвае, другая дачка ў Магілёве. Далекавата, але і гэта не перашкода для сустрэч. “У мяне 7 унукаў, 3 праўнукі. Для іх Самішчы – самае лепшае месца для адпачынку”, – расказвае гаспадар і быццам зрывае з вуснаў у мяне пытанне, – ці пашкадаваў хоць калі, што так жыццё склалася? Не, чалавек да ўсяго прывыкае. Тут маё месца, тут дзеці мае нарадзіліся, выраслі, тут, вось на гэтым самым падворку, кожнаму з іх вяселлі згулялі. І цяпер тут жа з дзецьмі, з сябрамі святы ладзім, шашлыкі смажым. На мой дзень нараджэння разам са мной ажно 19 чалавек сабралася”.
Яшчэ былы перадавік вельмі ўдзячны сённяшняму кіраўніцтву СВК “Трабы”, Трабскага лясніцтва, што не забываюць пра яго, дапамагаюць, адгукаюцца на просьбы, калі такія здараюцца. Узрост умеюць шанаваць не толькі на Каўказе, і гэта яго вельмі радуе. Агульныя каштоўнасці – яны і ёсць агульныя. Таму, напэўна, і прыжываюцца ў нас людзі іншых нацыянальнасцей.
Аднаму яму таксама не сумна, асабліва ўлетку. На лета кума ў Самішчы прыязджае, ёсць з кім пагутарыць. А яшчэ Аліеў – знатны грыбнік, а лес побач – быццам для яго і вырас – на грыбы і ягады багаты. Сум жа гэты цікавы чалавек працай праганяе. “Дровы сяку, на гародчыку корпаюся, крыху раней козаў трымаў, але яны вока ды вока за сабой патрабуюць: яблыні вось паабгрызалі, а то ўцякуць куды — і шукай, дзе хочаш”, – апавядае пра сваё, па-сутнасці, хутарское жыццё, Закір Аліеў.
Узімку – тэлевізар, газеты і часопісы дапамагаюць бавіць час. Не страціў пажылы чалавек маладой цікаўнасці, збірае і выпрабоўвае рэцэпты гатавання розных страў, народнымі метадамі лячэння цікавіцца і ахвотна імі дзеліцца. Напэўна, гэта смачна – траскаўкі, ў мёдзе на зіму закатаныя, абавязкова паспрабую такі рэцэпт ад свайго новага знаёмага.
Вось так, амаль усё ў гэтым жыцці – узаемна. Калі ты прымаеш абставіны, людзей, з якімі зводзіць лёс, то і сам прыняты жыццём і людзьмі, упісваешся ў тыя абставіны, як бы яны не складваліся.
Напэўна, нікому, пакуль малады, не хочацца думаць пра старасць. Але падумалася: калі яна ўжо наканавана, хай будзе такой, як у Закіра Аліева, – па выглядзе ўзросту не пазнаеш, актыўнасці – па-добраму пазайздросціш, а пасля гутаркі – хай адступіць галаўны боль і адчуванне стомы саступіць месца адчуванню паўнаты сіл, як гэта адбылося са мною пасля нашай з ім размовы.
Вуліца ў гонар земляка

Аграгарадок “Трабы” – гэта ўдалае спалучэнне старажытнай забудовы з яе яскравымі рысамі і сучаснага выгляду новых вуліц, першыя дамы на адной з якіх – вуліцы Бекіша – з’явіліся ў год стварэння аграгарадка. Сёння тут жывуць у большасці сваёй маладыя сем’і, якія імкнуцца зрабіць сваю вуліцу адметнай, прыгожай. Кожная сядзіба адначасова тыповая і нетыповая. Тыповая агульным праектам жылых дамоў, нетыповая – афармленнем падворкаў, агароджаў, у якія сваю фантазію ўкладаюць гаспадары, што ўладкаваліся з намерам асесці тут назаўсёды.
Вуліца названа ў гонар выдатнага чалавека, ураджэнца Траб – Асвальда-Яна Леонавіча Бекіша, доктара біялагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, вучонага-імунолага. Яго нашчадкі, якія нядаўна пабывалі на малой радзіме родапачынальніка, былі вельмі ўражаны тым, як трабчане шануюць сваіх землякоў, сваю гісторыю, мінулае, як умела і з гонарам на колішніх здабытках і традыцыях грунтуюць будучае.
Камяніца

“Калі б каменні маглі гаварыць…” Калі б маглі, то ў гісторыі было б нашмат меней белых плямаў. Але тое-сёе людзям дасведчаным камяні ўсё ж такі могуць паведаміць, без падрабязнасцей і эмоцый. Успрыманне ж вынікаў даследванняў – наша справа, нашы здольнасці мыслення і палёту фантазіі. Галоўнае – адчуць подых мінулага, сувязь часоў і пакаленняў, каб захаваць дух свайго часу і застацца ў памяці будучых пакаленняў, хай сабе толькі подыхам.
Па колькасці выяўленых, а тым больш, даследваных сярэдневяковых помнікаў, Іўеўскі раён значна ўступае іншым раёнам Гродзенскай вобласці. Нязначная колькасць помнікаў тлумачыцца высокай залесенасцю тэрыторыі ў мінулым. Але галоўнае – слабое вывучэнне гэтых мясцін у археалагічных адносінах, з чым згаджаюцца і самі навукоўцы. Дык можа, наш раён у хуткім будучым чакае археалагічны бум?
Дарэчы, на трабскай зямлі выяўлены ажно тры помнікі позняга сярэднявечча (XIII–XV ст.). Адзін з іх – каменны могільнік ва ўрочышчы Кладзенка, дзе можна заўважыць некалькі надмагільных пліт і насып даўжынёй 6 метраў, шырынёй 3, 5 метра і вышынёй 1 метр. Само ўрочышча размешчана з правага боку ля самай дарогі ў накірунку з Траб на Суботнікі паблізу вёскі Дзядзічы. Дарэчы, з левага боку той жа дарогі ў гаі можна заўважыць мноства “рознакаліберных” замшэлых камянёў. Відовішча прыгожае, і, магчыма, гэты каменны пейзаж таксама ўмее “гаварыць”?
Адзінокая, але не пакінутая

Паблізу мяжы Іўеўскага, Ашмянскага раёнаў і Літвы, нападалёк іўеўскіх Ганчароў і ашмянскіх Доржаў ля прасёлачнай дарогі ў чыстым полі выпадковага вандроўніка нечакана сустракае постаць Маці Божай. У гэтай постаці – адначасова веліч і змірэнне, лагода і супакой, абяцанне міру ў душы і нябачнай дапамогі. Статуя ўстаноўлена вельмі прадумана: пастамент, калі стаць побач, знаходзіцца на фоне лесу, з іншага боку – поля, а фігура Багародзіцы – з якога боку ні стань – на фоне бязмежнага неба… І ад погляду на яе займае дух: быццам сапраўды сышла з нябёсаў на гэтую грэшную зямлю да нас, нікчэмных, каб дапамагчы пазбавіцца ад дробязнага і ўзняцца душой да велічнага…
Адкуль узялася гэта статуя на пастаменце? Хто і калі яе іменна тут, здавалася б, у такім пустым і непрыдатным месцы ўстанавіў? За адказам накіроўваемся ў бліжэйшы населены пункт – вёску Ганчары.
Ганна Навіцкая, мясцовая жыхарка, заінтрыгоўвае. Ніхто не ведае, калі іменна з’явілася статуя Маці Божай у гэтых мясцінах. Але, напэўна, вельмі даўно, не ў мінулым стагоддзі, а калі… Не так даўно пайшоў з жыцця самы стары жыхар Ганчароў, дык ён успамінаў, што яшчэ калі быў дзіцем неразумным, скакаў па рэштках былога маёнтка, які размяшчаўся непадалёк ад статуі. А за лесам быў яшчэ адзін маёнтак. Непадалёк знаходзіліся і могілкі, само месца гэта не пуставала, як цяпер, на многія кіламетры.
Захаваліся ў памяці людской і прозвішчы гаспадароў маёнткаў – Жукоўскі і Адынец. Наконт першага пошукі ў сетках інтэрнету нічога не далі. Прозвішча другога даволі вядомае. Сярод асветнікаў Беларусі 19 ст. адно з выдатных месцаў займае Антоній Адынец, шляхецкага роду, ураджэнец вёскі Гейстуны (зусім недалёка!) Ашмянскага павета. Паэт і перакладчык (перакладаў творы Вальтэра Скота, Джорджа Байрана, Фрыдрыха Шылера, Пушкіна…), паплечнік і сябра Адама Міцкевіча, член таварыства філарэтаў. Памёр Антоній Адынец у Варшаве ў 1885 г. У касцёле св. Яна ў Вільні яму ўстаноўлены помнік. Ён? Яго блізкія родзічы? Аднафамільцы?
Нітачкі ёсць, цудоўны прадмет пошуку для мясцовых краязнаўцаў, якія б маглі папоўніць летапіс нашай мясцовасці новай старонкай. Цалкам магчыма, што пра гэта месца больш ведаюць ашмянскія краязнаўцы ці гісторыкі. Хтосьці з іх, магчыма, вывучаў падрабязна гісторыю старога гальшанскага тракту (з Гальшан у Нарвілішкі, цяпер літоўскія), часткай якога і з’яўляецца тая самая прасёлачная дарога. Дарэчы, месцамі на ёй да гэтага часу захаваліся невялічкія ўчасткі былога бруку.
Статуя Маці Божай адзінокая, але не пакінутая. Ганчарскія жанчыны даглядаюць за ёй, ачышчаюць вакол месца, падфарбоўваюць пастамент і саму выяву Маці Божай, прыносяць кветкі і збіраюцца на малебны. Гэта месца і таму такое прывабнае, што “намоленае”, светлае і асвечанае шчырымі, ад сэрца, малітвамі. І вартае таго, каб быць вядомым, адкрытым для наведвальнікаў. Усур’ёз думаю, што калі наведацца сюды з чыстым сэрцам, малітвай і споведдзю, можна атрымаць дараванне, прасвятленне і дапамогу ў цяжкіх абставінах.
Л. СВЯКЛА.






