Яшчэ сонца не паспела ўзняцца, а яны, адзін за другім, ужо ідуць на работу. Абмяркоўваюць патрэбныя пытанні, пільна аглядваюць тэхніку і выпраўляюцца ў поле, дзе іх чакае, шуміць ураджай. Яго песня ім даўно знаёма, таму і адносяцца да кожнага каласка з асаблівай увагай. І гэта зразумела, бо ад якасці працы шмат чаго залежыць. З самага ранку і да першай зоркі, не ведаючы выхадных і святаў, камбайнеры працуюць на палях, збіраючы збожжа і паказваючы значныя вынікі сваіх намаганняў, якія, у сваю чаргу, заўсёды заахвочваюцца раённым кіраўніцтвам.
Вось і сёлета ўжо былі ўзнагароджаны работнікі сельгасарганізацый, якія вызначыліся на хлебнай ніве па выніках першай дзесяціднеўкі. Ад Іўеўскага райвыканкама ў асобе яго старшыні А.І. Булака, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў асобе начальніка В.С. Мілюнца і райкама прафсаюза работнікаў АПК у асобе старшыні І.С. Лушко яны атрымалі пісьмы падзякі і грашовае ўзнагароджанне, а таксама вымпелы з сімволікай жніва-2017. Як адзначыў А.І. Булак, гэта праца, якая патрабуе асаблівай увагі і пашаны, і тыя вынікі, што паказваюць хлебаробы — яркае таму пацвярджэнне.
Так, пераможцамі раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых культур ураджаю 2017 года за першую дзесяціднеўку сталі:
У 1-й групе камбайнаў — Андрэй Станіслававіч Белавус, камбайнер камбайна «Лексіён-580» КСУП «Баўма», якія намалаціў 478 тон збожжа і рапсу.

У 2-й групе камбайнаў — Станіслаў Юзэфавіч Белагрывы, камбайнер камбайна «КЗС-1218» КСУП «Агра-Ліпнішкі», якія намалаціў 688 тон збожжавых і рапсу.
У 3-й групе камбайнаў — Віктар Віктаравіч Міса, малады камбайнер камбайна «КЗС-10К» КСУП «Баўма», які намалаціў 362 тоны збожжа і рапсу.

У 1-й групе кіроўцаў — Часлаў Феліксавіч Дудойць, кіроўца аўтамабіля МАЗ-555102, які перавёз 771 тону збожжа і рапсу.

У 2-й групе кіроўцаў — Тадэуш Яўгенавіч Пільжыс, кіроўца аўтамабіля ЗІЛ-ММЗ554, які перавёз 666 тон збожжа і рапсу.

Сярод аператараў сушыльных установак пісьмом падзякі быў узнагароджаны Леанід Уладзіміравіч Новік, машыніст збожжасушылкі КЗСВ-30 КСУП «Агра-Ліпнішкі», які перапрацаваў 1300 тон збожжавых.

Тых, каго па выніках спаборніцтва назвалі лепшымі, узнагароды знайшлі на палях. Яны прадаўжаюць гэтак жа старанна працаваць на хлебнай ніве, каб у наступную дзесяціднеўку іх імёны зноў апынуліся ў спісе пераможцаў.
А. ШЫМКО.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.






