Культура и творчество

Лепшая самаробная кніга

У мінулую пятніцу, 22 верасня, супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі» наведалі першы абласны фестываль кнігі «Кніжныя скарбы Беларусі», які праходзіў у горадзе Гродна на тэрыторыі Новага замка. 

Арганізатарам фестывалю стала абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама. 

Усе святочныя мерапрыемствы ладзіліся з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. На фестывальных пляцоўках можна было пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі і рарытэтамі, паназіраць за працай друкарскага станка сярэдзіны XX стагоддзя, паспрабаваць пісаць пяром і чарніламі падчас адпаведнага майстар-класа, памаляваць 3D-ручкай, паглядзець гістарычныя фільмы, тэатралізаваныя прадстаўленні, прэзентацыі выдавецтваў і шмат іншага.

Адметнай падзеяй фестывалю стала выстава самаробных кніг — творчых работ, прадстаўленых на абласны конкурс «На лепшую самаробную кнігу», што праводзіўся з 1 красавіка да 1 верасня 2017 года з мэтай папулярызацыі кнігі і чытання сярод насельніцтва праз знаёмства з гісторыяй беларускага кнігадрукавання.

Усяго на выставе было каля сотні конкурсных работ (3 — ад нашай бібліятэкі), выкананых у самых разнастайных тэхніках: кнігі, упрыгожаныя інкрустацыяй з саломкі і вышыўкай, створаныя пры дапамозе гелевай графікі, драўляныя, з выпаленым тэкстам, рукапісныя, у скураных вокладках.  

І самым прыемным момантам фестывалю для іўяўчан стала падвядзенне вынікаў конкурсу «На лепшую самаробную кнігу» і ўзнагароджанне пераможцаў. Творчы калектыў Іўеўскай раённай бібліятэкі атрымаў перамогу ў намінацыі «На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) Ф. Скарыны».

Супрацоўнікаў бібліятэкі ўзнагародзілі Дыпломам I ступені і каштоўным падарункам.

На конкурс была прадстаўлена рукапісная кніга, якая змяшчала ўрыўкі з «Апостала» Ф.Скарыны. А трымаў кнігу ў руках сам Францыск Скарына — вобраз першадрукара быў увасоблены ў самаробнай ляльцы.

В. КЕПЕЛЬ,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Іўеўскай раённай бібліятэкі.