Сёлета самай папулярнай кнігай у Беларусі стаў гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Гэта паказваюць вынікі продажу праз OZ.by, «Белкніга», «Саюздрук» ды іншых. Героі твора – удзельнікі паўстання 1863-1864 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.


У «Каласах» Караткевіч апісаў станаўленне беларускай нацыі на прыкладзе шляхецкай сям’і Загорскіх. Падзеі адбываюцца на Магілёўшчыне, Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Маскве, Варшаве – у сялянскім асяроддзі і ў дваранскіх палацах, на студэнцкіх сходках і ў навучальных установах, у салонах і гасціных вышэйшых саноўнікаў і на вуліцах шматлюдных гарадоў.
У рамане дзейнічаюць літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй, а таксама рэальныя гістарычныя асобы.
«Каласы пад сярпом тваім» неаднаразова перакладаліся на ўкраінскую і рускую мовы. Дарэчы, гэта адзіная кніга, якая была надрукаваная ў Беларусі шрыфтам Брайля.






