Культура и творчество

Каб любіць Беларусь нашу мілую…

Лета — пара асаблівая ў рабоце ўстаноў культуры. Як ніколі, творчая пара. Шмат вялікіх урачыстасцей адзначаецца менавіта ў гэтыя месяцы.

Шырока і творча падрыхтавалі і адсвяткавалі Дзень горада, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Разам з жыхарамі аграгарадкоў Суботнікі і Лаздуны,  а таксама вёскі Бакшты «шукалі» культработнікі папараць-кветку на Купалле…

А яшчэ традыцыйна пачаўся цыкл мерапрыемстваў, якія асабліва да спадобы вяскоўцам і жыхарам  горада — рэгіянальныя святы і святы вёсак. Гэта тое, без чаго ўжо некалькі гадоў проста немагчыма ўявіць лета ва ўстановах культуры Іўеўшчыны.

Такія святы любяць вяскоўцы яшчэ і за тое, што перш чым стварыць іх сцэнарыі, культработнікі адпраўляюцца ў творчую экспедыцыю па вёсках і кожнай хаце асобна. Шмат часу аддаюць яны гутаркам з людзьмі, каб дазнацца пра іх жыццё, іх поспехі ў былой ці цяперашняй працоўнай біяграфіі, пра іх сем’і, пра дзяцей і ўнукаў. А потым расказаць усім гасцям свята, якія цудоўныя людзі жылі і жывуць, напрыклад, у Дайлідах, дзе прайшло рэгіянальнае свята «Краса майго краю», якое ўшанавала жыхароў вёсак Іўеўскага сельсавета.

Аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі правёў свята вёскі Князікоўцы «Зямля, дзе пачаўся мой лёс».

Як правіла, такія мерапрыемствы культработнікаў падтрымліваюць  мясцовыя сельвыканкамы, сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы. А яшчэ канцэртныя праграмы ім дапамагаюць правесці калегі з іншых аграгарадкоў. Атрымліваюцца надзвычай добрыя мерапрыемствы.

Як, напрыклад, нядаўна ў гарадскім пасёлку Юрацішкі, дзе праходзіла рэгіянальнае свята «Родныя вытокі».

— Добры дзень, госці жаданыя! Людзі добрыя, працавітыя! — такімі цудоўнымі словамі віталі сваіх гасцей культработнікі  аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы гарадскога пасёлка Юрацішкі. І яны мелі рацыю, вымаўляючы такія словы. Таму што і сапраўды Юрацішкі заўжды адрозніваліся асаблівымі людзьмі, сваім асобным светам. Яшчэ з тых часоў, калі Юрацішкі з’яўляліся цэнтрам раёна, засталіся тут жыць ветэраны вайны, легендарныя імёны якіх доўгі час былі своеасаблівымі светачамі грамадскага жыцця раёна, інтэлігенты, адказныя працаўнікі, культработнікі — падзвіжнікі, людзі актыўнай жыццёвай і грамадскай пазіцыі.

Іх жыццё — гэта і сапраўды той бохан хлеба, пра які так хораша і шчыра сказаў паэт:

Вось і свята пачалося з смачнага вялікага каравая, якім дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах частавалі ўсіх прысутных.

Такія хвіліны і сапраўды з’яўляюцца святам. Хіба ж не свята — хадзіць нагамі па сваёй зямлі, бачыць, як над лесам да самога небасхілу раскінула свае колеры вясёлка, слухаць, як спявае салоўка на світанні і ўсім разам дзяліць святочны каравай?!

Канешне, адна старонка свята была прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі над фашызмам, якое сёлета адзначаюць усе людзі добрай волі. А Беларусь, страціўшы на той вайне кожнага трэцяга свайго жыхара, ніколі не забудзе таго ліхалецця і тых, хто не шкадаваў жыцця, каб хутчэй выгнаць акупанта са сваёй зямлі.

Нізка кланялася свята ветэранам, якія яшчэ жывуць у пасёлку — Кацярыне Якаўлеўне Турчыной і Лідзіі Лявонцьеўне Буркун.

…Між іншым, гэтыя жанчыны былі названы і сярод старажылаў Юрацішак, да якіх адносяцца таксама Аляксей Іванавіч Стукін (яму 98 гадоў) і Зінаіда Іосіфаўна Закусава (91 год). Свята жадала ім здароўя, міру, спакою.

Толькі той, хто багаты душою, дае свету не жыхара, а Чалавека. Чалавек народзіцца, і сярод мільярдаў галасоў на планеце нашай загучыць яшчэ адзін голас. Юрацішкі павіталі   тых чалавечкаў, што з’явіліся ў пасёлку ў чэрвені бягучага года. Гэта Матвей Кулеш  і Анастасія Калтон. Яны яшчэ не вымавілі, між іншым, ніводнага слоўца, а пасёлак ужо чуе і вітае сваіх новых людзей.

Напомніла свята і аб тым, што 15 выпускнікоў Юрацішкаўскай сярэдняй школы сёлета адправіліся ў дарослае жыццё. Але і 21 юны жыхар адправіцца ў першы клас. Жыццё працягваецца.

На такія святы ў Юра-цішках збіраецца шмат гасцей і гледачоў. Таму што кожнаму знойдзецца тут добрае слова, меладычная песня. Кожны з задавальненнем зноў паслухае гонар раённай культуры — народны ансамбль «Юрацішкаўскі кірмаш», лепшыя галасы не толькі роднага пасёлка, але і ўсяго раёна: Дзімітрыя Кукеля, Алены Гурынай, Таццяны і Валерыі Карташэвіч, Дзіяны Дударэвіч, Валерыі Папко і Аляксандры Аўгусціновіч, Яўгена Дабраловіча, Ангеліны Санько…

Асаблівы каларыт святу надалі і артысты ўстаноў культуры аграгарадкоў Ліпнішкі і Геранёны.

І танцы  кружылі над плошчай ля ўстановы культуры. І гуляла свята, напаўняючы людскія душы і сэрцы добрым настроем, пазітывам і асаблівай цеплынёй да роднага краю.

В. ГУЛІДАВА.