Экономика

Гучы, мая родная мова! У Бакштаўскай СШ ім. М.М.Чэрнік прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Мова – неад’емная частка ўсяго чалавецтва. Ва ўсім свеце іх існуе больш за сем тысяч, але, на жаль, палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА 21 лютага быў абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы. Беларусь не стала выключэннем, таму што беларуская мова – вялікі народны скарб. Ёй захапляюцца не толькі беларусы, але і навукоўцы ва ўсім свеце, кажучы, што па мілагучнасці яна ўступае только італьянскай. 

У Бакштаўскай сярэдняй школе імя М.М.Чэрнік Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў з 19 па 23 лютага. Мерапрыемствы, праведзеныя на працягу тыдня, былі накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў навучэнцаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.

На працягу Тыдня ў бібліятэцы была арганізавана літаратурная выстава ў бібліятэцы “Сэрцам роднага слова краніся”, а ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры – кніжная выстава “Ён сэрцам пісаў кожны свой верш”, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння А.Куляшова. 

19 лютага адбылося адкрыццё Тыдня беларускай мовы і літаратуры пад дэвізам “Гучы, мая родная мова!”. Таксама навучэнцы 9-11 класаў прынялі ўдзел у віктарыне “Беларускае роднае слова”. Вучні ўзнаўлялі беларускія народныя прыказкі,складалі са слова “мовазнаўства” іншыя словы, тлумачылі значнне беларускіх слоў, нават выступілі ў ролі перакладчыкаў. 

20 лютага сярод вучняў 5-6 класаў прайшоў конкурс “Знаўцы роднай мовы”, які садзейнічаў фарміраванню беларускамоўнага слоўнікавага запасу дзяцей і развіваў іх пазнавальны інтарэс. А навучэнцы 3-4 класаў прынялі ўдзел у віктарыне “Я ведаю лепш!”.

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, таму  гэты дзень быў насычаны шэрагам цікавых і займальных мерапрыемстваў. Так, школьнікі і настаўнікі прынялі ўдзел у 17-й агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Да дня роднай мовы бібліятэкар Шабуня Н.М. падрыхтавала для чытачоў бібліяквілт “Мае любімыя беларускія словы”. Удзельнікі перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, разгадвалі загадкі, вучыліся гаварыць скорагаворкі на роднай мове. Напрыканцы дзеці размясцілі на плакаце любімыя словы на роднай мове.

“Мова матуліна. Мова мая…” – такімі словамі пачалася інтэлектуальная гульня “Правапіс роднай мовы”, у якой прынялі ўдзел вучні 8-9 класаў. А пяць навучэнцаў 3-4 класаў прынялі ўдзел у анлайн-віктарыне “Слова роднае, жывое, трапяткое”.

З мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння беларускай мовы і літаратуры традыцыйна школьнікі ўдзельнічалі ў рэспубліканскім інтэлектуальным конкурсе “Буслік-2024” (6 чалавек).

23 лютага ў рамках акцыі “Чытаем класіка разам” прайшоў конкурс чытальнікаў твораў Аркадзя Куляшова “Імгненняў паэтычных хараство”, прымеркаваны да 110-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова.

Старшакласнікі ўстановы адукацыі прынялі ўдзел у раённым этапе абласнога чэленджа “Мова краіны маёй!”, прымеркаванага да Дня роднай мовы і талерантнасці, а таксама ў раённым этапе рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Чалавек свайго лёсу”, прысвечанага 100-годдзю В.Быкава.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, спадзяёмся, пакінуў добрыя ўражанні і нагадаў, як важна шанаваць і любіць родную мову, бо мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

А. Каваленка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.