Главное

Гістарычныя факты і помнікі архітэктуры. Крыж у чыстым поле

Жыццё кароткае, радзіма — вечная, — так пераводзіцца гэты выраз з латыні: «Vita brevis, patvia eterna». Вывучаць гісторыю нашай Радзімы трэба ўсім: і навукоўцам, і студэнтам, і вучням школ і ліцэяў. І адкрываць старонкі былога.

У адным з гістарычных даследаванняў ёсць звесткі аб тым, што ў 1458 годзе ў Геранёнах Мураваных пабудаваны касцёл імя Святога Яна Хрысціцеля. Ён знаходзіўся ў паўночна-заходняй часці мясцовасці, каля 1 км ад фальварку. Гаштольдаў касцёл імя Святога Мікалая з’явіўся ў Геранёнах у 1519 годзе.

У 30-х гадах мінулага стагоддзя мясцовы памешчык Шымон Мэйштовіч заказаў у Вільні памятны бронзавы крыж і паставіў на месцы былога касцёла імя Святога Яна Хрысціцеля. (Касцёл пачалі разбураць у час руска-польскай вайны 1654-1667, і асабліва — ў час баёў 1795 года (трэці падзел Рэчы Паспалітай),  калі былі разбітыя мураваныя дамы, ратуша).

Крыж — чатырохканцовы. Тут мы бачым прыгожыя завіткі, як бы кветачкі. З цэнтра крыжа выходзяць тонкія пруткі, утвараючы своеасаблівыя прамяні. На фоне неба такая кампазіцыя выглядае вельмі маляўніча.

Гэты невялічкі допіс адказвае на пытанне гасцей, экскурсантаў, праезжага люду, — чаму ў полі пастаўлены гэты прыгожы крыж.

Калі я гляджу на гэтую цудоўную мастацкую коўку, мне ўспамінаецца ўрывак з верша нашага земляка Яўгена Карпуця:

Душой сваёй заўжды малюся

За лёс любімай Беларусі,

І за народ у гэтым краі.

Хай Бог яго благаслаўляе.

А. СМАЛЯНІЧЭНКА, 

аг. Геранёны.