Актуальное Главное Жизнь

Гаспадары ўласнага лёсу: як у Геранёнах выбіралі “Уладара сяла”

Аграгарадок Геранёны ператварыўся ў сталіцу сямейнага спорту і гасціннасці. Менавіта тут, на пляцоўцы каля мясцовага цэнтра культуры, разгарнулася сапраўднае свята працы і таленту – раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». За права прадстаўляць Іўеўшчыну на абласным узроўні змагаліся чатыры дружныя маладыя сям’і, у жыцці якіх паняцце «спраўны гаспадар» – не проста словы.

Адкрыла мерапрыемства старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Валянціна Філон. У сваім прывітальным слове яна нагадала слаўную гісторыю гэтага ўнікальнага праекта.

– Раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» ўпершыню стартаваў у 2007 годзе ў Глыбоцкім раёне, – адзначыла Валянціна Станіславаўна. – І адразу прыцягнуў увагу ўсёй грамадскасці. Уся краіна сачыла за эксклюзіўнымі тэлевізійнымі рэпартажамі. Яркі і займальны праект атрымаў пастаянную прапіску ў рэгіёнах. Штогод ён аб’ядноўвае сотні маладых сем’яў, якія жывуць на сяле. Сёння мы вітаем прыгожых, таленавітых, маладых. Дзякуй вам за выхаванне дзетак, за ваш выбар жыць цікавым, напоўненым яркімі падзеямі жыццём, умела і па-гаспадарску адраджаць традыцыі беларускай вёскі, а самае галоўнае – перадаваць любоў да зямлі і працы сваім дзецям.

З цёплымі прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся і леташнія пераможцы – сям’я Андык, якія ў мінулым годзе годна прадставілі раён на вобласці.

– У тым годзе мы былі ўдзельнікамі, пераможцамі. Паехалі на абласны этап, атрымалі шмат пазітыўных эмоцый, перамогу ў розных намінацыях, памятныя падарункі. Сем’ям хочацца пажадаць цярпення і перамогі мацнейшым, – падзяліліся яны ўспамінамі.

Бітва характараў і спрыту

На пляцоўку выйшлі прадстаўнікі чатырох сельсаветаў: сям’я Жылевіч (Геранёнскі с/с), Яковіч (Суботніцкі с/с), Мацюш (Ліпнішкаўскі с/с) і Багушэвіч (Юрацішкаўскі с/с). Кожная з гэтых сем’яў – гэта маленькі сусвет са сваімі звычаямі, і з першага ж конкурсу «Давайце пазнаёмімся!» гледачы змаглі ўбачыць, наколькі рознымі і адначасова блізкімі па духу з’яўляюцца нашы людзі.

Але сапраўдная відовішчная барацьба разгарнулася падчас практычных этапаў. Арганізатары падрыхтавалі выпрабаванні, якія спрадвеку знаёмы вяскоўцам.

Мужчыны ўзяліся за пілы і калуны. Конкурс «Дрывасек» расставіў усё па сваіх месцах: тут патрэбна была не толькі фізічная сіла, але і дакладнасць вока. Гаспадары імкнуліся распілаваць бервяно роўна і без дэфектаў, а потым хутка і спрытна ператварыць яго ў акуратныя палены. А вось уменне скласці дровы ва ўстойлівы і роўны штабель дэманстравалі ўжо гаспадыні.

Кульмінацыяй мужчынскай часткі стаў конкурс «Сіўка-Бурка». Тут як нельга лепей спатрэбілася прымаўка: «Любіш паганяць – любі і каня запрагаць». Пары на хуткасць запрагалі і распрагалі каня, а журы пільна сачыла за правільнай чарговасцю элементаў збруі. Удзельнікі спяшаліся, але рабілі ўсё па-гаспадарску грунтоўна.

Не абыйшлося і без гумару ды дзіцячага смеху. У конкурсе «Скокі ў мяшку» мамы разам з дзецьмі скакалі да фінішу, выклікаючы шчырую падтрымку гледачоў. А на этапе «Па ваду» гаспадарам давялося згадаць, як продкі насілі ваду на каромысле. Тут ацэньвалася не столькі хуткасць, колькі акуратнасць, каб не расплюхаць ні кроплі і шчодра наліць бочку.

Калі ўсе фізічныя сілы былі амаль вычарпаны, арганізатары нагадалі пра галоўны беларускі прадукт. Уся сям’я павінна была сабраць бульбу ў кошык, а потым… А што ж беларус робіць з бульбы? Вядома ж, дранікі!

Гэта быў самы смачны і самы хвалюючы этап. На вачах у гледачоў і строгага, але справядлівага журы сем’і спрытна таркавалі бульбу, шкварылі на патэльнях румяныя дранікі, даводзячы, што кулінарная справа – таксама мастацтва.

У састаў журы увайшлі: Валянціна Філон, старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня Іўеўскага раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь», старшыня журы, Марыя Бялкоўская, першы сакратар Іўеўскага раённага камітэта ГА “БРСМ”; Вольга Федаровіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама, Інэса Куляшо, старшыня Іўеўскага раённага камітэта прафсаюза працаўнікоў АПК.

Калі апошняя патэльня была знята з агню, журы ўзяло паўзу для падвядзення вынікаў.

Трыумф сям’і Мацюш

У намінацыі «Дрывасек» лепшымі былі прызнаны прадстаўнікі сям’і Мацюш, а ў «Сіўцы-Бурцы» не было роўных сям’і Яковіч. 

У выніку Дыплом трэцяй ступені атрымала сям’я Багушэвіч, другім месцам адзначаны сям’я Жылевіч.А пераможцамі раённага этапу і ўладарамі тытула на 2026 год стала сям’я Мацюш з Ліпнішкоўскага сельсавета! Гаспадар Андрэй Мікалаевіч, гаспадыня Надзея Вячаславаўна і іх дзеці Арцём, Канстанцін і Васіліса атрымалі ганаровае права прадстаўляць Іўеўскі край на абласных спаборніцтвах.

Усе ўдзельнікі без выключэння атрымалі салодкія падарункі ад арганізацыі «Беларускі саюз жанчын».

Пасля абвяшчэння вынікаў шчаслівыя пераможцы падзяліліся сваімі эмоцыямі:

– Вельмі нечакана! Мы рады, што нас наогул выбралі змагацца за званне галоўнага ўладара сяла Іўеўшчыны. Усе выпрабаванні аказаліся простымі, таму што мы людзі з вёскі і робім усё гэта ў паўсядзённым жыцці ледзь не кожны дзень, – сціпла прызналася сям’я Мацюш.

Свята падышло да завяршэння, пакінуўшы пасля сябе сагравальныя сэрцы ўспаміны. А ўдзельнікі раз’ехаліся па сваіх аграгарадках, каб зноў вярнуцца да будзённых клопатаў, якія і дапамаглі ім стаць сапраўднымі ўладарамі.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Ягор Шэмет.
Фота Станіслава Зянкевіча.