Экономика

Галоўны рэдактар «IK»: Дзень беларускага пісьменства – адна з значных падзей нашай краіны і сапраўднае свята роднага слова

Ірына Лысагор, галоўны рэдактар газеты “Іўеўскі край”:

— Дзень беларускага пісьменства – адна з значных падзей нашай краіны і сапраўднае свята роднага слова. Традыцыйна сталіцай Дня беларускага пісьменства, які праводзіцца ў першую нядзелю верасня, становяцца гарады, што з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, свята праходзіла ў старажытным горадзе Полацку, радзіме беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны.

У Дня беларускага пiсьменства ёсць свае традыцыi. Адначасова са святам з’явiлася Рэспублiканская навукова–асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Яшчэ адна падзея, якую заўсёды чакаюць, – тэатралiзаванае шэсце падчас адкрыцця з удзелам вядомых гiстарычных персанажаў. I абавязкова ў гэты дзень з галоўнай сцэны гучыць прывiтанне Прэзiдэнта Аляксандра Лукашэнкі гасцям i ўдзельнiкам свята.

З 2006 па 2014 год на Днi беларускага пiсьменства ўручалi прэмiю Саюза беларускiх пiсьменнiкаў «Залаты Купiдон». У 2015 пры падтрымцы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкi з’явiлася прэстыжная Нацыянальная лiтаратурная прэмiя для аўтараў лепшых твораў у розных жанрах. 21 лютага 2017 года, у Мiжнародны дзень роднай мовы, быў дадзены старт Рэспублiканскаму конкурсу юных чытальнiкаў «Жывая класiка». Яго фiнал таксама праходзіць на свяце пiсьменства.

Цэнтрам свята робiцца Фестываль кнiгi i прэсы, дзе можна пазнаёмiцца з апошнiмi кнiжнымi навiнкамi, атрымаць аўтографы аўтараў, пабачыць цiкавыя выстаўкi. Так будзе і на гэты раз, калі Дзень беларускага пісьменства і друку 6 і 7 верасня будзе сустракаць суседняя Ліда.

Сёлета свята роднага пісьменства прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама 500-годдзю з моманту выхада першай беларускай друкаванай кнігі — «Апостал» Францыска Скарыны. Традыцыйна ў дні ўрачыстасцей увага будзе ўдзелена і юбілеям класікаў беларускай літаратуры. Для Ліды – гэта Валянцін Таўлай — таленавіты паэт, падпольшчык, змагар за вызваленне Заходняй Беларусі ад польскага прыгнёту, а ў гады Вялікай Айчыннай бясстрашны разведчык. 

Падчас Дня пісьменства ў Лідзе таксама пройдзе адкрыццё арт-аб’екта «Верабейкі», натхнёнага аднайменным вершам Валянціна Таўлая. Паэт напісаў свой твор у 7 гадоў аб тым, як цяжка птушкам здабываць сабе ежу зімой, параўнаўшы іх нягоды з людскімі. Настаўніца была настолькі здзіўлена асэнсаванасцю твора, што сказала: «Ты будзеш вядомым паэтам».

Скульптура размесціцца каля яго дома-музея. Ідэя стварэння арт аб’екта належыць Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею, а ўвасабленне — скульптару Рычарду Грушу, які бясплатна перадае гораду сваю працу.

Тут яшчэ варта дадаць, што ў Доме Таўлая амаль пяць гадоў працуе інклюзіўны праект «Перадай дабро па крузе» для людзей з інваліднасцю. Апроч усяго, была выстаўка Васіля Зянько з тактыльнай жывапіснай працай «Верабейкі». Колькі шчаслівых эмоцый яна падарыла! Тады і задумаліся: чаму б не зрабіць так, каб і невідушчыя людзі маглі прачытаць светлыя таўлаеўскія радкі.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews