Культура и творчество

Дзень бібліяграфіі — цікава і карысна

Для  Беларусі  2017 год адметны знамянальнымі падзеямі. Адна з іх — 135-годдзе  з дня нараджэння славутых сыноў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа.

З нагоды юбілеяў паэтаў супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі падрыхтавалі Дзень бібліяграфіі, які прайшоў 11 красавіка. На працягу тыдня на абанеменце дзейнічала кніжная выстава «Душа народа ў творах іх жыве», якая прываблівала карыстальнікаў сваёй арыгінальнасцю і маляўнічым афармленнем. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 9 «А» класа  гімназіі №1 г.Іўе  і іх класны кіраўнік Галіна Браніславаўна Балунда.

У рамках Дня бібліяграфіі была праведзена  гутарка «Песняры зямлі беларускай», паэтычная вандроўка  «На  кожнай сцяжынцы іх песня і голас», у час якой вядучыя эмацыянальна распавядалі аб жыцці і творчасці Я.Купалы і Я.Коласа, адзначылі, што цудоўныя творы геніяльных  майстроў слова сталі  найвялікшым здабыткам нацыі, увайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Пранікнёна гучалі вершы паэтаў у выкананні  бібліятэкараў і гімназістаў.

Вядучыя Т.Л. Козел, Т.П. Дзярэга  прапанавалі прысутным прыняць удзел у гульні-конкурсе «Шляхамі Янкі Купалы і Якуба Коласа», на пытанні якой гімназісты адказвалі вельмі актыўна. Быў зроблены бібліяграфічны агляд літаратуры, прадстаўленай на выставе «Душа народа ў творах іх жыве».

Бібліёграф правяла кансультацыю аб тым, як у электронным і традыцыйным  каталогах  знайсці творы Я. Купалы і Я. Коласа і літаратуру аб іх жыццёвым і творчым шляху. Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства быў прапанаваны буктрэйлер «Якуб Колас. Паэма «Новая зямля».

Дзень бібліяграфіі атрымаўся цікавым і карысным. Гімназістам сталі вядомы цікавыя факты з жыцця беларускіх песняроў. А гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.

Паэты верылі ў шчаслівы лёс Беларусі, і аптымістычна гучалі ў бібліятэцы купалаўскія радкі:

«Не загаснуць зоркі ў небе,

Покі неба будзе,-

Не загіне край забраны,

Покі будуць людзі…

Наша зерне — нашы думкі — 

Не загінуць свету,-

Бліснуць краскай непаблеклай

Вечных агняцветаў.».

Жыве і будзе жыць сонечная песня Купалы і Коласа. Яны вечна будуць жыць у сэрцы нарадзіўшага іх народа.

П. УЛАДЗІН.

Фота С. ЗянкевІча.