Главное

Душа мая — песня! У Геранёнах адбыўся вечар-юбілей, прысвечаны 15-годдзю прысваення звання «народны» ансамблю народнай песні «Даўніна» (+відэа)

Напярэдадні Новага года мы ходзім у госці па настрой і на гэты раз накіраваліся ў аграгарадок Геранёны, каб паслухаць народную песню ў выкананні што ні ёсць самага народнага ансамбля – натуральную ды душэўную.

Ці вы да іх у госці, ці яны да вас — пастараюцца даставіць сапраўднае задавальненне ад сустрэчы з беларускай культурай, шчыра спадзяюцца, што радасць будзе ўзаемнай, а ацэнкай іх творчасці паслужаць апладысменты, якія ўжо гучаць, таму што на сцэну выходзіць народны ансамбль народнай песні “Даўніна” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Геранёны.

Мы тут не проста так, а на юбілеі, прысвечаным 15-годдзю прысваення калектыву ганаровага звання «народны».

Любое мастацтва жыве энтузіястамі, людзьмі шмат у чым гатовымі прынесці сябе ў ахвяру ў імя ідэі, запаліцца самім і запаліць іншых. З чаго ўсё пачыналася? З назвы “Даўніна” ці з канкрэтнага чалавека, які прынёс для ўсіх сваё бачанне народнай культуры?

Сімвалічны пачатак канцэрта з беларускай народнай песні «Добры дзень, людзі» (як першы раз: вось ён я, новы калектыў, прымайце, сустракайце!) і вынасу хлеба-солі гасцям.

А ўсё пачыналася так: у 1992 годзе ў Геранёнскі дом культуры на пасаду хормайстра прыйшла працаваць Ірына Яўгенаўна Лысоўская, якая арганізавала першапачаткова жаночы, а потым фальклорны ансамбль. Нейкі час пайшоў на пошук рэпертуару і назвы.

Але гэты працэс не зацягнуўся, таму што, жывучы на ​​цудоўнай гераненскай зямлі, з павагай і цікавасцю ставішся да людзей, якія не забываюцца на свае карані, да іх выдатнай гісторыі, культуры, адна з галін якой — беларуская народная песня, здольная захаваць багатую спадчыну, каб перадаць яе дзецям.

З першых дзён свайго існавання калектыў дарыў гледачам яркія ўражанні і пазітыўныя эмоцыі, зараджаў энергіяй і аптымізмам. 2006 год стаў знакавым для ансамбля народнай песні: ён атрымаў ганаровую назву «народны аматарскі калектыў».

Юбілейны вечар называўся «Душа мая — песня». І праўда, кампазіцыі з песеннай скарбонкі ансамбля гучалі добрыя, душэўныя: “Ой, у лузе”, “Любіў казачэнька”, “Цячэ вада каламутна”, “Вербанька”, “Луна павісла над ваколіцай”, “Ішоў казак на пабыўку дадому”, “Белым снегам”, “Гаворка беларуская”, “Марыся, бусі дай”, “У зялёную дуброву”, “Эх, доля ты мая”.

Калектыў унікальны тым, што, працягваючы беларускія традыцыі, выконвае народныя песні земляробчага календара і песні на словы мясцовых паэтаў: Алены Карпыза, Алены Смалянічэнка, Алены Скабельцынай. У праграме калектыва прысутнічаюць элементы харэаграфіі (вельмі дзякавалі Ульяне Паўлаўне Мінюк).

Усё ярка, прыгожа і святочна, каб кожны выступ радаваў не толькі слых, але і вока! Яны памяшаныя на музыцы, на народнай песеннай культуры, выкарыстоўваюць у акампанеменце беларускія народныя інструменты. Не бывае сапраўднага народнага ансамбля без народнай музыкі, якая ствараецца спецыяльнымі інструментамі (акампаніятары: Яўген Мікітавіч Пятроў, Валерый Васільевіч Алейнік, Іван Іванавіч Дубянец, Валянціна Іванаўна Дайлідка, Дзмітрый Анатольевіч Дадычын, сення гэта малады спецыяліст – Вераніка Кандрацьева). Асобна трэба сказаць пра яркія касцюмы, якія блішчаць не менш, чым вочы артыстаў, калі яны на сцэне.

Кожны канцэрт — падзея, і да яго рыхтуюцца доўга і старанна. Іх мастацтва — жывое, трапяткое, чыстае, вечнае. Гэта летапіс, які захоўваецца народнай памяццю, у ім уся прыродная прыгажосць Беларусі, чысціня і шчырасць беларускага чалавека.

Кожны знакаміты і сур’ёзны калектыў мае свой куфар «залатога фонду». Такі ёсць і ў віноўніка імпрэзы.

Народны калектыў актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах установы культуры аграгардка Геранёны і Іўеўскага раёну. Ансамбль з выязнымі канцэртамі выступае на сцэнічных пляцоўках у аддаленых вёсках свайго раёну і іншых раёнаў Гродзенскай вобласці. За актыўную творчую дзейнасць ансамбль народнай песні «Даўніна» узнагароджаны Дыпломам першага фестывалю народнай творчасці «Беларусь — мая песня» (1998г.) і Дыпломам раённага агляду фальклору «Жывой крыніцы галасы»(2003г.) — за развіццё і захаванне рэгіянальных традыцый.

Сярод найвышэйшых узнагарод — Падзяка Іўеўскага райвыканкама за прапаганду беларускай народнай песні. З канцэртнай праграмай народны ансамбль народнай песні “Даўніна” выступае на падвор’і Іўеўскага раёна ў час правядзення рэспубліканскага фестывалю Нацыянальных культур у г. Гродна (2010г.). На працягу 15 год ансамбль тройчы пацвердзіў ганаровае найменне «народны» — у 2011, 2017, 2020 гадах.

За гады свайго існавання ансамбль набыў мноства сяброў, і многія з іх прыйшлі ў гэты вечар на юбілей для таго, каб прывітаць і павіншаваць гэты цудоўны калектыў.

Павіншаваць народны ансамбль народнай песні “Даўніна” і разам з ім асобна ўдзельніцу калектыва- сваю матулю Таццяну Макоўскую з юбілеем прыйшла Лізавета Макоўская. У якасці яе падарунка — народны танец.

Словы падзякі выказалі былыя ўдзельнікі народнага ансамбля.

Прыемны сюрпрыз ансамблю паднёс сектар культуры Іўеўскага райвыканкама (загадчык Святлана Вацлаваўна Кішкель): сертыфікат на 4 000 рублёў на набыццё новых касцюмаў.

Галоўны спецыяліст сектара культуры Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Ірына Мечыславаўна Грыневіч у сваім віншаванні адзначыла: «Ансамбль «Даўніна» – гэта фальклорны калектыў са сваімі звычкамі і традыцыямі. На працягу 15 гадоў ён радуе нас сваёй творчасцю, упрыгожвае сваімі выступленнямі канцэрты і святы, падае прыклад яскравага творчага жыцця і дорыць нам добры настрой.

На сцэну з творчымі віншаваннямі выйшлі салістка народнага хору Вольга Аўдзевіч і іншыя артысты Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, народны ансамбль народнай песні “Юрацішкаўскі кірмаш” аддзялення культурна-масавай і асветніцкай работы гарадскога пасёлка Юрацішкі (мастацкі кіраўнік Таццяна Карташэвіч).

Мастацкія кіраўнікі ансамбля – Ірына Лысоўская і Алена Скабельцына.

Алена Георгіеўна — аўтар і аранжыроўшчык песень ансамбля. Пад яе кіраўніцтвам ансамбль у 2020 годзе пацвердзіў найменне «народны».

Ірына Яўгенаўна Лысоўская — заснавальнік ансамбля, вельмі любіць сваю працу і адказна ды яе адносіцца. Яе крэда – унікальнасць і індывідуальнасць.

І кожны з іх унёс часцінку цяпла свайго сэрца ў дзейнасць калектыву.

Выйшаўшы на сцэну, Ірына Яўгенаўна Лысоўская падзякавала гледачам, якія падзялілі з артыстамі радасць свята; калектыву, які перажыў і ўзлёты, і падзенні, які адрадзіўся, як птушка Фенікс; бацьку, які навучыў вакальным спевам; кампазітару Фінбергу за мудрыя парады; тым людзям, што ў ансамблі з самага першага дня, самым верным, такім, як Зоя Старасціна; Алене Георгіеўне Скабельцынай за тое, што калектыў працягвае выступаць; аўтарам песень, у прыватнасці Алене Іванаўне Смалянічэнка, Яўгену Карпуцю за іх бескарыслівую працу; Рыгору Лавышу за навучанне прамудрасцям вакалу. Таксама яна пажадала «сваім дзяўчынкам» моцнай сям’і і здароўя, без чаго не спяваецца.

Сёння ансамбль «Даўніна»- гэта новыя магчымасці і пастаяннае нарошчванне аўдыторыі. Узрост удзельнікаў калектыву — ад 21 да 70 год. Народны ансамбль заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку. Створаныя канцэртныя праграмы: “Вітаем вас, суседзі”, “Спявай, душа”, “Геранёнскі гасцінец”, “Мелодыі кахання”, “Ганаруся я сваёй краінай”, “Душа мая – песня”. Рыхтуецца новая канцэртная праграма «Вянок славянскіх песень».

Дык у чым жа феномен ансамбля «Даўніна»?  Гэта адна вялікая творчая сям’я, дзе раскрываецца і зіхаціць талентам кожны. Гэта сапраўдная майстэрня па захаванні і вывучэнні беларускага песеннага фальклору ў яго найлепшых традыцыях.

Гучаў гармонік, лілася песня, выбухала ўдзячнымі апладысментамі зала. А мы, гледачы, адчувалі сапраўдную творчую радасць.

На працягу мерапрыемства ішла дэманстрацыя слайд-шоў (архіўныя фотаздымкі ансамбля). Працавалі выстаўка творчых заслуг ансамбля і выстаўка музычных інструментаў і вырабаў з саломы сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны.

Ірына Халява

Фота Станіслава Зянкевіча