0
Актуальное Жизнь Культура и творчество

«Дом з Марамі» прывёз у Іўе батлейку, фокусы і ўрокі дабрыні па-беларуску

Яшчэ здалёк, падыходзячы да Іўеўскага музея нацыянальных культур, немагчыма не спыніць позірк на новым арт-аб’екце. Сцяна будынка нібы ажыла – на ёй расквітнеў дзівосны мурал, які ўвабраў у сябе ўсю шматграннасць і духоўнае багацце нашага горада. А побач, над уваходам, з’явілася стыльная шыльда «Музей», якая адразу здымае ўсе пытанні ў падарожнікаў: яны дакладна на правільным шляху.

Менавіта ў сценах гэтага будынка 14 красавіка адбывалася сапраўднае чараўніцтва, не менш яркае, чым вонкавае аздабленне. Сюды з місіяй падарыць сапраўдныя, шчырыя эмоцыі завітаў калектыў «Дом з Марамі». І яны не проста прывезлі батлейку – яны прывезлі цэлы сусвет, дзе казка ператвараецца ў рэальнасць, а рэальнасць вучыць чамусьці важнаму.

Перш чым загучалі першыя рэплікі лялек, гасцей вітаў фокуснік. Ад яго рухаў позіркі дзяцей загараліся цікаўнасцю і чаканнем цуду, ствараючы тую непаўторную атмасферу, калі нават дарослыя забываюць пра клопаты.

А потым пачалася батлейка. І не проста спектакль, а жывая, інтэрактыўная гульня, дзе маленькія гледачы сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі дзеяння. Першая гісторыя – добра вядомая «Пра Коціка, Пеўніка і Лісіцу».

— Дзеткі, а ці варта пускаць хітрую лісіцу, калі коцік пайшоў па дровы? — звярталіся да залы апавядальнікі.

Дружны хор дзіцячых галасоў, якія папярэджваюць пра небяспеку і просяць пеўніка схавацца, стаў лепшым доказам таго, што мараль засвоена. Пасля кожнай пастаноўкі вядучыя не спяшаліся зачыняць заслону. Яны шчыра размаўлялі з дзецьмі: чаму вучыць казка? Чаму нельга адчыняць дзверы незнаёмцам? Чаму трэба слухацца старэйшых? І, што вельмі каштоўна, гэтыя простыя, але вечныя ісціны гучалі на роднай, мілагучнай беларускай мове.

Не менш захапляльнай была і гісторыя пра «Дыпламаванага Барана» — казка, якая праз смех і алегорыю вучыць глядзець у корань рэчаў. Але сапраўдным сюрпрызам для іўеўскай публікі стала трэцяя гісторыя. Яна распавядала пра аднаго дзіўнага Графа, «Халоднага чалавека», якому ўвесь год было сцюдзёна. Ён шукаў цяпло ў дарагіх каўдрах, у экзатычных паўднёвых краінах, у гарачым пяску, але нідзе не знаходзіў выратавання ад унутранага холаду. І толькі дабраўшыся да нашага Іўеўскага музея нацыянальных культур, да гэтай утульнай залы, напоўненай дзіцячым смехам і голасам чароўных лялек, Граф зразумеў самую галоўную праўду: сагрэцца можна толькі цяплом іншага чалавека, шчырай усмешкай і адкрытай душой.

Сам мурал, які цяпер упрыгожвае будынак, таксама быў створаны невыпадкова. Як падзялілася дырэктар музея Алена Віктарава, у гэтую працу была ўкладзена душа, і яна не проста малюнак:

— У гэтых архітэктурных вобразах закладзена нешта большае. Яны сімвалізуюць кожную пару года разам з рэлігійным будынкам, знакамі той ці іншай веры. Усё гэта — адлюстраванне нашай поліканфесійнай, багатай гісторыі. А нанесла малюнак каманда ТАКТАК — гэта вельмі вопытныя мастакі, якія працуюць у розных стылях. І, заўважце, цяпер ніводны турыст не заблукае, бо таблічка «Музей» відаць здалёк.

Арганізатары з «Дома з Марамі» перакананы: пазнаёміцца з сапраўдным чараўніком і паразважаць пра сучаснасць беларускай батлейкі можна ў любым узросце — ад +3 да бясконцасці. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Бо пакуль гучаць такія казкі, пакуль дзеці на беларускай мове вучацца адрозніваць дабро ад зла і «грэюць» адзін аднаго ўвагай, наш іўеўскі край будзе мець не толькі яскравы мурал на сцяне, але і светлую будучыню.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Ягор Шэмет.
Фота Станіслава Зянкевіча.