Апошні ў адыходзячым 2015 годзе Дзень падпісчыка адбыўся ў адзяленні паштовай сувязі аграгарадка Трабы. Ён аказаўся цікавы на новыя знаёмствы з чытачамі, а таксама — на іх шчырасць, адкрытасць і добразычлівасць.

Аказалася, у трабскім рэгіёне падпісчыкамі «Іўеўскага краю» з’яўляецца больш за 300 чалавек. Гэта кожны пяты жыхар сельсавета.
— Гэта вялікая рэдкасць, каб дарослы працаздольны жыхар нашага краю не выпісаў «Іўеўскі край», — расказвае паштальён Вера Мікалаеўна Мінгіновіч. — Нашу «раёнку» любяць і паважаюць. А як жа інакш? Адкуль мы можам даведацца пра ўсе падзеі, якія адбываюцца на Іўеўшчыне? Толькі ў «Іўеўскім краі». Акрамя таго, у газеце вельмі многа цікавых матэрыялаў на самыя розныя тэмы.
Гутарку працягвае Алена Уладзіміраўна Кузьміцкая, якая разам з мужам Анатолем Уладзіміравічам выпісвае раённую газету больш трыццаці гадоў.
— Кожную сераду і суботу мы з нецярпеннем чакаем паштальёна, — гаворыць жанчына. — Таму што вельмі хочаццца даведацца аб тым, што адбываецца ў раёне, прачытаць цікавы нарыс пра заслужаных людзей, ветэранаў працы, сваіх землякоў.
Матэрыялы аб развіцці сістэмы адукацыі Іўеўшчыны, жыцці навучальных устаноў раёна, аб педагагічных работніках, ветэранах адукацыі заўсёды з вялікім задавальненнем чытае Ядзвіга Казіміраўна Смушко, педагог-ветэран працы. Гаворыць, што чытае газету ад пачатку і да канца. Таму што з «раёнкі» можна даведацца і аб падзеях, якія адбываюцца ў рэспубліцы, вобласці.
Добрыя водгукі пра «Іўеўскі край» мы пачулі ад вялікай колькасці нашых чытачоў, за што мы вельмі ўдзячны ўсім і кожнаму асабіста. Усіх, хто аформіў падпіску на «раёнку» ў гэты дзень, мы аддзячылі невялікімі прызамі. А падпісчыкі, якія выпісалі некалькі рэспубліканскіх выданняў, атрымалі яшчэ і заахвочванне ад Іўеўскага участка Лідскага вузла паштовая сувязі. Іх уручыла Марына Дзмітрыеўна Власава.
Вядома, вялікая заслуга ў тым, што наша газета трапляе да чытачоў, належыць паштальёнам. Сёння ў асобах трабскіх паштальёнаў Алены Мечыславаўны Рыбалоўскай, Ліліі Канстанцінаўны Бычко, Веры Мікалаеўны Мінгіновіч і іх загадчыка Андрэя Нікадзімавіча Ломаша мы дзякуем усіх паштавікоў раёна за правядзенне падпісной кампаніі на «Іўеўскі край», за тое, што яны сваім уменнем пераканаць прывабліваюць новых чытачаў, і ўрэшце рэшт, за стараннасць і працалюбства. Бо прафесія, на самой справе, вельмі няпростая, патрабуючая шмат фізічных і душэўных сіл.
Прыемна адзначыць, што, нягледзячы на век высокіх тэхналогій і штодзённае павелічэнне карыстальнікаў Інтэрнэту, гарадское і сельскае насельніцтва застаецца верным сваім традыцыям і працягвае актыўна падпісвацца на наша выданне. Бо няма нічога прыемней чым, вярнуўшыся дадому з працы, размясціўшыся на ўтульнай канапе, у цішыні і спакоі прачытаць любімую газету. Мы спадзяёмся, што гэта «раёнка».
У Новым 2016 годзе мы, супрацоўнікі рэдакцыі газеты «Іўеўскі край», па-ранейшаму будзем стараццца зрабіць выданне яшчэ больш цікавым. Вядома, будуць новыя рубрыкі, новыя тэмы, новыя матэрыялы. Мы запрашаем да дыялогу вас, шаноўныя чытачы!
Чакаем ад вас канструктыўных прапаноў. Гэта можна зрабіць, набраўшы любы рэдакцыйны нумар тэлефону.




Дзень навагодні шлях новы адкрые.
Што пажадаць вам, сябры дарагія?
Мірнага сонца, яснага неба, плёну ў рабоце, смачнага хлеба.
Добрых памкненняў, думак, здзяйсненняў, песень харошых, светлых імгненняў,
Радасных вестак, добрых нявестак, здатных зяцёў і харошых дзяцей.
Усмешкай дзіцячай усё азарыцца, хай жа жыццё яркай зоркай іскрыцца!
І. БУТУРЛЯ.
С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).






