Вялікае ўрачыстае і змястоўнае мерапрыемства з нагоды адкрыцця кутка баявой славы прайшло ў Бобравіцкім дз/с-СШ напярэдадні юбілейнай даты — 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Папярэднічала гэтаму карпатлівая пошукавая і даследчая работа педагагічнага і навучэнскага калектываў. Куток баявой славы размясціўся на другім паверсе будынка школы, і ўсе жадаючыя маюць магчымасць свабоднага доступу да яго.

— Створаны куток баявой славы выклікае асаблівыя пачуцці не толькі ў дзяцей, але і ў нас, дарослых, прымушае яшчэ раз задумацца аб тых далёкіх 1941-1945 гадах, — расказвае дырэктар навучальнай установы Алена Зянонаўна Казлоўская. — Кожны перапынак вучні прыходзяць аглядаць экспазіцыі кутка. Убачыўшы сапраўдныя прадметы тых цяжкіх ваенных дзён, яны не проста глядзяць, яны думаюць, разважаюць, абмяркоўваюць гэтыя неацэнныя рэліквіі і вельмі хочуць наведаць месцы баявой славы, убачыць на свае вочы месцы былых бітваў. Урокі гісторыі, якія тычацца часоў Вялікай Айчыннай вайны, цяпер будуць праходзіць больш жыва і паказальна.

І на самой справе, аглядаючы асабістыя рэчы савецкіх салдатаў і фотаздымкі тых гадоў, раскладзеныя клапатліва на паліцах, акунаешся ў нешта вялікае і трагічнае. Пачынаеш па-іншаму глядзець на дзень сённяшні, які падораны нам тымі, хто склаў галаву сваю на палях бітваў, у імя свабоднага жыцця новых пакаленняў…

Чырвоную стужку з нагоды адкрыцця кутка баявой славы перарэзалі дырэктар Бобравіцкага дз/с-СШ А. Казлоўская, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце філіяла «Азот Агра» І. Куляшо, настаяцель храма Мікалая Цудатворцы г. п. Юрацішкі Сергій Казачок.
Мерапрыемства працягвалася падрабязным расповядам аб сабраным матэрыяле музейнага кутка. Эмацыянальную напоўненасць гістарычным звесткам стваралі вершы і песні ў выкананні таленавітых навучэнцаў школы, а таксама ўспаміны нашчадкаў землякоў-франтавікоў і тых, каму давялося ў дзіцячым узросце зведаць усе жахі ваеннага ліхалецця (на жаль, ветэранаў на тэрыторыі сельсавета ўжо не засталося). Да іх ліку належыць і Людміла Васільеўна Васілінчык, якая нарадзілася ў 1941 годзе ў Смаленскай вобласці. Яе бацька пайшоў ваяваць, нават не бачыўшы дачку. Немцы занялі горад. І сям’я з трыма сваімі і двумя братавымі дзецьмі была вымушана шукаць сабе прытулак. Так трапілі ў беларускі горад Орша. Жылі ў вёсцы ў сям’і, якая стала для іх роднай. Людміла Васільеўна ўспамінае, што нават пасля заканчэння вайны яны яшчэ гадоў восем жылі ў Беларусі, а затым вярнуліся на радзіму. Нялёгкія гэта былі гады, было, як кажуць, і холадна, і голадна. Збіралі па полі мёрзлую бульбу, елі суп з лебяды.
Лёс распарадзіўся такім чынам, што Людміла Васільеўна зноў аказалася ў Беларусі. На гэты раз — з добрай нагоды. Яна паехала па камсамольскай пуцёўцы ў Казахстан, там сустрэла свайго будучага мужа-беларуса.
Дачка франтавіка Міхаіла Сямёнавіча Кудрашова Вольга Міхайлаўна передала ў куток баявой славы ўзнагароды свайго бацькі, якія ён атрымаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта медалі «За баявыя заслугі», «За Перамогу над фашысцкай Германіяй», два ордэны Чырвонай Зоркі, два ордэны Вялікай Айчыннай вайны.

Па ўспамінах бацькі, ён, калі пачалася вайна, навучаўся ў Маскоўскім ваенна-інжынерным вучылішчы. Аднак скончыць яго не ўдалося. У 1943 годзе быў прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі. Ваяваў на ІІІ Беларускім фронце ў інжынерных войсках. Вызваляў Кёнігсберг.

Прысутныя на мерапрыемстве змаглі праслухаць унікальны аўдыёзапіс успамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога дырэктара школы Уладзіміра Вікенцьевіча Утко, якія вучні школы зрабілі некалькі гадоў назад. Ён расказвае, які ўклад ён асабіста ўнёс у пераможную вясну 1945 года. Ваяваў на Усходнім фронце. Баі былі вельмі цяжкія, стратныя для нашай арміі. Загінула вельмі шмат аднапалчан.
У выступленнях вучняў прагучалі кароткія франтавыя біяграфіі землякоў, якія прымалі ўдзел у Вялі-кай Айчыннай вайне, — Станіслава Васільевіча Вайні-ловіча, Уладзіміра Аляксеевіча Дубянецкага, Мікалая Дзмітрыевіча Савінава, Станіслава Станіслававіча Гіля, Фёдара Іосіфавіча Рыбачонка. Усяго франтамі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі 48 жыхароў Лаздунскага сельсавета. Здымкі некаторых з іх займаюць цэлы раздзел кутка баявой славы. Побач — іх узнагароды, пісьмы з фронту, фотаздымкі з баявымі таварышамі…

Увогуле, куток баявой славы дае магчымасць даведацца аб тым, як праходзілі баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі, як наша Радзіма была вызвалена, як ушаноўваецца памяць аб загінуўшых на тэрыторыі Іўеўшчыны савецкіх воінах, партызанах, мірных жыхарах, пацярпелых ад наступстваў фашыстаў.

Дырэктар А. Казлоўская запэўніла, што работы па папаўненні экспазіцый кутка баявой славы новымі экспанатамі і звесткамі будуць прадаўжацца. Затрачаныя сілы і сродкі — гэты бясцэнны ўклад у душы маладога пакалення, які ў далейшым абавязкова адаб’ецца на іх ваенна-патрыятычным выхаванні, павазе і любові да Радзімы і станоўча паўплывае на духоўнае развіццё .
І. БУТУРЛЯ.
С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).






