Культура и творчество

Да 500-годдзя беларускага Кнігадрукавання: Вялікі сын зямлі беларускай

У Беларусі 2017 год аб’яўлены Годам навукі, а яшчэ ён праходзіць пад знакам Францыска Скарыны. Ураджэнец старажытнага Полацка, выдатны філосаф, асветнік, гуманіст, пісьменнік, вучоны эпохі Адраджэння Францыск Скарына ўвайшоў у гісторыю як «бацька» беларускага кнігавыдання: менавіта ён у 1517 годзе ўпершыню выдаў Біблію на старабеларускай мове для «людзей паспалітых да добрага навучання». Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў.

У нашай рэспубліцы 500-годдзе беларускага кнігадрукавання будзе шырока адзначацца 3 верасня ў Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе ў горадзе Полацку, дзе нарадзіўся Францыск Скарына.

Памяць Францыска Скарыны, імя якога стаіць у адным шэрагу з такімі выдатнымі дзеячамі сусветнай культуры эпохі Адраджэння, як Леанарда да Вінчы, Рафаэль і Ян Амос Каменскі, ўвекавечана ў назвах вуліц многіх беларускіх гарадоў, ўніверсітэта ў Гомелі, а таксама помніках, адным з якіх з’яўляецца бронзавая скульптура першадрукара ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У краіне заснаваны дзяржаўныя ўзнагароды — ордэн і медаль Францыска Скарыны, якія ўручаюцца за ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны народа; асаблівыя заслугі ў гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасці, поспехі ў нацыянальна-дзяржаўным адраджэнні.

Сёння спадчына Францыска Скарыны налічвае 520 кніг, многія з якіх знаходзяцца ў Расіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі. Усяго ж выданнямі беларускага першадрукара валодаюць каля 50 краін, у тым ліку і яго радзіма — Беларусь — 28 экзэмпляраў.

У гэтым годзе, прысвечанаму 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, краіна вярнула ўнікальны помнік нацыянальнай культуры — «Малую падарожную кніжку», якая лічыцца першай кнігай, выдадзенай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Сярод галоўных падзей 2017 года — прэзентацыя 20-томнага факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», прызёра Гран-пры конкурсу «Мастацтва кнігі», маштабная выстава «Францыск Скарына і яго эпоха», міжнародны тэлепраект «Францыск Скарына на мовах народаў свету» і дакументальны фільм «Першадрук», які пакажуць у рамках Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

У бібліятэках ДУК «Іўеўская раённая бібліятэка» будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя знамянальнай даце. Гэта і урок ведаў «Ад папіруса да друкаванай кнігі» аг. Лаздуны, і урок-апавяданне «Асветнікі зямлі беларускай» аг.Ліпнішкі, і слайд-вандроўка «Францыск Скарына: што, дзе, калі?» г.п.Юрацішкі, і інфармацыйная гадзіна «Францыск Скарына — сын зямлі беларускай» аг. Трабы, і інфармацыйная гадзіна «Тытан усходнеславянскага кнігадруку» аг.Геранёны, і круглы стол «Францыск Скарына: беларускае кнігадрукаванне праз прызму часу» г. Іўе, і гістарычна-пазнавальная віктарына «Невядомыя-вядомыя першадрукары» аг.Ліпнішкі. На ўсіх мерапрыемствах будуць дзейнічаць кніжныя выставы, дзе будзе прадстаўлена літаратура пра жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны.

П. Падбярэзная.