Пра паслугу «Разумны дом» ад кампаніі «Белтэлекам», даступную цяпер і iўяўчанам, коратка, па-сутнасці раённая газета ўжо пісала. Аднак жаданне жыхароў Iўеўшчыны дасканала разабрацца ва ўсіх дэталях тэхнічнай навінкі засталося. Унікнуць, для чаго і навошта «Белтэлекам» спрабуе зрабіць нашы дамы і кватэры хоць крыху разумнымі, дапамог начальнік Iўеўскага вузла электрасувязі Аляксандр Лавор.
— Аляксандр Iванавiч, з’яўленне паслугі «Разумны дом» дыктуе сучасны свет?
— Давайце паразважаем. Чалавек усёй сваёй сутнасцю імкнецца стварыць вакол сябе камфорт. Сёння рэдкая гаспадыня мые бялізну ці аддзенне рукамі — з гэтым спраўляецца яе памочніца — пральная машына. На кухні мультыварка сама смажыць-варыць, яшчэ і падагравае прыгатаваную страву. Гаспадар каля тэлевізара адчувае сябе царскай асобай: націснуў на пульце пару кнопачак — і вось табе любімы футбол, а калі падключыў інтэрактыўнае тэлебачанне, дарэчы, таксама паслугу «Белтэлекам», дык яшчэ і ўчарашні матч паглядзеў. І ўсё гэта не ўстаючы з месца. Заўважце, размова ідзе пра бытавыя зручнасці, якія аблягчаюць нам жыццё, а паслуга «Разумны дом», акрамя спрашчэння некаторых хатніх зручнасцяў, яшчэ клапоціцца і пра бяспеку жылля, адпаведна, пра наш душэўны спакой.
— Якім чынам ажыццяўляецца бяспека дома?
— Пры падключэнні паслугі абанент атрымлівае ў карыстанне кантролер, які ўмее выходзіць у інтэрнэт і акумулюе працу ўсіх сэнсараў, а таксама тры датчыкі: задымленасці, руху і адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў. Датчыкі адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў выглядаюць, як пластыкавыя брусочкі, устаноўка якіх спрашчаецца тым, што яны намагнічваюцца, і іх можна проста павесіць на металічную частку аконнай рамы або дзвярэй. Прынцып работы датчыка яшчэ прасцей, чым устаноўка. Калі хтосьці адкрыў дзверы або акно, дзве паловы сэнсара разамкнуліся, зачыніў — зноў злучыліся. Кожнае дзеянне фіксуецца, а інфармацыя аб ім перадаецца абаненту. Датчык дыму, як зразумела, улоўлівае задымленне. Адпаведна, устанаўліваць яго варта ў месцы з павышанай рызыкай узгарання чаго-небудзь. На мой погляд, максімальная карысць ад яго на кухні або ў памяшканнi, дзе знаходзяцца пастаянна працуючыя электрапрыборы. Апошні датчык з базавага набору ўмее адсочваць рух. Як жартуюць часта ў нашым прыярытэтна мужчынскім калектыве вузла сувязі, «калі ў вашу адсутнасць дадому пракралася цешча, вы даведаецеся пра гэта першым». Датчык руху зафіксуе ўсе перамяшчэнні нечаканага госця. Зноў-такі, замацаваць датчык даволі проста, ён мае магнітнае «пуза» і асобную магнітную падкладку. Прымацавалі да дзвярнога вушака, а следам пад патрэбным вуглом прыляпілі сэнсар — і усё пад кантролем.

— Вы расказалі толькі пра асноўныя датчыкі, але некаторыя абаненты, з якімі даводзіцца сустракацца, лічаць, што не менш цікавыя прылады — гэта відэакамера і разумная разетка, якія не ўваходзяць у базавы камплект.
— Так, у «Разумнага дома» ёсць дадатковае абсталяванне. Па неабходнасці, абанент можа атрымаць пажаданую колькасць дадатковых датчыкаў задымленасці, руху і адкрыцця дзвярэй/вокнаў, а таксама іншыя прылады: відэакамеру, сірэну, разумную разетку, датчыкі тэмпературы і вільготнасці, датчыкі працёку вады. Што чалавека больш хвалюе, напрыклад, працёк пральнай машыны, небяспечнае парушэнне работы электрапрыбораў, кантроль пры дапамозе відэакамеры за непаўналетнім дзіцём, якое прыйшло са школы, такія дадатковыя датчыкі ён і ўстанаўлівае. Плануецца ў бліжэйшым часе прадстаўляць у карыстанне такія жыццянеабходныя датчыкі, якія будуць паведамляць аб прывышэнні нормы угарнага газа, прысутнасці ў паветры газа прыроднага ці звадкаванага газа.
— На якіх умовах можна заказаць дадатковы камплект?
— Калі абанент заключыў дагавор на базавы камплект «Разумнага дома», а гэта кантролер і тры датчыкі: задымленасці, руху і адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў, ён мае права заказаць любыя дадатковыя прылады. За карыстанне базавым камплектам налічваецца штомесячная абаненцкая плата. Да яе дадаецца плата за кожную адзінку дадатковага пакета.
— Аляксандр Iванавiч, якім чынам абанент атрымлівае інфармацыю з датчыкаў?
— На ўласны мабільны тэлефон або планшэт з аперацыйнай сістэмай Android (версія 4.2.2 або больш познія версіі) або iOS, падключаны да сеткі Інтэрнэт ад любога аператара. Дарэчы, абанент можа не проста атрымліваць інфармацыю з датчыкаў, але і наладзіць сцэнарый падзей пад свае індывідуальныя патрэбы. Напрыклад: пры спрацоўванні датчыка руху актывізуецца запіс камеры назірання; пры з’яўленні задымленасці спрацуе сірэна; пры павышэнні тэмпературы ў памяшканні вышэй зададзенага парога можна запраграмаваць адключэнне разеткі і многае іншае. Пры запуску сцэнарыя ёсць магчымасць адправіць СМС з паведамленнем пра запуск сцэнарыя (не заўсёды будзеш у Інтэрнэце, а тэлефон заўсёды з табою). Ведаю нават гаспадыню, якая ў разумную разетку ўключыла электрачайнік, а па сцэнарыю прапісала, што пры адкрыцці ўваходных дзвярэй павінна ўключыцца разумная разетка. Так, пакуль гаспадыня, прыйшоўшы дадому, распранецца і памые рукі, у яе ўжо вада ў чайніку закіпае.
— Ці дапамогуць спецыялісты Iўеўскага вузла электрасувязі будучым абанентам разабрацца, правільна падключыць, наладзіць паслугу «Разумны дом»?
— Абавязкова. Спецыялісты сэрвiснага цэнтра “Белтэлекам” любому, хто зацікавіцца «Разумным домам», растлумачаць усе нюансы паслугі, сарыентуюць у дадатковых прыладах, пратэстуюць мабільнае ўстройства або планшэт на падтрымку спецыяльнай праграмы, пакажуць наглядна датчыкі (на вузле электрасувязі створаны адпаведны стэнд). Кантактныя тэлефоны: спецыялістаў 6-02-19, тэхнічнай падтрымкі 123 (кругласутачна, званок у сетцы «Белтэлекам» бясплатны).
Дадаткова пра паслугу можна даведацца на сайце www.beltelecom.by






